Героі саг пра Торвальда: Стэўнір і Бранд у Беларусі

viking-warrior-symbols-wallpaper-2

Аднымі з герояў саг пра Торвальда Вандроўніка з’яўляюцца Стэўнір Торкільсан, які разам з ім прыбыў у Полацк, і Бранд Вандроўнік, які прыбыў у Полацк ужо пасля смерці Торвальда.

Згадваюцца яны і ў сучасным міфе пра Торвальда аўтарства Андрэя Катлярчука. У прыватнасці, ён згадвае, што «у 986 годзе Торвальд прыбывае ў Полацак разам з памочнікам Стэўнірам Таргельсанам». А «праз 50 гадоў (пасля смерці Торвальда – М.Г.), каля 1050 году, Полацак адведаў вікінг Бранд. Ён прыйшоў да магілы Торвальда ў полацкі кляштар, што насіў ягонае імя. Па сьведчаньню Бранда тагачасныя палачане ўважалі Торвальда “сваім вялікім сьвятым”», — піша Андей Катлярчук.

Разгледзім падрабязней біяграфіі Стэўніра і Брандо, каб паглядзець, наколькі адпавядае прапанаваная датыроўка наяўных крыніцах.

Стэўнір згадваецца разам з Торвальдам у двух крыніцах — у «Сазе аб хрышчэнні Ісландыі» і ў «Пасме пра Стэўніра сыне Торгільса».

Паводле першай, Стэўнір, як і Торвальд, быў ісландцам. Разам з Олавам Тругвасанам ён прыбыў у Нарвегію, а адтуль «у першае лета пасля свайго (Олава — М.Р.) вяртання ў Нарвегію» быў пасланы ў Ісландыю прапаведаваць хрысціянства. На востраве ён прабыў год: яго спробы звярнуць родзічаў і землякоў праваліліся, сам ён быў абвінавачаны паганцамі ў блюзнерстве і наступным летам зноў адбыў у Нарвегію да караля Олава, які яго добра прыняў.

Паколькі Олаў вярнуўся ў Нарвегію ў 995 годзе, значыць, і Стэўнір толькі ў 995 годзе прыбыў у Ісландыю, а сплыў адтуль у 996 годзе. Пра якое-небудзь яго падарожжа ў Полацк за дзесяць гадоў да таго не паведамляецца. У 1000 годзе Ісландыя прыняла хрысціянства. Але ў тым жа годзе памёр і апякун Стэўніра — кароль Олаў, які прапаў у бітве 10 верасня.

«Торвальд Вандроўнік і Стэўнір Торгільсан сустрэліся пасля знікнення конунга Олава. Яны разам вандравалі па свеце, даехалі да Ерусаліма, а адтуль паехалі ў Міклагард (Канстантынопаль — М.Г.), а потым у Кэнугард (Кіеў — М.Р.), што ляжыць на ўсходзе за Дняпром», — гаворыцца ў «Сазе аб хрышчэнні Ісландыі». І толькі пасля гэтага ў ёй згадваецца Полацк.

Разам з тым «Пасма пра Стэўніра» адзначае, што Торвальд і Стэўнір ўжо сустракаліся раней. Згодна з ёй, Стэўнір у маладосці сплыў ў Данію, дзе прыняў хрысціянства, «стаў паважаным чалавекам», а затым «далучыўся да Торвальда сыну Кодрана і падарожнічаў з ім па ўсім свеце, знаёмячыся са святымі месцамі і норавамі магутных людзей». Пасля гэтага ён вярнуўся ў Паўночныя краіны, далучыўся да Олава Тругвасана і вярнуўся з ім у Нарвегію.

Такім чынам, «Пасма пра Стэўніра» дае новыя звядзенне пра Торвальда. У прыватнасці, пра тое, што ён актыўна падарожнічаў ужо пасля свайго ад’езду з Ісландыі ў 985 (986) годзе і да таго, як Стэўнір у 995 годзе вярнуўся ў Нарвегію (хутчэй за ўсё, Стэўнір сустрэўся з Олавам ужо ў 994 годзе, бо ў Нарвегію яны прыбылі ў лютым 995 года). Разам з тым канкрэтныя зямлі, па якіх яны падарожнічалі, не згадваюцца.

Не варта забываць і пра тое, што Торвальд пасля ўцёкаў з Ісландыі прыбыў у Нарвегію і «да часу стаў ездзіць у гандлёвыя паездкі». У гэты ж час ён таксама мог сустрэцца з Олава Тругвасанам у землях палабскіх славян.

«Пасма аб Стэўніре» таксама згадвае, што Олаў пасля вяртання няўдалай спробы Стэўніра прапаведаваць на сваёй радзіме адправіў яго ў зямлю вендаў — славянскія землі на беразе Балтыйскага мора. Менавіта тут ён даведаўся аб гібелі 10 верасня 1000 года свайго караля.

«Стэўнір вельмі засмуціўся, як і іншыя блізкія сябры конунга. Гэты аповяд засмуціў усіх людзей, якія вельмі доўга жылі ў конунга Олава ў вельмі вялікі міласці. Пасля гібелі конунга Олава Стэўніру перасталк падабацца ў Нарвегіі. Тады ён вырашыў здзейсніць падарожжа ў Рым і адправіўся на поўдзень», — гаворыцца ў «Пасмы».

Тут варта адзначыць, што новы кіраўнік Нарвегіі Эрык Хакансан падчас кіравання Олава вымушаны быў хавацца ад яго. Больш за тое, Эрык хоць і быў фармальна хрысціянінам, але ў яго праўленне «хрысціянства жахліва пацярпела, так што па ўсім Оплане і ў Тронхейме ўсё было паганскае». Так, што Стэўнір мог пакінуць Нарвегію, баючыся за сваё жыццё з-за рэлігійнага і палітычнага пераследу.

Магчыма, у гэтым сваім падарожжы на поўдзень ён і сустрэў зноў Торвальд, як пра гэта піша «Сага аб хрышчэнні Ісландыі», які, на думку Сяргей Горбіка, у гэты час мог служыць у варажскай гвардыі візантыйскага імператара. Хоць «Пасма» Торвальд больш не згадвае, але версію Сагі ўскосна пацвярджае. Так, згодна з Сагай, Торвальд і Стэўнір накіраваліся разам у Ерусалім, затым у Канстанцінопаль, Кіеў і Полацк, адкуль Стэўнір паплыў у Данію. «Пасма» ж абвяшчае, што Стэўнір вяртаўся ў Данію з поўдня — хутчэй за ўсё, па шляху з варагаў у грэкі, які пралягаў праз Полацк. Па версіі Сяргея Горбіка, у падарожжы на поўнач яны шукалі новых добраахвотнікаў у варажскую дружыну імператара.

Адзначым таксама, што варажская дружына ў 987-989 гадах ўдзельнічала ў падаўленні паўстання Варда Фокі ў Сірыі і Малой Азіі. Ваявалі яны ў Сірыі і ў 999 годзе, а ў 1000-м ўдзельнічалі ў сутыкненні з людзьмі абхазскага цара Баграта. Магчыма, Торвальд удзельнічаў у гэтых бітвах, чым тлумачыцца яго актыўнае падарожжа па Візантыйскай імперыі і любоў да яго біскупаў і абатаў «па ўсім Грыкландзе і Сюрландзе» (Візантыі і Сірыі).

У сувязі з усім вышэй пералічаным у 986 годзе трапіць у Полацк і застацца там жыць Торвальду (а з ім і Стэўніру) было вельмі праблематычна. А вось пасля 1000 года такое падарожжа наадварот цалкам магчымае. У той час як Торвальд, ахвяраваўшы свае грошы на манастыр Яна Хрысціцеля, памёр і быў пахаваны паблізу Полацка, Стэўнір прыбыў у Данію, дзе быў забіты ярлам Сігвальдам за складзеную пра яго вісу. Лічыцца, што Сігвальд загінуў да 1009/1010 года, бо ў гэты час яго брат накіраваўся ў паход у Англію, каб адпомсціць за яго смерць. Значыць, і Стэўнір загінуў не пазней за 1009 год.

Такім чынам, сагі не адмаўляюць, што паміж 985 (986) і 994 гадамі Торвальд і Стэўнір маглі прыбыць у Полацк. Але, мяркуючы па ўсім, калі яны там і былі, то ненадоўга, бо пасля 1000 года зноў накіраваліся туды. І гэты раз для Торвальда стаў апошнім. Хутчэй за ўсё, у Полацк яны маглі патрапіць не раней за 1002 год. Таксама ў сагах не згадваецца, каб Стэўнір быў памочнікам Торвальда — толькі яго спадарожнікам. Таксама няма ніякіх згадак пра тое, што хто-небудзь з іх быў святаром або манахам, чаго не скажаш, напрыклад, пра германца Тангбранда, які ўдзельнічаў у хрысціянізацыі Ісландыі пасля іх.

Што ж тычыцца Бранд Вандроўніка, то тут наогул адсутнічае якая-небудзь датыроўка яго жыцця. Спецыялістам вядома толькі адно яго згадка — у «Сазе пра хрышчэнне Ісландыі»: «Бранд Вандроўнік кажа так: Туды я ездзіў, дзе Торвальда Вандроўнік Хрыстос супачыў. У гары высокай, каля Драпна каля царквы Яна цяпер ён ляжыць».

Больш пра яго ніякіх звестак няма. З гэтага ўрыўка ўжо ніяк не вынікае, што прыбыў ён у Полацк праз 50 гадоў пасля смерці Торвальда. Вынікае з яго толькі тое, што ў Полацк ён прыбыў ужо пасля смерці Торвальда і да напісання «Сагі пра хрышчэнне Ісландыі». А гэта значыць, што ў любы з гадоў паміж пачаткам ХІ стагоддзя і пачаткам ХІІІ, а гэта ні многа, ні мала мінімум 200 гадоў.

Максім Гацак

Крыніцы і літаратура:

1. Finlay, Alison (editor and translator) (2004). Fagrskinna, a Catalogue of the Kings of Norway. Brill Academic Publishers.

2. Sigvaldi Strut-Haraldsson

3. Андрэй Катлярчук. ТОРВАЛЬД Вандроўнік : Ці скандынаўскія пачаткі хросту Беларусі

4. Максім Гацак. Разбуральнікі міфаў: Торвальд Падарожнік і хрышчэнне Полацка

5. Джаксон Т. Н. Austr í Görðum: Древнерусские топонимы в древнескандинавских источниках. М., 2001

6. Древняя Русь в свете зарубежных источников: Хрестоматия / Под ред. Т. Н. Джаксон, И.Г. Коноваловой и А.В. Подосинова. Том V: Древнескандинавские источники. Сост. частей  VI, IX, X — Г. В. Глазырина; частей III, IV, V, VII, VIII, XI — Т.Н. Джаксон; частей I, II, XII — Е.А. Мельникова. — М.: Русский Фонд Содействия Образованию и Науке, 2009.

7. Прядь о Стевнире сыне Торгильса

8. Прядь о Торвальде Путешественнике

9. Сага о крещении Исландии

10. Сага об Олаве сыне Трюггви

11. Сяргей Горбік. Торвальд Вандроўнік у Канстанцінопалі. Што рабіў ісландзец у Візантыі?

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі