Біскуп Буткевіч у ноч росіцкіх пакутнікаў: Масавыя забойцы мёртвыя ўжо пры жыцці
У Росіцу ў санктуарый пакутнікаў-марыянаў – спаленых у 1943 годзе жывымі разам з вернікамі святароў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча – 5 жніўня традыцыйна прыйшлі першыя пілігрымы.
У гэтым годзе, як адзначылі мясцовыя жыхары, паломнікаў было няшмат у параўнанні з мінулымі гадамі, бо вялікая частка каталіцкай моладзі, у тым ліку, Віцебскай дыяцэзіі, яшчэ толькі вяртаецца з Сусветных дзён Моладзі ў Кракаве. Пілігрымка таму ў гэтым годзе была аб’яднанай – у Полацку сустрэліся 57 вернікаў з Мінска, Барысава, Жодзіна, Друі, якія цягам пяці дзён былі ў дарозе пад духоўным кіраўніцтвам а. Аляксандра Жарнасека MIC з Оршы, лідара руху маладых харызматаў.
“Суседзі” Росіцы – 38 вернікаў з Мёраў на чале са сваім пробашчам а. Кшыштафам Мянкінай –прыйшлі асобна, здолеўшы ўжыць таямнічую “пілігрымковую хітрасць” і выперадзіць “палачанаў” літаральна на метры.
Яшчэ адзін пілігрым – каталік немаладога веку – прыехаў на ровары з Глыбокага. Былі і іншыя веласіпедысты – моладзь з Барысава. Але самымі гучнымі і нечаканамі пілігрымамі сталі байкеры – пад’ехаўшы да касцёла равучай калонай на бліскучых матацыклах усіх узроўняў шыку, яны атрымалі дабраслаўленне кусташа санктуарыя, пасля частка іх не проста зайшла ў касцёл на кароткую малітву, але і засталася на Святой Імшы.
Адрознівалася ў гэтым годзе і духоўная “праграма” жалобнай росіцкай урачыстасці. Гаспадар святыні, а. Чэслаў Курэчка MIC, падрыхтаваў не толькі смачную (як заўсёды) вячэру для ўсіх гасцей парафіі, якую можна было спажываць “на паўночных тэрасах” (у створаным яго і прыхаджанаў рукамі дэндрарыі), але і інтэнсіўны малітоўны стан, які практычна не пакінуў месца эмацыйна аблегчанаму блуканню па прыгожых наваколлях.
У Росіцу пілігрымы звычайна ўваходзяць з гучным смехам і спевамі, вітаючы мясцовых жыхароў і пробашча, не хаваючы гучнага лікаваня, – мэта дасягнутая! Але ў першую хвіліну пасля таго, як моладзь уваходзіць у касцёл, святыню ахоплівае ціша: усе кладуцца тварам на палогу, ушаноўваючы глыбіню і горач колішняй росіцкай драмы, яднаючыся з Богам у медытатыўнай малітве, якая вянчае напрыканцы пройдзены шлях, што аддаецца Богу ў якасці сваеасаблівай пакутніцкай ахвяры.
На пачатку сутоння адбылася першая Святая Імша, у якой удзельнічалі, пераважна, пілігрымы, – вялікая колькасць мясцовых жыхароў збіраецца ў санктуарыі бліжэй да апоўначы. На пачатку Імшы адбылася сакральная падзея – святары, гаспадары і госці, урачыста ўнеслі ў касцёл рэліквіі святого Станіслава Папчынскага, новага каталіцкага святога, урачыстае прылічэнне якога да ліку святых Каталіцкая Царква перажывала 5 чэрвеня. Шлях святога Станіслава – заснавальніка ордэна марыянаў, чальцамі якога ў мінулым стагоддзі сталі і спаленыя святары Кашыра і Ляшчэвіч, – доўжыўся амаль 300 гадоў, і на гэта таксама зрабіў акцэнт у гаміліі а. Аляксандр Жарнасек, разважаючы аб кантрапункце вечнага і хуткаплыннага, вартага і ілюзорнага.
Памаліўшыся ў інтэнцыях Папы Францішка і прыступіўшы да споведзі і камуніі, вернікі маглі атрымаць поўны адпуст. Адбылася і яшчэ адна энергетычна моцная падзея: малады святар-марыянін а. Павел Федаровіч, які прыняў святарскія пасвячэнні ў траўні, надзяліў прыміцыйныя дабраслаўленні спачатку святарам, манахам і манахіням, пасля – усім вернікам, што па чарзе ішлі да яго, каб праз рукі новапасвечанага дакрануцца Божай Ласкі.
Уночы ў санктуарый прыехаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў Святую Імшу, а потым – жалобнае шэсце з паходнямі і свечкамі да месца, дзе былі спаленыя жыхары вёскі і святары. У гаміліі на месцы пакуты і смерці біскуп разважаў аб сутнасці і прызначэнні такіх публічных масавых караў, як спаленне росіцкіх жыхароў альбо сучасныя тэракты ў Заходняй Еўропе, мэта якіх – нарадзіць страх.
Людзі, якія загінулі і якія працягваюць гінуць – жывыя, калі не адступілі Бога, тыя ж, хто іх нішчыць – мертвыя ўжо пры жыцці, – падкрэсліў біскуп Буткевіч, нагадаўшы адначасова, што масавы страх магчыма пасяліць адно ў грамадстве, якое згубіла Бога.
Глыбокай ноччу распачаўся крыжовы шлях вакол возера блізу касцёла. Частка вернікаў, якія не пайшлі адпачываць у намёты і не засталіся на чуванне ў святыні, вырушылі да стацыяў крыжовага шляху. У цемры, ажыўленай адно ліхтарыкамі, становячыся на калені ў расу, вернікі маліліся і слухалі разважанні крыжовага шляху, удзел у якіх узяла пісьменніца Ірына Жарнасек, аўтарка аповесці “Будзь воля Твая”, прысвечанай росіцкай трагедыі.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- У Гомельскай епархіі выдалі цікавы каляндар пра мясцовых святых 12.08.2022 06:08
- У Кіеве суд пачаў разглядаць справу пра захоп храма УПЦ 11.08.2022 17:49
- Пробашча парафіі ў Лынтупах Аляксандра Барана арыштавалі на 17 сутак 10.08.2022 07:15
- «Не памрэ тваё імя» — Выйшла кніга пра памерлую настаяцельніцу Полацкага манастыра 10.08.2022 04:44
- З’явіўся анонс святкавання Дня памяці Манефы Гомельскай 09.08.2022 20:26
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)