Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў у Мядзелі шпіталь і могілкі

Мядель
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 7 жніўня наведаў з пастырскай візітацыяй парафію Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі.

Праграма візітацыі пачалася з наведвання мядзельскай бальніцы, дзе арцыпастыр наведаў капліцу Божай Міласэрнасці, а таксама адведаў хворых у палатах, удзяляючы ім святую Камунію і дабраслаўленне, паведамляе catholic.by.

Словы вітання пры дзвярах касцёла арцыбіскупу скіравалі прадстаўнікі парафіі, моладзь, дзеці і пробашч а. Павел Леліто OCD.

У гаміліі на святой Імшы Мітрапаліт засяродзіў увагу на галоўнай думцы Евангелля гэтага дня, якая выражаецца ў словах: чувайце, бо не ведаеце, калі Пан прыйдзе. Разважаючы над літургічным чытаннем, арцыпастыр адзначыў: «Ясна, што Езус кажа пра сваё другое прыйсце напрыканцы свету. Ясна таксама і тое, што мы павінны быць гатовы да Яго прыйсця ў славе, каб судзіць жывых і памерлых. І хаця мы не ведаем, калі гэта адбудзецца, тым не менш мы пакліканы цярпліва чакаць, як чакаюць верныя слугі вяртання свайго гаспадара».

Нагадваючы, што ў мінулую нядзелю ў Кракаве завяршыліся XXXI Сусветныя дні моладзі, іерарх адзначыў, што падчас іх Папа Францішак «заклікаў моладзь не спаць, але чуваць і быць людзьмі дзеяння, а не людзьмі канапы, якія нічога не робяць, а толькі выгодна ляжаць на канапе, чытаюць газету або глядзяць тэлевізар».

Пасля ўрачыстай Імшы адбыліся душпастырскія сустрэчы арцыбіскупа з дзецьмі, моладдзю, міністрантамі, удзельнікамі руху Жывога Ружанца і «Маці ў малітве», а таксама размова з Ядвігай Шчучко, маці кс. Віктара Шчучко, які паходзіць з Мядзела і зараз працуе ў парафіі ў суседніх Крывічах.

Арцыбіскуп наведаў парафіяльныя могілка, дзе маліўся за памерлых вернікаў і дабрадзеяў парафіі. Акрамя таго, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з парафіяльнай радай і настаўнікамі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі