Хрысціянскія дэмакраты Беларусі і Украіны вучыліся абараняць мараль у ліберальным грамадстве

У Кіеве ва Украінскай евангельскай тэалагічнай семінарыі прайшоў летні хрысціянска-дэмакратычны лагер «Роля хрысціянскіх каштоўнасцяў у рэалізацыі палітычнай дзейнасці», арганізатарамі якога выступілі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, ГА «Інстытут хрысціянскай дэмакратыі» (Украіна) і Навукова-даследчы інстытут Рэфармацкай партыі (Wetenschappelijk Instituut SGP) з Нідэрландаў.

Мэтай лагера была падрыхтоўка маладых палітыкаў хрысціянска-дэмакратычнага кірунку да практычнай палітычнай дзейнасці. Удзел у ім прынялі прадстаўнік БХД, Рэфармацкай партыі і Хрысціянска-Дэмакратычнага Саюза Украіны. Сярод разгледжаных пытанняў — хрысціянскія каштоўнасці ў палітыцы, глабальныя выклікі для хрысціянскіх палітыкаў, абарона традыцыйнай сям’і і грамадскай маралі ў сучасным ліберальным грамадстве і ва ўмовах еўраінтэграцыі, кіраванне дзяржаўнымі справамі на падставе хрысціянскіх прынцыпаў.

З лекцыямі падчас лагера выступілі кандыдат філасофскіх навук, прэзідэнт фонду «Сям’я», вядучы спецыяліст у галіне сямейнай палітыкі, кандыдат на пасаду Ўрадавага ўпаўнаважанага па пытаннях сямейнай палітыкі Адрыян Букавінскі (Украіна), пастар, лідар служэння «Eastern Europe Reformation», дырэктар Усходнееўрапейскага лідарскага форуму і Школы рэфармацыі грамадства Яраслаў Лукасік (Украіна), доктар юрыдычных навук, дацэнт Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Марына Мядзведзева (Украіна), дырэктар ГА «Інстытут хрысціянскай дэмакратыі», народны дэпутат Украіны V-VI скліканняў Уладзімір Марушчанка, кандыдат юрыдычных навук , навуковы супрацоўнік Інстытута дзяржавы і права ім. В.М.Карэцкага Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Алена Львова (усе Украіна), прафесар Эверт Бостма з Нідэрландаў.

Сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук у сваім выступе распавёў аб рэалізацыі хрысціянскіх каштоўнасцяў у апазіцыйнай палітычнай дзейнасці.

Па словах удзельнікаў, удзел у лагеры дапамагае лепш падрыхтавацца да палітычнай дзейнасці, у прыватнасці навучыцца адстойваць свае перакананні пры зносінах з іншымі людзьмі; дапамагае пазнаёміцца маладым хрысціянскім палітыкам як унутры адной палітычнай партыі, так і з розных краін.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі