«Права выбару»: Падчас збору подпісаў апазіцыйныя кандыдаты былі ў няроўных умовах з кандыдатамі ад улады

«Права выбару»: На этапе збору подпісаў дэмакратычныя кандыдаты былі ў няроўных умовах з кандыдатамі ад улады

Кампанія назірання за выбарамі “Права выбару-2016” падрыхтавала трэцюю прамежкавую справаздачу па выніках выбарчай кампаніі, якая ахоплівае перыяд вылучэння прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты.

Гэты перыяд выбарчай кампаніі паказаў, што пераважная большасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый была вылучана шляхам партыйнага вылучэння праз з’езды. Вылучэнне шляхам збору подпісаў ажыццяўляла невялікая частка прэтэндэнтаў ад апазіцыйных арганізацый, пры гэтым пераважная большасць іх ініцыятыўных груп не здавала сабраныя подпісы выбаршчыкаў у выбарчыя камісіі. Праўладныя кандыдаты вылучаліся ад працоўных калектываў, альбо камбінуючы збор подпісаў з вылучэннем ад працоўных калектываў, а часам выкарыстоўваючы ўсе тры спосабы вылучэння.

У рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты было адмоўлена 30 (6,26%) групам з 479 пададзеных заявак, што амаль у 3 разы менш за колькасць адмоваў на мінулых парламенцкіх выбарах, калі было адмоўлена ў рэгістрацыі 85 (19,31%) групам з 440 пададзеных. Усе групы апазіцыйных прэтэндэнтаў былі зарэгістраваныя (у адным выпадку – пасля абскарджвання ў вышэйстаячую выбарчую камісію).

Па дадзеных кампаніі, улады за рэдкім выключэннем не перашкаджалі правядзенню пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Разам з тым зафіксаваныя выпадкі ціску на апазіцыйных прэтэндэнтаў і асобныя выпадкі нападаў на пікеты па зборы подпісаў, а таксама перашкоды пры зборы подпісаў у інтэрнатах і пры здачы дакументаў аб вылучэнні ў акруговыя выбарчыя камісіі.

Зафіксаваныя факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу падчас перадвыбарчых мерапрыемстваў, у тым ліку аднабаковае асвятленне збору подпісаў дзяржаўнымі СМІ на карысць праўладных прэтэндэнтаў, што парушае прынцып роўнасці ўмоваў для прэтэндэнтаў ад розных палітычных сілаў, заяўляюць у “Права выбару”.

Агулам апазіцыйныя партыі вылучылі большую частку прэтэндэнтаў ад партый: іх сумарная колькасць склала 207 з усіх 387 партыйных вылучэнцаў, што падалі дакументы ў АВК.

 

Аб трэцім этапе выбарчай кампаніі распавядае адзін з каардынатараў кампаніі “Права выбару-2016”, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі:

– Этап збору подпісаў пад час парламенцкай кампаніі 2016 года праходзіў у адносна свабодных умовах для большасці дэмакратычных кандыдатаў. Тым часам назваць гэтыя ўмовы роўнымі ў параўнанні з праўладнымі кандыдатамі немагчыма. Праверка дакументаў, пададзеных кандыдатамі ў дэпутаты, праходзілі закрыта і негалосна, таму пытанне рэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў усё яшчэ залежыць ад жадання ўладаў рэгістраваць прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты, ці не рэгістраваць яго.

У кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару-2016” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі