Генрык Дэмбінскі: чалавек, які хацеў ахрысціць камунізм

брама

12 жніўня споўнілася 75 гадоў з дня гвалтоўнай смерці грамадскага дзеяча і публіцыста хрысціянскай лявіцы міжваеннай Заходняй Беларусі, аднаго з прадвеснікаў тэалогіі вызвалення Генрыка Дэмбінскага (1908-1941). У сувязі з гэтым прапануем вашай увазе пераклад з польскай мовы прысвечанага яму артыкула Ярослава Тамасевіча “Ва ўсім – любоў (пра Генрыка Дэмбінскага).

“26 студзеня 1929 года на старонках віленскага “Słowa” артыкулам “Каталіцтва і дзяржаўная ідэалогія” дэбютаваў 20-гадовы Генрык Дэмбінскі. “Słowo” было выданнем элітарным, выказваючым погляды так званых віленскіх “зуброў” (вельмі кансерватыўных абшарнікаў, для якіх нават эндэцыя (нацыянал-дэмакратыя – Крыніца) была «занадта левай»). Таму допуск на гэтыя старонкі сына машыніста сведчыў пра неапошнія яго таленты.

Як пратэжэ Станіслава Кот-Мацкевіча (віленскі палітык, манархіст, будучы польскі прэм’ер у эміграцыі – Крыніца), малады каталіцкі пісьменнік прапаведаваў карпаратывісцкія ідэі «дзяржавы штатаў», выступаючы супраць якабінскай спадчыны дэмакратыі і нацыяналізму. З аднаго боку, прызнаўшы дэмакратыю утопіяй, ён “прагне заснаваць грамадскае жыццё на прынцыпах справядлівасці, на аснове іерархіі і арганічнай няроўнасці». З іншага ён піша, што «нацыяналізм абапіраецца выключна на каранях ірацыянальнай чалавечай душы, /…/ на нізкіх інстынктах нацыянальнага эгаізму /…/”. Нацыянал-дэмакратычнай канцэпцыі дзяржавы-нацыі ён супрацьпастаўляў “ягелонскую ідэю”: “Замала для Польшчы цеснага, затхлага падворка эндэкаў”, – пісаў ён. Трэба “/…/ злучыць нацыянальнасці польскую, беларускую, літоўскую і ўкраінскую ў адной дзяржаве”.

***

Натхненнем для Дэмбінскага быў каталіцызм, але інтэрпрэтаваны асаблівым чынам. Ён паслядоўна прытрымліваўся прынцыпу: «Змагаймася з фальшывымі поглядамі – любім аблудных бліжніх”, а з ідэі каталіцкага ўніверсалізму выводзіў прыняцце палітычнага плюралізму. Перш за ўсё, аднак, гэта не быў сузіральны каталіцызм, але заангажаваны ў сацыяльнае жыццё, пагружаны ў матэрыяльны свет. “Вечнасць – гэта не перамога над жыццём /…/, але ўзмоцненае да бясконцасці свецкае жыццё /…/. Натуральнасць і звышнатуральнасць не з’яўляюцца чымсьці чужым і варожым адно да аднога. Вядзецца пра поўнае пранікненне ў натуральнае праз звышнатуральнае, праз Духа Божага. Не разбурайце /…/, але абагаўляйце натуральнае жыццё – гэта праўдзівая мэта хрысціяніна”, – пісаў ён. Такім чынам: “Прадукцыйнай працай для каталіка ёсць апрацоўка матэрыі на хвалу і службу Божую, ёсць радасны удзел чалавека ў творчым акце Бога”.

Прадукцыйнай працай для каталіка ёсць апрацоўка матэрыі на хвалу і службу Божую

Дэмбінскі знайшоў роднасныя душы ў Таварыстве каталіцкай  акадэмічнай моладзі “Адраджэнне”. Дэкларацыя ТКАМ абвяшчала:  “Руйнуем ілжывую пакору і сентыментальна разуметую хрысціянскую любоў, выкараняем страх і бездапаможнасць перад тварам ідучых гігантаў, і ўсё новымі балючымі грамадскімі ўзрушэннямі сучаснасці./…/. Мы хочам выхаваць пакаленне людзей справы і стварыць польскае жыццё ва ўсіх галінах”. Праграма “Адраджэння” супрацьстаўляла капіталістычнай эксплуатацыі ўмацаванне сям’і і карпаратыўны лад. Пры падтрымцы гэтай арганізацыі Генрык двойчы (у 1929 і 1931 гадах) быў абраны прэзідэнтам віленскай Братняй дапамогі, парушыўшы манаполію эндэцкай “Усепольскай моладзі”, якая кантралявала тады студэнцкае самакіраванне ў Польшчы.

Канфлікт з эндэкамі і паглыбленне эканамічнага крызісу прывяло да радыкалізацыі поглядаў Дэмбінскага і яго таварышаў. Ксёндз Войс пісаў пра іх: “Існуе група настолькі апантаных апосталаў сацыяльнай справядлівасці /…/, што ў сваім нецярпенні ўжо б сёння хацелі ліквідаваць эканамічны лад, нават гвалтоўным чынам. Занепакоеныя пагрозай наваднення паганскім камунізмам, хацелі б яго ахрысціць, каб уратаваць для Бога, для Царквы прыгнечаныя і пакутучыя масы, якія падпадаюць пад паганскія, матэрыялістычныя ўплывы”.

***

Публікаваныя на старонках „Żagarów” на рубяжы 1931 і 1932 гадоў артыкулы Дэмбінскага сцвярджалі, што “капіталізм здыхае, як старая адпрацавалая кляча». Іх аўтар патрабаваў нацыяналізацыі банкаўскай справы, развіцця прамысловасці, механізацыі сельскай гаспадаркі… Апеляваў да лідара руху “Сіллён” Марка Санье. Тых, хто не быў прыхільнікам, заклікаў: “Ці сапраўды каталіцызм абмяжоўваецца сентыментальнымі прыкасцёльнымі паралітыкамі? Ці вы, панове, думаеце, што любоў, міласэрнасць і хрысціянскае прабачэнне заключаюцца ў плаксівым непраціўленні эксплуатацыі пралетарыяту і буржуазнаму выраджэнню культуры”. Большасць, аднак, яго не зразумела. Канфлікт выбухнуў падчас арганізаванага ТКАМ летам 1932 года ў Любліне XI Сацыяльнага тыдня – па сутнасці Дэмбінскі пакінуў “Адраджэнне”.

***

У траўні 1932 года звязаўся з пілсудчыкаўскай лявіцай, згрупаванай вакол “Kuriera Wileńskiego”. Нейтральны да санацыі, ён прызнаў аўтарытэт маршала Юзафа Пілсудскага. Працаваў тады ў Акадэмічным саюзе арганізаванай працы, абвяшчаючы сіндыкалісцкую праграму: “Усе галіны вытворчасці арганізуюцца ў трэсты, дзяржаўныя манаполіі, іерархічна арганізаваная адміністрацыя якіх знаходзіцца у руках арганізаваных у сіндыкаты рабочых і служачых гэтай галіны на чале з новымі ўладамі калектыўнай вытворчасці. Разам усе манапалізаваныя галіны вытворчасці бяруцца ў клешчы маналітнага вярхоўнага кіраўніцтва, якое, канцэнтруючы ўсю нацыянальную вытворчасць і злучаючы ў арганізаваныя спажывецкія рынкі ў выглядзе разгалінаванай сеткі спажывецкага кааператыву, праводзіць планавую нацыянальную эканоміку ў адпаведнасці з патрэбамі ўсяго грамадства”.

Ён падкрэсліваў у той жа час патрыятычныя і хрысціянскія крыніцы свайго радыкалізму: «/…/ Мы каранямі нашых сэрцаў ураслі ў ідэю польскай дзяржаўнасці, яна з’яўляецца галоўным матывам нашага радыкалізму. Мы не хочам, каб /…/ незалежная Польшчы стала гнуткім інструментам у руках арганізаваных картэляў і праклёнам ў вуснах польскага працоўнага свету./…/ Мы з’яўляемся каталікамі. Мы не можам мірыцца з ладам, дзе рэлігія ў руках буржуазнай палітыкі з’яўляецца нічым большым за мячык, які захапляе і злучае масы./…/ Поўнае рэлігійнае адраджэнне павінна спалучацца з поўным знішчэннем капіталізму і яго надбудоў”. Таксама ён падкрэсліваў антыкамунізм: «Камуністычная партыя не працуе ў інтарэсах працаўнікоў Польшчы, але для амбіцый і патрэб Савецкага Саюза і чырвонай бюракратыі Сталіна”.

***

Чарговы пералом адбыўся ў 1934 годзе. Па слядах Дэмбінскага пайшла група радыкальных каталікоў, якая сабралася вакол двухтыднёвіка “PAX”. Іх лідар, Антоні Голубеў абвяшчаў тое ж, што за два гады да таго Генрык: «Мы змагаемся супраць камунізму, бо камунізм – гэта вораг Бога і чалавека. Але з не меншым імпэтам мы павінны змагацца з культурай, якую ХІХ стагоддзе навязала хрысціянству./…/ Барацьбу мы бачым на двух франтах”.

Дэмбінскі пайшоў, аднак, далей, сцвярджаючы, што не існуе трэці бок барыкад  – ёсць толькі два, і трэба абраць адзін з іх. Вялікі ўплыў на яго эвалюцыю зрабіў побыт за мяжой, дзе ён быў у якасці стыпендыята Фонду нацыянальнай культуры. У Вене ён быў сведкам крывавай расправы аўтарытарнага хадэцкага ўраду Дольфуса над сацыял-дэмакратычнымі працоўнымі, у Ватыкане ж яго моцна раззлавала супрацоўніцтва Касцёла з фашысцкім рэжымам. Капелан віленскага “Адраджэння” ксёндз Валяр’ян Мейштовіч так апісваў яго погляды: “Генрык хаваў свае пачуцці, спрабуючы верыць, што рэлігія, хоць і надбудаваная [над эканамічнай “базай” – Я.Т.], тым не менш, можа быць праўдзівай /…/; супрацьстаянне камуністычнай партыі і Касцёлу было /…/ з’явай неістотнай, уласцівай нашай гістарычнай эпосе; выкліканае кансерватызмам духавенства /…/. Ён вярнуўся ў Вільню цвёрда ўпэўнены як у марксізме, гэтак і ў каталіцызме, з мэтай “хрышчэння камунізму” і з верай у магчымасць такога хрышчэння”.

Ён вярнуўся ў Вільню цвёрда ўпэўнены як у марксізме, гэтак і ў каталіцызме, з мэтай “хрышчэння камунізму” і з верай у магчымасць такога хрышчэння

Гэтыя погляды падзяляла група былых членаў “Адраджэння”, арганізаваная Марыяй Жаромскай і ў жарт называная Колам Маці Божай Камсамольскай. У 1933 годзе гэтая група сфармавала падпольную арганізацыю “Фронт”, якую ўзначаліў Казімеж Петрусевіч. “Фронт” звярнуўся да ідэі антыфашысцкага Народнага фронту, якую прапагандаваў на старонках часопісаў “Poprostu” і “Karta” (травень 1935 – ліпень 1936 гадоў). У імя барацьбы з фашызмам пачалі супрацу на прынцыпах аўтаноміі з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі. Цікава адзначыць, што эвалюцыя групы Дэмбінскага не знайшла першапачаткова прызнання ў вачах камуністаў. Як адзначае гісторык рабочага руху Юзаф Кавальскі, марксісцкі “Dwutygodnik Ilustrowany” ў 1934 годзе лічыў “творчасць “Żagarów”, “у якіх /…/ збіраюцца каталіцкія камуністы», калі не прасанацыйнай, дык, прынамсі, /…/ спробай дэзарыентаваць рабочых “буржуазнай хлуснёй””.

ппсПадазронасць сталінскіх артадоксаў апынулася апраўданай. Маскоўскія працэсы эфектыўна астудзілі пракамуністычныя сімпатыі сярод спадарожнікаў Народнага фронту. Размаўляючы восенню 1936 года з кіраўніком ППС (Польскай сацыялістычнай партыі – Крыніца) Недзялкоўскім, Дэмбінскі сцвердзіў: “Я ніколі не мог і я ніколі не змагу працаваць з рухам, чыё кіраўніцтва знаходзіцца за межамі польскай дзяржавы”. Афіцыйна абвясціў: «/…/ наша месца ў палітычным жыцці толькі там, дзе Польская сацыялістычная партыя, Народная партыя і сіндыкалісцкая моладзь ZZZ [Асацыяцыя прафсаюзаў – Я. Т.]”. 1 красавіка 1937 года ён уступіў у шэрагі ППС. Ванда Васілеўская ўзгадвала: «У мяне склалася ўражанне, што ён тады ў пэпээсаўскіх рамках х знойдзе для сябе задавальняючае месца і нічога яму адмыслова не пашкодзіць і яго не адштурхне”.

Як гэта ні парадаксальна, але праз пяць дзён ён быў арыштаваны па падазрэнні ў камуністычнай змове і асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі (хоць, па словах Ежы Путрамента (польскі пісьменнік, камуністычны дзеяч з Мінска – Крыніца), “Генрык на працэсе занадта шмат энергіі ўклаў у падкрэсліванне сваіх меркаваных адрозненняў ад партыі [камуністычнай – Я.Т.]”). У яго абарону заступіўся перад прэм’ерам Складкоўскім ксёндз Уладыслаў Карніловіч, дзякуючы паручальніцтву якога Дэмбінскі быў вызвалены з турмы ў сакавіку 1938 года. Ён адправіўся затым у Варшаву, дзе звязаўся з жаліборскім асяродкам сацыялістычнай лявіцы Адама Прухніка, у той жа час падтрымліваючы кантакт з прагрэсіўна-каталіцкім квартальнікам “Verbum” ксяндза Карніловіча.

Пасля пачатку вайны Дэмбінскі запісаўся добраахвотнікам у войска. Але як камуніст не быў прыняты і таму адправіўся ў родную Вільню. Патрапіў у занятую Савецкім Саюзам зону. Не займаўся аднак палітычнай дзейнасцю, уладкаваўся на працу дырэктарам школы ў Старой Вілейцы. Як згадвала з дакорам Васілеўская: “Мне здаецца, што паколькі Дэмбінскі ў 1939 годзе на землях СССР задаволіўся пазіцыяй выкладчыка ў глухой правінцыі і зусім не ўдзельнічаў у працы [палітычнай – Я.Т.] /…/, бо ён не ўсталяваў кантакт са Львовам ці з беластоцкім асяроддзем, то ён, відавочна, перажываў ўнутраны крызіс./…/ Яго паводзіны ў Савецкім Саюзе, тлумачацца тым, што з тых ці іншых прычын ён перайшоў на іншыя пазіцыі”. Для фашыстаў Дэмбінскі, аднак, так і застаўся ворагам. Пасля нападу на СССР, гестапаўцы арыштавалі яго і 12 жніўня 1941 года расстралялі (у Ганцавічах – Крыніца).

***

Дарога Дэмбінскага можа здзіўляць: на працягу пяці гадоў перайсці ад крайне кансерватыўнай правіцы праз пілсудчыкаўскі патрыятычны сіндыкалізм да марксісцкай крайняй лявіцы. Кірунак гэтай траекторыі вызначала не інфантыльнае захапленне ідэалагічнымі навінкамі, а тым больш не кан’юнктурнасць. Дэмбінскі пайшоў супраць плыні, як загадвала яму сумленне. Быў гарачым духам, чый адданы ідэалізм штурхаў да экстрэмізму, “Але няма нічога для нас больш агіднага за мір любой цаной, – пісаў ён у пачатку сваёй кар’еры. Цынізмам і старэчай драхласцю папахвае гэтае свядомае прасоўванне да жыцця кампрамісу./…/ Артадоксы і фанатыкі ўсіх часоў, вазьміцеся за рукі, мы з вамі. Няхай ліецца кроў, няхай у чырвані жару нараджаецца гераізм новага жыцця, няхай будуць самыя моцныя ўзрушэнні, але няхай свет ідзе па адным шляху, няхай будзе адна думка, адна воля, адзін ідэйны напрамак”.

Нягледзячы на ​​драматычныя пераацэнкі, яго грамадска-палітычная думка характарызуецца элементарнай бесперапыннасцю. Напрыклад, нават у якасці задэклараванага інтэрнацыяналіста ён ніколі не адмаўляўся ад патрыятызму. У 1939 годзе пісаў: «/…/ мір, куплены коштам добраахвотнага пераходу ў ярмо замежнага рабства, мір, дасягнуты коштам капітуляцыі перад замежным захопнікам, стаў бы, відавочна, смяротным ударам па працоўным руху /…/ І таму ў момант сур’ёзнай пагрозы незалежнасці нацыі рабочы рух стане ў першым шэрагу тых, хто з поўнай адказнасцю гатовыя працаваць на ўмацаванне абараназдольнасці краіны”. А тры гады раней: “/…/ абараняючы поўнае раўнапраўе ўсіх народаў польскай дзяржавы, змагаючыся пяром за волю і грамадзянскія свабоды, за павышэнне культурнага і эканамічнага ўзроўню народных мас, я рабіў гэта з перакананнем, што гэтыя справы маюць істотнае значэнне для годнасці і будучыні польскай нацыі, што барацьба за мір, свабоду, хлеб і культуру з’яўляецца элементарным патрыятычным абавязкам кожнага сумленнага паляка”.

Яго бачанне палітычнага ладу, на першы погляд, зрабіла паварот на 180 градусаў ад асуджэння дэмакратыі да яе ўсхвалення. На самой справе, змяняючыя адна адну канцэпцыі карпаратывісцкай “дзяржавы штатаў”, сіндыкалісцкай “дзяржавы арганізаванай працы» і, нарэшце, самакіраванага сацыялізму маюць агульнае ядро ​​- ідэя арганічнага ладу, заснаванага на аўтаномных сацыяльных групах. У 1930-я гады, гэтая ідэя супрацьстаяла перадусім сталінскаму цэнтралізму, які Дэмбінскі акрэсліў як “пралетарскую дыктатуру клікі буржуазнай ментальнасці, якая эксплуатуе пралетарыят”. Як сродак ад бюракратычных дэфармацый Дэмбінскі рэкамендаваў прамую дэмакратыю. “Дэмакратыя /…/ гэта не толькі кіраванне і адміністраванне народам праз абраных прадстаўнікоў, а таксама кіраванне і адміністраванне непасрэдна самімі людзьмі, якія самі сабой кіруюцца і адмініструюцца”.

вильня

Каб прамая дэмакратыя магла функцыянаваць – неабходная дэцэнтралізацыя, якую Дэмбінскі смела супрацьстаўляў пануючаму ў марксізме культу цэнтралізму і “вялікіх маштабаў”. Ён пісаў: «/…/ эфектыўная, вольная ад бюракратычнага марнатраўства і тупасці цэнтралізацыя ў галіне агульнага планавання і кіравання патрабуе адначасова дэцэнтралізацыі ў галіне дэталёвага выканаўчага планавання і кіравання меншымі тэрытарыяльнымі адзінкамі; распараджэнням, планам і кантролю, якія ідуць зверху, мусяць ісці насустрач ініцыятыва, актыўнасць, нагляд і самастойная праца знізу, з боку найменшых, найбліжэйшых да ячэйкі сацыяльных груп”. Дэцэнтралізацыя не можа быць механічнай. “Вялікія гарады /…/ пабудаваныя /…/ з маленькіх і найменшых сацыяльных групаў і толькі праз гэтыя групы могуць патрапіць да жывога чалавека, яго свядомасці і інтарэсаў./…/ Дэмакратычнае кіраванне /…/ без апоры на невялікія групы, у якіх бы стваралася і падтрымлівалася культура дэмакратычнага самакіравання, заўсёды будзе бюракратычнай карыкатурай дэмакратыі”. Прыгажосць у маленькім! Тым не менш, каб гэтая сістэма магла эфектыўна функцыянаваць, неабходная трансфармацыя сацыяльнай ментальнасці ў духу грамадзянскасці. Дэмбінскі пісаў: “Няма /…/ большага ворага для сацыяльна арганізаванай працы за пасіўнасць, /…/ за ўхіленне ад удзелу ў кіраванні і кантролі сацыяльных інстытутаў і пры прызначэнні іх кіраўніцтва”.

Такім чынам, пераходзім да наступнага пытання, якое было сталым складнікам светапогляду Дэмбінскага – да памятаючай часы ТКАМ ідэі злучэння маральнай і структурнай рэформ. Паралельна са зменамі ў «базе» павінны наступаць пераўтварэнні ў “надбудове” – рамонт сістэмы мусіць суправаджацца паляпшэннем чалавека. “Праз усе палітычныя эксперыменты ў гісторыі, праз усе сумныя досведы сацыяльных узрушэнняў праглядаецца заўсёды адна праўда. Каштоўнасць палітычнага ладу залежыць перш за ўсё ад маральнай глебы, ад маральнай каштоўнасці тых людзей, якія рэалізуюць гэты лад./…/ У сувязі з гэтым неабходнай умовай для змены рэжыму з’яўляецца маральная рэвалюцыя “. З гэтага паўставала выснова: «/…/ калі не будзе балансу паміж разумовым грунтам вытворчасці і культуры і імпульсам матэрыяльных вытворчых сіл – не можна мець трывалай перамогі, бо рана ці позна /…/ зноў /…/ замаячыць перад людзьмі тая ж самая пыса чалавечай жывёлы”.

Ідэалізм загадваў Дэмбінскаму бескампрамісна ўздымаць праблему карупцыі. Праз яго казаў хрысціянскі паводле паходжання аскетызм, калі ён пісаў: “Служэнне грамадству, як і служэнне Богу – гэта прафесія, якая патрабуе асаблівых ахвяраў. Патрабаванне ад грамадскіх дзеячоў цэлібату ў дачыненні да капіталу /…/ дазваляе людзям адчуць чысціню свайго ўласнага сумлення /…/ “. Маралізатарства таксама можна знайсці ў яго філіпіках супраць алкагалізму: “Алкаголь таксама з’яўляецца верным сябрам буржуазіі ў яе намаганнях дэмаралізаваць і атупіць работніка./…/ немагчыма быць п’яніцам і грамадскім дзеячом /…/ аднаму чалавеку /…/. Было б вельмі пажадана, калі б грамадскія дзеячы /…/…/ арганізавалі / планавую і рашучую прапаганду дзеля барацьбы з алкагалізмам”. Тут, аднак, побач з хрысціянскім багажом знаходзім адсылку да цяпер забытай традыцыі рабочага руху за цвярозасць.

***

Ідэя этычнай рэвалюцыі ставіць Дэмбінскага ў шэраг паслядоўнікаў традыцыі Абрамоўскага і Бжазоўскага (польскія філосафы анархісцкага і марксісцкага напрамкаў – Крыніца). Не можа ад нас схавацца тое, аднак, што асноўнай крыніцай натхнення для яго да канца заставаўся каталіцызм, інтэрпрэтаваны ў духу Мунье і Марытэна (французскія каталіцкія багасловы, філосафы – Крыніца). Камбінуючы хрысціянскае багаслоўе вызвалення ад граху з марксісцкай тэорыяй і практыкай сацыяльнага вызвалення, Дэмбінскі стаў свайго роду папярэднікам Тэалогіі вызвалення. У лісце з турмы ён пісаў жонцы: «/…/ мая “рэвалюцыйнасць” была проста нікчэмным, дзветысячыгадовым водбліскам рэвалюцыйнасці Таго, вобраз якога на крыжы стаіць на судзейскім стале”.

Дэмбінскі стаў свайго роду папярэднікам Тэалогіі вызвалення

Уся праграма Дэмбінскага ўяўляе сабой спробу даць палітычны выраз Васьмі Бласлаўленням. Мэтай павінна была быць “грамадская любоў сапраўды раўнапраўных людзей”, “бяскласавае грамадства, дзе на глебе сацыялізаванай вытворчасці і культуры будуць расці людзі, падобныя да /…/ “птушак нябесных, якія для свайго жыцця не сеюць і не жнуць, а таксама не збіраюць у свае прыватныя засекі”. /…/ Беднасць як евангельская дабрадзейнасць адзінкі выправіцца арганічна з багаццем /…/ грамадства, а затым стане здабыткам людзей слова, якія сёння гучаць як пусты гук. “Не турбуйцеся пра жыццё вашае, што будзеце есці ці піць, і не пра цела вашае, што вам апрануць. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай».

Бога Дэмбінскі шукаў паўсюль. “Сёння я жыву пад знакам “Катэхізіса Трыдэнцкага Сабору”, і /…/ у гэтым катэхізісе знаходжу /…/ сапраўды каталіцкае пацвярджэнне разумення Марксам падзей./…/ Суд Божы зліваецца /…/ з судом гісторыі, і дзеянні адзінак, якія трапілі ў вір дыялектычнага развіцця ўсяго чалавецтва, судзяць так доўга, колькі трывае гісторыя зямнога шара”. У іншым месцы ён сцвярджаў: “Законы гістарычнага развіцця, адкрытыя марксісцкай сацыялогіяй, /…/ можна таксама разглядаць як інструмент Провіду. Законы Ньютана і Кеплера /…/ таксама лагічна не ліквідуюць Бога. Наадварот, дазваляюць веруючым людзям /…/ шукаць новыя /…/ вобразы моцы Божай”. І, нарэшце: “Мудрасць Божая разлілася ва ўсім стварэнні ад планетарнай неабсяжнасці да маленькай незабудкі». У апошнім сказе, мы знаходзім зародак хрысціянскай экалагічнай рэфлексіі.

Этычны максімалізм прымушаў Дэмбінскага пісаць, што “буржуазныя стасункі да Бога настолькі ж агідныя, як буржуазнае стаўленне да жанчын, сям’і і радзімы». Ён патрабаваў ад усіх безумоўнай, ўсёабдымнай любові, падкрэсліваючы ў лісце да сваёй жонкі, што «/…/ я не ўмею ненавідзець канкрэтнага жывога чалавека”. Узгадваючы ў якасці трох сваіх натхненняў “хрысціянства, марксізм і любоў да сваёй жонкі”, ён звяртаў увагу на неаддзельнасць ідэйнага заангажавання ў грамадскім жыцці ад асабістага стаўлення да паўсядзённых справаў. “/…/ У грамадстве, дзе вялікая колькасць людзей умее дасканала кахаць сваіх жонак, /…/ там таксама ўмеюць любіць сяброў, мастацтва і Бога. Бо любоў да сваёй жонкі /…/ гэта найлепшая школа ўсёй любові, а менавіта любові да бліжняга і Бога /…/», – пісаў ён. Імператыў безумоўнай любові, верагодна, найбольш яскрава выяўлены ў словах: «/…/ рэлігія, якая б, гераічна выракаючыся неўміручасці чалавека, разам з тым вучыла б пакланяцца і любіць Бога, была б адзінай рэлігіяй, якую б нельга было западозрыць у схаваным эгаізме”.

Таму, нягледзячы на ​​ўсе гэтыя рэзкія змены, можна зрабіць выснову, што Дэмбінскі заўсёды заставаўся верным сабе і запазычанаму ў святога Тамаша дэвізу: In necesariis unitas, in dubiis libertas, in omnibus caritas – У галоўным адзінства, у другасным – свабода, а ва ўсім – любоў”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі