Мітрапаліт Кандрусевіч на “Музычнай майстэрні” у Івянцы: Музыка яднае веруючых

Ивенец
«Музычную майстэрню» у Івянцы для каталіцкай моладзі, якая займаецца літургічным і хрысціянскім спевам, што працягнецца да 14 жніўня на базе Міхайлаўскай парафіі, 12 жніўня наведаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Увечары для ўдзельнікаў майстэрні і парафіянаў мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў Святую Імшу, паведамляе catholic.by.

У гаміліі арцыпастыр разважаў аб тым, што “сучасны свет хварэе на маральны склероз, зло прадстаўляецца як дабро і лічыцца прагрэсам. Заданне Касцёла – найперш прафілактыка гэтай хваробы праз захаванне Божага права».

«У жыцці мы часта бачым нездаровыя тэндэнцыі думаць, што нехта іншы, можа, наш сусед ці нават сябар, жыве лепш за нас, у яго лепш ідзе бізнес і іншыя справы, і нават калі ў рэстаране замаўляем ежу, то аглядаемся па баках – ці часам на суседнім стале яна не лепшая. Так ці інакш, але мы не заўсёды шануем тое, што маем. Гэта можа быць з-за незадаволенасці ці зайздрасці», – дадаў арцыбіскуп.

Гаворачы аб музыцы, якая яднае ўдзельнікаў “Майстэрні”, мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што Ватыканскі Сабор у сваіх дакументах шмат увагі прысвячае літургічнай музыцы. “Калі здаровая сям’я з’яўляецца гарантам адзінства грамадства, то і музыка, якая не мае межаў, таксама аб’ядноўвае веруючых”, – дадаў мітрапаліт.

Выніковы канцэрт “Майстэрні” пройдзе 13 жніўня, пакуль моладзь рэпетыруе харавыя партыі, музычную частку і цыркавыя элементы, развучаныя падчас працы пад кіраўніцтвам Яна Паспяшальскага – слыннага польскага каталіцкага музыкі, які штогод прыязджае ў Івянец, каб падзяліцца з моладдзю музычным досведам.

«Я і сам вучуся ад іх шмат чаму, найперш, іх заангажаванасці і імкненню ўдасканальвацца. Найлепшая ўзнагарода для мяне – гэта бачыць нераскрытыя таленты, якія праз удзел у нашых майстэрнях развіваюць дадзены ім ад Бога дар», – кажа Ян Паспяшальскі.

З мінулага года музычная майстэрня –гэта не толькі спеў і музыка, а яшчэ і акрабатыка, і фаер-шоў. Цыркавыя элементы, як паказвае практыка, таксама знаходзяць тут сваіх прыхільнікаў.

«Асноўнае на майстэрні нават не музыка, а малітва, якая дакранаецца да цябе праз музыку. Тут неверагодны дух! Люблю майстэрню за таленавітых людзей, якія вельмі натуральна дзеляцца тым талентам, які маюць”, – кажа маладая музыка з Магілёва Яна Шумская, якая, дзякуючы дапамозе Яна Паспяшальскага, была адным з «музычных валанцёраў» падчас Сусветных Дзён Моладзі ў Кракаве.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі