БАПЦ шукае ў Беларусі людзей, каб пашырацца

акалович

Парафіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Беларусі ёсць у Менску і ў некалькіх іншых гарадах Беларусі. Пра гэта заявіў настаяцель мінскай парафіі БАПЦ святар Леанід Акаловіч.

«Я з’яўляюся не толькі кіраўніком нашай Еўфрасіннеўскай абшчыны, але і дыяканам мінскай царкоўнай акругі. Фактычна я адзіны протаіерэй на ўсю Беларусь застаўся. У нас рыхтуюцца, сканчаюць вучобу два дыяканы. Цяпер яшчэ шукаем кандыдатаў. Бо без сваіх кадраў мы нічога не зможам зрабіць. Будуць кадры – тады мы можам пашырацца», – адзначыў ён, распавёўшы, што БАПЦ выконвае ўсе хрысціянскія трэбы ўсёй Беларусі.

Па словах святара, галоўнае адрозненне БАПЦ ад Беларускага экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы заключаецца ў набажэнствах на беларускай мове. «А кананічна мы нічога не мяняем, што было закладзена вучнямі Хрыстовымі – апосталамі, ды святымі айцамі», – заявіў ён, перадае «Белорусский партизан».

«Мы ўжо шмат разоў падаваліся на рэгістрацыю, але нам адмаўляюць з розных прычынаў: кажуць, што мы дэструктыўная секта, або чапляюцца да юрыдычнага адрасу – то вада цячэ, то столі не такія. Тое, што БАПЦ існавала ў 20-я гады, мела статус, яны назвалі анахранізмам. Яны патрабуюць, каб мы сышлі ва ўлонне РПЦ», – падкрэсліў Леанід Акаловіч.

«Па Канстытуцыі ў нас ўсе могуць спавядаць любую рэлігію, нічога антыканстытуцыйнага мы не робім. Але ў нас пераварочвалі ўсё дагары нагамі. Ёсць загад не прапусціць – і ўсё тут», – дадаў ён.

Паводле яго слоў, афіцыйная Беларуская Праваслаўная Царква не з’яўляецца беларускай, а «прарасейскайагрэсіўнай, захопніцкай царквой». Леанід Акаловіч заявіў, што «шмат людзей адышло ад праваслаўя, асабліва пасля вайны ў Украіне, якую развязала Расея». Пры гэтым святар прызнаў, што прыхільнікі беларускасці і патрыёты Беларусі ёсць і ў БПЦ.

«Былі ў БПЦ і прыхільнікі аўтакефальнай царквы, мы нават сустракаліся з некаторымі прадстаўнікамі і вялі размовы. Яны цяпер вядуць службы па-беларуску. Але ў некаторых цэрквах можна вельмі рэдка пачуць беларускую мову на службах, ды і праходзяць беларускамоўныя службы ў нязручны час, напрыклад, рана раніцай у суботу. Раней некаторыя святары БПЦ нас лаялі, але сітуацыя пакрысе змяняецца. Зараз мы сябруем, абменьваемся кнігамі, бывалі на канферэнцыях, якія праводзяцца БПЦ. Падтрымліваем развіццё беларускамоўнага набажэнства. Таму, мне здаецца, БАПЦ дапамагае БПЦ беларусізавацца ў Беларусі. У гэтым наша маленькая заслуга. Яны бачаць жа таксама, што многія аўтакефальныя царквы на родных мовах моляцца, а не на іншаземных», – сказаў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі