Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаюць узняць пытанне аб парушэннях свабоды рэлігіі ў Беларусі

Беларусь и США

Беларускія ўлады ажыццяўляюць строгі кантроль за рэлігійнымі суполкамі, выкарыстоўваючы для гэтага шырокі бюракратычны апарат, які загадвае пытаннямі бяспекі і рэлігіі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе аб рэлігійнай свабодзе ў свеце за 2016 год, які апублікаваны Камісіяй ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе (USCIRF) і ахоплівае падзеі з 1 лютага 2015 года па 29 лютага 2016 года.

«У выніку некаторыя рэлігійныя групы сышлі «ў падполле». Дзяржаўныя органы асабліва варожа настроеныя ў дачыненні да рэлігійных груп, якія разглядаюцца як палітычныя апаненты, такіх як пратэстанты. Урад жорстка кантралюе замежных грамадзян, у тым ліку каталіцкіх святароў, якія займаюцца рэлігійнай дзейнасцю. Рэлігійныя правы зняволеных — нават тых, хто асуджаны да смяротнага пакарання — пастаянна парушаюцца. У 2015 годзе ў Беларусі быў прыняты закон аб альтэрнатыўнай службе, але ён не абараняе ў поўнай меры адмову ад ваеннай службы па рэлігійных і іншых перакананнях», — гаворыцца ў дакладзе.

Да дзяржорганаў, якія ажыццяўляюць кантроль рэлігійнай дзейнасці ў краіне, Камісія адносіць Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі. «Цэнтральнае месца ў сістэме абмежаванняў, якія распаўсюджваюцца на ўсе зарэгістраваныя рэлігійныя групы, займае закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», прыняты ў 2002 годзе, які прадугледжвае абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю ўсіх рэлігійных суполак і геаграфічныя абмежаванні рэлігійнай дзейнасці», — адзначаюць аўтары дакладу.

Яны падкрэсліваюць, што рэлігійныя сходы ў прыватных дамах не дазваляецца праводзіць рэгулярна або з вялікім лікам удзельнікаў. “Выкарыстанне месцаў набажэнства і любое публічнае адпраўленне рэлігійных абрадаў патрабуюць дазволу ўладаў, якое рэдка выдаецца групам, якія не карыстаюцца сімпатыяй уладаў, у прыватнасці, пратэстантам. Гэта ў меншай ступені тычыцца праваслаўных і каталіцкіх абшчын, галоўным чынам дзякуючы больш пазітыўнаму стаўленню да іх дзяржаўнай улады, але таксама і таму, што яны часцей займаюць гістарычныя будынкі цэркваў”, — заяўляюць у Камісіі.

Пры гэтым незарэгістраваная рэлігійная дзейнасць звычайна разглядаецца як адміністрацыйнае правапарушэнне, караецца штрафам. “Паколькі рэгістрацыя з’яўляецца абавязковай, у законе аб рэлігіі не прадугледжваецца выключэнні для тых груп, якія не хочуць рэгістравацца, такіх як Саюз цэркваў баптыстаў і аналагічная група пяцідзясятнікаў. Калі рэлігійная група абвінавачаная ў парушэнні закона аб рэлігіі, яна павінна на працягу шасці месяцаў ліквідаваць парушэнне, у якім яна абвінавачваецца, і не паўтараць яго на працягу аднаго года, інакш яна будзе зачыненая. Прававых норм для аспрэчвання такіх папярэджанняў не існуе”, — гаворыцца ў дакладзе.

Пазітыўным момантам у сітуацыі з публічнай рэлігійнай дзейнасцю ў USCIRF назвалі тое, што за справаздачны перыяд некалькі рэлігійных груп атрымалі дазвол на правядзенне вялікіх рэлігійных мерапрыемстваў за межамі зарэгістраваных месцаў богаслужэнняў: «пратэстанты ажыццяўлялі хрышчэнні на адкрытым паветры ў азёрах, каталіцкія і праваслаўныя царквы праводзілі вялікія публічныя хросныя хады, а пратэстанцкае Аб’яднанне поўнаевангельскіх цэркваў атрымала афіцыйны дазвол ўпершыню за 20 гадоў арандаваць буйную спартыўную пляцоўку ў Мінску. Пасля таго як крышнаітам было адмоўлена ў правядзенні буйной працэсіі, яны ўсё ж такі змаглі правесці невялікія працэсіі».

Разам з тым адзначаецца немагчымасць зарэгістраваць у Беларусі прыход Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, налёты ў Гомелі, Светлагорску і Горках на набажэнствы Рэфарматарскай Праваслаўнай Царквой і Міжнароднага саюза цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў, а таксама пагрозы ўладаў пазбавіць рэгістрацыі суполкі сведак Іеговы.

Акрамя таго, улады краіны адмовілі ў доступе ў краіну пражываючаму ў ЗША архіепіскапу Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, а таксама не дапусцілі ў краіну двух польскіх каталіцкіх святароў, запрошаных Касцёлам для працы ў Беларусі. Акрамя таго, упаўнаважаны Гуляка публічна выступіў з крытыкай на адрас «дэструктыўнай» дзейнасці каталіцкіх святароў і Каталіцкай царквы, нібыта няздольнай забяспечыць належную адукацыю для сваіх святароў.

Прыняты ж закон аб альтэрнатыўнай службе распаўсюджваецца толькі на членаў пацыфісцкіх рэлігійных суполак і не дае законнага статусу адмаўляцца ад ваеннай службы членам рэлігійных суполак, якія не з’яўляюцца афіцыйна пацыфісцкімі, або тым, хто адмаўляецца ад ваеннай службы па нерэлігійных перакананнях.

У сувязі з актывізацыяй адносінаў паміж ЗША і Беларуссю «пасля ўварвання расійскіх войскаў у Украіну ў 2014 годзе» «USCIRF рэкамендуе Дзярждэпартаменту выказаць беларускім уладам сваю занепакоенасць у дачыненні да выканання свабоды рэлігіі і звязаных з гэтым правоў чалавека». «Акрамя таго, ураду ЗША варта адкрыта падняць пытанне аб парушэннях свабоды рэлігіі ў Беларусі на адпаведных міжнародных форумах, такіх як АБСЕ і ААН, і, у прыватнасці, пра неабходнасць рэформы закона аб рэлігіі», — гаворыцца ў дакладзе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі