Расейскія спецслужбы не ўпусцілі ў Беларусь 500 рабінаў з Еўропы

любавичы

Расейскія спецслужбы не ўпусцілі ў Беларусь паўтысячы рабінаў. І зараз калектыўная малітва рабінаў Еўропы, якая павінна была 22 жніўня прайсці ў Лёзне Віцебскай вобласці, пад пагрозай.

Кангрэс рабінаў Еўропы праходзіць 18 -26 жніўня ў Маскве.

22 жніўня 500 рабінаў з 30 еўрапейскіх краін выехалі са Смаленска ў Лёзна, каб удзельнічаць у калектыўнай малітве і наведаць мемарыял «Адаменская горка». Але на мяжы РФ і Беларусі іх спынілі супрацоўнікі пагранслужбы ФСБ Расіі па Смаленскай вобласці.

Паколькі большасць сяброў дэлегацыі замежнікі, то яны не падпадаюць пад дзеянне палажэнняў аб перасячэнні мяжы грамадзянамі Саюзнай дзяржавы, заявілі ў расійскіх спецслужбах.

Большасць дэлегатаў не маюць беларускай візы. «Калі б яны прыляцелі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск, яны маглі б атрымаць дазвол на ўезд у краіну. А на расейска-беларускай мяжы пунктаў выдачы візы няма», — сказаў у каментары TUT.BY прадстаўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.

Між тым у Лёзна чакаюць вялікую дэлегацыю.

Як паведамляла Крыніца, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне дэлегатам Кангрэса рабінаў Еўропы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца ўтульным домам, у ім сябе камфортна адчуваюць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнання.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі