У Лагішыне моладзь рэгіёна ўславіла цудатворны абраз малітвай, спевамі і пройдзенымі кіламетрамі

Логишин
У Лагішыне ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ўвечары распачаліся ўрачыстасці ў гонар каранаванага абраза багародзіцы з удзелам дзьвюх соцень пілігрымаў з Баранавічаў і Бярозы, што пехам ішлі ў санктуарый цягам 4 дзён.

Першай прыйшла ў Лагішын пілігрымка з Баранавічаў, якая пераадолела 140 кіламетраў, амаль адразу за ёю – пілігрымка з Бярозы, што прайшла 120 кіламетраў. Ля увахода ў санктуарый – у Браму Міласэрнасці – моладзь і старэйшых пілігрымаў вітаў пробашч парафіі Тадэвуш Шэшка, правінцыяльны дырэктар манахаў-арыяністаў, якія апякуюцца парафіяй, паведамляе catholic.by.

Пазней адбылася Святая Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

З гаміліяй да вернікаў звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, узгадаўшы багатую гісторыю парафіі, касцёла і цудадзейнага абраза Багародзіцы: “Як пакаленні нашых продкаў вызнавалі Каралеву Палесся сваёй Маці і Заступніцай, так і вы не бойцеся даверыцца Ёй!”. Падчас Імшы пілігрымы ўрачыста аднавілі сакрамэнт хросту.

Логишин
На пачатку ночы адбылася эўхарыстычная працэсія з абразом Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Удзельнікі працэсіі ішлі з запаленымі свечкамі і спевамі праслаўлення. Працэсія завяршылася ўрачыстым благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якое біскуп удзяляў кожнаму пры ўваходзе ў Брамы Міласэрнасці.

Пасля Эўхарыстыі перад касцёлам пачаўся канцэрт праслаўлення, – “цвіком” канцэртнай праграмы стаў гурт Пінскай дыяцэзіі “Крок за крокам”, створаны кс. Аляксандрам Канановічам.

“У нашых песнях заўсёды ёсць частка нашых разважанняў – гэта ўсё тое, што мы сустракаем у нашым жыцці, у тым ліку праблемы і крызісы. Але – няхай заўсёды спяваюць нашыя душа і сэрца, каб мы бачылі Ісуса там, у глыбіні. Бачылі тое, што Ён хоча сказаць кожнаму з нас праз сваю Маці, якая нас сёння з вамі сабрала”, – заўважыў кс. Аляксандр Канановіч падчас выступлення.

Адначасова ў касцёле трывала ночная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі