“Laudato Si” – новы яскравы фестываль хрысціянскай музыкі прайшоў у Беразінскім

Сёлетняя гарачая пара багатая на яскравыя хрысціянскія падзеі: пілігрымкі, сусветныя дні моладзі, музычныя майстэрні, малітвы-праслаўлення. Жнівень не стаў выключэннем і сярод іншага падарыў нам яшчэ адну прыгожую падзею – музычны фестываль-конкурс “Laudato Si”.

Фестываль “Laudato Si”, што значыць “Хвала Табе”, мае новы ўнікальны фармат – нічога падобнага ў Беларусі яшчэ не праводзілася: прафесійнае журы, міжканфесійныя выканаўцы, удзельнікі з усёй Беларусі.

Ідэя конкурса належыць святару Сяргею Бараўнёву – аўтару вядомага спеву “Малюся за цябе, Беларусь”. Айцец Сяргей даўно марыў пра падобны фестываль, спачатку была ідэя запачаткаваць рокавы хрысціянскі фестываль, але кажа, што пасля захацелася зрабіць яго больш шырокафарматным, каб удзельнічаць у конкурсе маглі і хоры, і вакалісты, і гурты, і інструменталісты. “Я хачу, каб гэты фестываль стаў мастом, мастом па якому можна будзе хадзіць. Мост – гэта кантакт, гэта дыялог, гэта спатканні. Мост – сувязь” – кажа айцец Сяргей і плануе праводзіць фестываль штогод.

Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы фестывалю прымаў гурт “Laudans”, музыкі былі таксама жывым маторам фестывалю.

DSC_0915

Каб праславіць Бога сваім спевам і паўдзельнічаць у конкурсе Беразінскае наведала 18 гуртоў і выканаўцаў. У намінацыі гурты месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е – сям’я Буракоўскіх з Беразінскага, 2-е – гурт “The Brathers”, гурт “Пілігрымы” са Смаргоні, 3-е – “Sоund of faith” з Вялікай Бераставіцы і гурт “Паміж-2Д” з Менску. Сярод салістаў  другое месца мае Марыя Горадава, а трэцяе “Sandrina” з Барысава. Сярод хораў дыпломам за першае месца быў узнагароджаны гурт з супольнасці “Новае жыццё”, а за другое месца – хор “Kantate”. Ганаровыя адзнакі атрымалі гурты “Эмаус” і “Братка Беларус” з Барысава, “Te Deum” з Мядзеля, “Filii Dei” з Івянца.

Адзін з пераможцаў, саліст і гітарыст гурта “Паміж-2Д” Ягор Прыстаўка, падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі: “Уражанні самыя лепшыя і спадабалася, насамрэч, усё, і гэта не дзяжурныя словы. Я ўражаны атмасферай, якая тут пануе, і гэтымі цудоўнымі людзьмі: арганізатарамі і выступоўцамі. Тут адчуваецца адзінства, супакой і, самае галоўнае, Божая любоў.”

DSC_0975

Фестывальны ўікэнд быў насычаны не толькі спевамі, усіх гасцей чакала таксама духоўная і музычная канферэнцыі, вечаровыя спевы ля кастра і супольная малітва. Былі на фестывалі і ўжо вядомыя зоркі – пратэстанцкі гурт “Carpen Diaz”. Салістка гурта Святлана сфармулявала для маладых выступоўцаў наступнае пажаданне: “Парадавала, што нас вельмі цёпла сустрэлі, што да нас праявілі любоў. У нас вялікі досвед наведвання такіх мерапрыемстваў, такіх сэйшанаў. Мы выконваем розную музыку, мы любім і драйв, калі ў нас палкае жаданне, ці мы хочам паказаць бурнае перажыванне, мы таксама можам паддаць жару, але вельмі хочацца пажадаць маладым людзям, якія толькі пачынаюць, не рабіць упор на драйве, а старацца зразумець, што такое сапраўдная пашана і глыбокая павага перад Богам, а пазней, праз спеў, перадаць гэтае разуменне іншым”.

Сонечныя летнія дні, спевы, малітва, новыя знаёмствы і добрае слова – можна з упэўненасцю сказаць, што фестываль атрымаўся. А лейтматывам гэтага сяброўскага свята стала слова “Адзінства”. Гэты надпіс то тут, то там мільгаў на маечцы адной з арганізатарак Алёны Палачанскай. І гэтае адзінства, сапраўды, было – адзінства музычнае, адзінства эмацыйнае і адзінства Божае. Гэта пачатак яшчэ адной цудоўнай летняй традыцыі.

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі