Аўтакефалія пры аўтарытарызме

свято-духов

Гарачае абмеркаванне пытанняў аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў суседняй Украіны падштурхоўвае паглядзець на магчымасць стварэння самакіравальнай Царквы і ў Беларусі. Пры гэтым аўтарытарны рэжым у краіне з жорсткай вертыкаллю ўлады можа быць нават больш зручны для стварэння Аўтакефальнай Царквы, чым дэмакратычны.

У выпадку Украіны адной з праблем у справе аўтакефаліі з’яўляецца менавіта дэмакратычны рэжым з больш-менш развітым падзелам уладаў, самакіраваннем у рэгіёнах і наяўнасцю інтрыгі падчас выбараў, а таксама не дэклараваная, а рэальная свабода сумлення. У сувязі з гэтым цэнтральныя ўлады не ў сілах прымусіць розныя праваслаўныя Цэрквы да аб’яднання для стварэння адзінай памеснай Царквы, прызнанай сусветным праваслаўем. Менавіта таму тут існуюць адразу тры буйныя, незалежных адна ад адной Праваслаўныя Цэрквы — Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхату, Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату і Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. Дзве з іх не знаходзяцца ў еднасці з сусветным праваслаўем, адна знаходзіцца ў падпарадкаванні Масквы, з якой у Кіева напружаныя, мякка кажучы, адносіны.

Але нават ва ўмовах канфлікту з Расіяй, кіеўскія ўлады не здольныя грэбаваць дэмакратычнымі працэдурамі і наблізіць аб’яднанне ўкраінскага праваслаўя. З-за наяўнасці трох Цэркваў ўзнікаюць пытанні і ў Канстанцінопаля, да якога Кіеў звярнуўся з афіцыйнай просьбай дапамагчы ў аб’яднанні і сусветным прызнанні ўкраінскага праваслаўя. А менавіта: на базе якой з Цэркваў праводзіць аб’яднанне, як зрабіць так, каб у ім удзельнічалі ўсе Цэрквы і каб аб’яднанне не аказалася намінальным.

Разам з тым вопыт аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі паказвае, што перад афіцыйным Менскам, у выпадку з’яўлення ў яго жадання стварыць уласную аўтакефалію, гэтыя праблемы стаяць не будуць. На прыкладзе Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы відаць, што беларускія ўлады ў стане перамагчы царкоўную (і не толькі) апазіцыю. Сёння БАПЦ, якая спрабавала закласці свае структуры ў краіне ў 1990-х гадах, у Беларусі фактычна мае толькі адзін прыход і аднаго святара на ўсю краіну, а прадстаяцель БАПЦ сутыкаецца з праблемамі пры перасячэнні беларускай мяжы.

Пры гэтым у БАПЦ заяўляюць, што ўлады сістэматычна перашкаджаюць ім зарэгістраваць свой прыход, не кажучы ўжо аб самой Царкве. Таксама апынуліся разгромленыя і маргіналізаваныя і іншыя аўтакефалісцкія групы, прычым у некаторых з іх нават былі свае храмы, якія цяпер перададзены афіцыйнай Беларускай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату.

Жаданню ж стварыць незалежную аўтакефальную Царкву ва ўладаў можа паспрыяць імкненне аслабіць расійскі кантроль на падзеі ў Беларусі, паменшыць ідэалагічны ўплыў Масквы, а таксама павялічыць свае ўласныя кантроль і ідэалагічны ўплыў.

У выпадку з’яўлення такога жадання і наяўнасці згоды шэрагу іерархаў кіраўніцтва краіны, якое сканцэнтравала ў сваіх руках усю паўнату выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады, а таксама стварыла вертыкаль, што ўключае кіраўнікоў усіх узроўняў ад старшыняў калгасаў і да прэзідэнта, у стане правесці праз Сінод або архірэйскі Сабор БПЦ рашэнне пра абвяшчэнне аўтакефаліі і выхадзе са складу РПЦ.

Таксама «чырвоны дом» у сілах пазбегнуць магчымага расколу БПЦ і стварэння альтэрнатыўных цэнтраў праваслаўя ў краіне. Па-першае, улады краіны, мяркуючы па іх папярэднім досведзе, змогуць зрабіць так, каб уся маёмасць, уключаючы манастыры і храмы, засталася ў руках афіцыйнай, цяпер ужо аўтакефальнай БПЦ. Спробы стварэння новых структур, альтэрнатыўных БПЦ, могуць быць лёгка спынены як міністэрствам юстыцыі, якое па традыцыі можа знайсці непапраўныя падставы для нерэгістрацыі, так і сілавымі ведамствамі і судамі, якія працягнуць дзейнічаць у рэчышчы афіцыйнай палітыкі. Пры гэтым беларускае заканадаўства, якое прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю рэлігійных суполак, адказнасць (аж да крымінальнай) за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі і фактычную забарону на правядзенне набажэнстваў па-за афіцыйна дазволенымі месцамі, дапаможа ў хуткім часе спыніць актыўную дзейнасць праціўнікаў аўтакефаліі.

Пры гэтым у БПЦ таксама маецца вопыт супрацьстаяння праціўнікам «палітыкі партыі», чаму яркі прыклад — няўдалыя спробы шэрагу святароў і манахаў раскрытыкаваць сустрэчу Патрыярха Кірыла і Папы Францішка.

Стварэнне незалежнай ад Масквы аўтакефальнай Царквы з вялікай доляй верагоднасці сустрэне падтрымку таксама шматлікіх апазіцыйных арганізацый і СМІ. Не будуць актыўна супрацьстаяць адрыву ад РПЦ і значная частка секулярызаванай праваслаўнай супольнасці Беларусі, якая з’яўляецца ў храмах толькі па асаблівых выпадках.

Таксама суцэльнай і адзінай аўтакефальнай БПЦ будзе прасцей, чым ва Ўкраіне, атрымаць прызнанне сусветнага праваслаўя і ў прыватнасці Канстанцінопаля.

Разам з тым высокай будзе пагроза негатыўнай рэакцыі з боку прарасейскіх арганізацый, «казацтва» і ваенна-патрыятычных клубаў, а таксама непасрэдна Крамля і кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы. Усё гэта можа абвастрыць і так узрастаючае негатыўнае стаўленне да Менска з боку Расеі і нават паслужыць нагодай для з’яўлення ў Беларусі «зялёных чалавечкаў» і «адпускнікоў» з РФ.

Акрамя таго, відавочна, што ў выпадку стварэння аўтакефаліі па ініцыятыве ўладаў і пры іх актыўным удзеле рэзка ўзрасце ўплыў уладаў на ўнутрыцаркоўнае жыццё, больш частымі стануць выпадкі ўмяшання па тых ці іншых пытаннях, якія нават не тычацца аўтакефаліі. Таксама ў выпадку развіцця падзей па апісаным сцэнары частымі стануць выпадкі парушэння свабоды сумлення і веравызнання ў дачыненні да праціўнікаў аддзялення БПЦ.

Не выключаны рызыка і таго, што ў выпадку змены рэжыму Беларуская Праваслаўная Царква можа зноў пазбавіцца аўтакефаліі ці ж значнай часткі парафій і вернікаў, якія разам са святарамі, а то і епіскапамі пры паслабленні ціску могуць вярнуцца ў РПЦ.

Так што сам факт наяўнасці аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі ў пэўнай ступені палягчае магчымасць стварэння і прызнання аўтакефальнай Беларускай Праваслаўнай Царквы. Аднак актыўны і накіравальны ўдзел уладаў у гэтым пытанні можа прывесці да шырокіх негатыўных наступстваў, а пры паслабленні іх уплыву ў чарговы раз нівеляваць усе спробы стварэння самастойнай БПЦ.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі