У Польшчы пачаліся дэбаты “Ці Бог не разумее па-беларуску?”

Тарасевич
У Польшчы на Падляшшы ў мястэчку Крынкі 26 жніўня пачаўся Трыялог пад назвай “Ці Бог не разумее па-беларуску?” – рэлігійна-культуралагічныя дэбаты з удзелам пісьменнікаў Барыса Пятровіча, Уладзіміра Арлова, а таксама каталіцкага і праваслаўнага святароў – кс. Сяргея Сурыновіча з Друі і а. Георгія Роя з Гродна.

Фармат Трыялога (спалучэнне культуры, мастацтва і літаратуры) быў запачаткаваны некалькі дзесяткаў гадоў таму выбітным беларускім і польскім пісьменнікам і публіцыстам Сакратам Яновічам. Цяпер гэты фармат працягнуў фонд “Villa Sokrates”, якім кіруе мастак Лявон Тарасэвіч, паведамляе Радыё Рацыё.

“Хочам, каб на гэтую тэму была дыскусія розных людзей, з розных бакоў – і рэлігійнага, і літаратурнага, і культурнага, бо толькі праз абмен думак будуецца культура”, – тлумачыць Лявон Тарасевіч, дадаючы, што на наступны год ёсць ідэя правесці Трыялог “Літва, Айчызна мая”.

Вынікам дэбатаў стане чарговы нумар часопіса “Annus Albaruthenicus”, прысвечаны зместу дэбатаў.

Удзел у дэбатах бярэ таксама біблеіст Ірына Дубянецкая.

Трыялог пачаўся прэзентацыяй фотавыставы Андрэя Лянкевіча “Паганства”. Асноўныя дыскусіі пройдуць 27 жніўня ў будынку Дома культуры ў Крынках.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі