Ксёндз Барок: у Будславе міліцыянты трактуюць пілігрымаў як злачынцаў, а не як гаспадароў

Барок

Выпадак з каталіцкім святаром з Віцебска Вячаславам Барком, які быў аштрафаваны на 42 рублі за спробу праехаць у Будславе на стаянку для святароў, – гэта класічная сітуацыя з тых, якія адбываюцца на свяце ў Будславе. Пра гэта заявіў сам ксёндз у сваім акаўнце ў Facebook.

“Супрацоўнікі МУС зачастую трактуюць пілігрымаў, як злачынцаў, а не як гаспадароў свята. Значыць, яны “бароняць парадак” ад пілігрымаў, а не пільнуюць бяспеку саміх пілігрымаў», – адзначыў ён.

“Я не вінаваты. І віну прызнаваць не збіраюся. З пратаколам не згадзіўся, і напісаў у пратаколе, што старшы лейтэнант падманвае, пастанаўленне таксама не падпісаў. Зараз рыхтуюся абскардзіць яго ў судзе. Пытанне, які будзе вынік? Я не ведаю. Аднак вельмі хочацца верыць у правасуддзе ў нашай краіне. Хаця нахабства, з якім сустрэўся з боку супрацоўнікаў ДАІ, ставіць маю веру ў сілу закону пад сумнеў”, – падкрэсліў святар.

“Так, можа, прасцей было прыкінуцца тупой і паслухмянай авечкай і заплаціць штраф? Можа і так… але гэта супярэчыць маім хрысціянскім перакананням. А калі ўсё ж выйграю суд, то, можа, гэта справа дадасць веры іншым у тое, што ў Беларусі існуюць незалежныя суды, і кожная няпростая справа мае шанец усебакова быць разгледжанай у судзе. Спадзяюся, суд будзе кіравацца законам, а не прынцыпам: міліцыянт заўсёды мае рацыю. Я веру ў Бога і ў сумленне чалавека, а не ў беспамылковасць супрацоўнікаў МУС”, – заключыў Вячаслаў Барок.

Як паведамляла Krynica.info, у Мінску 23 жніўня адбыўся адміністрацыйны працэс у дачыненні ксяндза Вячаслава Барка па факце складзенага на яго 1 ліпеня пратаколу ў Будславе на свяце ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. Святару інкрымінавалася незаконная паркоўка на скрыжаванні (традыцыйна ў дзень свята рух у Будславе перакрываецца, праехаць на спецыяльна адведзеную стаянку могуць толькі святары і прадстаўнікі свецкіх улад), аднак канфлікт разгарэўся ўжо пасля таго, як супрацоўнікі ДАІ не прапусцілі святара да гэтай стаянкі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі