Веспасій, забыты кароль Полацка

викинги

Дакументальная гісторыя Беларусі ў школьных падручніках і папулярнай літаратуры – першыя даты, падзеі і імёны — пачынаецца з 862 года з першай узгадкі Полацка ў “Аповесці мінулых часоў”, хаця гісторыкам вядомыя і іншыя крыніцы па ранняй гісторыі краіны, у якіх узгадваюцца і больш раннія падзеі. Сёння мы паспрабуем гэтыя таямніцы прыадчыніць з дапамогай скандынаўскіх сагаў.

Гэта не значыць, што ўсёй інфармацыі з сагаў варта давяраць – там хапае легендарных і міфалагічных звестак, а то і простай фантазіі. Але ж гэтыя дадзеныя дапамагаюць лепш разумець працэсы тых часоў, а таксама стаўленне за мяжой да беларускіх земляў.

Сёння цікавасць для нас прадстаўляе дацкая хроніка «Дзеі данаў», запісаная ў ХІІ стагоддзі Саксонам Граматыкам (1140-1216). Кніга апісвае гісторыю Паўночнай Еўропы з найстаражытнейшых часоў, і, на думку беларускага гісторыка Алега Дзярновіча, у яе маглі быць уключаныя звесткі ад каралевы дацкай, полацкай князёўны Сафіі Валадараўны (1140-1198).

Падзеі, звязаныя з Полацкам, адбываюцца ў часы легендарных дацкіх каралёў Хадынга і яго сына Фрода І, якія маглі жыць у V-VІ стагоддзях. Так, Хадынг, разбіўшы ўладыку куршаў Локера, напаў на конунга Хандвана, які хаваўся ў горадзе Дуна (Дзвіна). З дапамогай гарадскіх птушак, да якіх былі прывязаныя палаючыя кноты, ён падпаліў горад, і Хандван быў вымушаны прасіць літасці і адкупіцца. Пасля гэтага Хадынг вярнуўся ў Швецыю.

Але на гэтыя землі вярнуўся сын Хадынга Фрода І, які спачатку напаў на караля куршаў Дорна, а затым сышоўся ў бітве з манархам русінаў Транонам, які перагарадзіў яго караблям шлях. Прасвідраваўшы ў караблях праціўніка ноччу дзіркі, Фрода здолеў разбіць яго флот, пакуль русіны думалі, ці змагацца з вадой, ці з ворагам. Пасля гэтага ён вярнуўся дадому.

Аднак весткі пра тое, што ягоных зборшчыкаў даніны забілі, змусілі Фрода вярнуцца. Захапіўшы горад Ротэль, для чаго давялося падзяліць на мноства плыняў рэчышча ракі, што абараняла горад, ён напаў на Полацк. Паколькі горад не магчыма было ўзяць сілай, ён распаўсюдзіў чуткі пра сваю смерць, чым усыпіў пільнасць абаронцаў. Кароль Полацка Веспасій настолькі паверыў у сваю перамогу, што не заўважыў, як у горад уварваліся датчане, якія яго і забілі.

Затым Фрода напаў у другі раз на горад Хандвана. Прайшоўшы ў горад у выглядзе жанчыны, ён уночы адчыніў браму і ўпусціў сваіх ваяроў. Хандвану давялося зноў адкупацца – на гэты раз ён аддаў замуж сваю дачку.

Такую гісторыю дачыненняў старажытных датчанаў у V-VI стагоддзях з уладарамі плямёнаў сённяшніх Латвіі і Беларусі, якія жылі вакол Дзвіны, прыводзіць Саксон Граматык. Гісторыкі Алег Дзярновіч і Таццяна Джаксан убачылі тут мноства міфалагічных сюжэтаў пра вайсковыя хітрыкі, з дапамогай якіх выйграваліся бітвы і захопліваліся гарады. Тут і падпаленыя птушкі, якія пасля ўзгадваюцца ў звязку з кіеўскай княгіняй Вольгай, і імітацыя сваёй смерці Б’ёрнам Жалезнабокім пры паходзе ў 860 годзе ў Італію, і нават аналогіі з грэцкімі міфамі пра траянскага каня. Паводле іх, Полацк у Сераднявеччы настолькі прыцягваў ўвагу паўночных вандроўнікаў, што скандынаўскія скальды былі гатовыя “ствараць фантастычны вобраз гэтага няблізкага і адначасова дасягальнага горада”.

Разам з тым імёны заваяваных князёў наводзяць на думку, што гэтыя падзеі ўсё-такі маглі мець месца, хоць і не ў такім выглядзе, як гэта апісаў дацкі храніст. Так, на думку латвійскага гісторыка Юрыса Уртанса, імя Хандван магло азначаць “уладара Дзвіны”. А Веспасій, не выключаюць даследчыкі, – гэта ніхто іншы, як балцкае слова “гаспадар”, бо, напрыклад, літоўскае viešpats, viešpatis значыць “Госпад”, а прускае waispatin — «гаспадыня». Паколькі ж беларускае Падзвінне ў азначаны час насялялі балцкія плямёны, нельга выключаць, што зафіксаванае датчанамі імя Веспасій магло быць проста тытулам мясцовага ўладара.

У любым разе памянёныя падзеі заслугоўваюць сваёй узгадкі ў ранняй гісторыі Беларусі, прычым не меншай за легендарных братоў з “Аповесці мінулых гадоў” Радзіма і Вятку, якія быццам прывялі “ад ляхаў” радзімічаў і вяцічаў. Нават калі Веспасій і Хандван – гэта проста тытулы, а падзеі адбываліся не зусім так і не зусім тады.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі