Грэка-каталікі пілігрымкай прыйшлі да магілы знакавага служыцеля БГКЦ

Ивацевичи
Грэка-каталікі – святары і вернікі з Івацэвічаў, Брэста, Баранавічаў, Мінска і Ліды разам з а. Андрэем Абламейкам і дыяканам Вячаславам Гарчаковым – з 25 па 26 жніўня здзейснілі жалобную пілігрымку на ўспамін айца Баляслава Пачопкі, святара і асветніка, а таксама трагічна загінулых у вайну вернікаў Бабровіцкай грэка-каталіцкай парафіі.

Вёска, у якой жылі забітыя ў часе вайны грэка-каталікі, пасля не адрадзілася.

Цягам двух дзён пілігрымавання вернікі разважалі падчас прыпынкаў над урыўкамі кнігі Папы Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць”, якая была прэзентаваная па-беларуску тыднем раней падчас урачыстасцяў Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе.

Першая частка маршрута, які распачаўся з Івацэвічаў, пралягла праз вёскі Вялікая Гаць і Бабровічы,  а таксама Выганашчанскі заказнік і Бабровіцкае возера, якое пілігрымы пераадолелі на лодках, – распавядае рэдактар газеты “Царква” Ігар Бараноўскі на старонцы выдання ў фэйсбук.

Ивацевичи
У другі дзень пілігрымы дасягнулі мястэчка Целяханы, дзе пахаваны айцец Баляслаў Пачопка. Паніхіду ля магілы выдатнага беларускага грэка-каталіцкага святара, а пазней Боскую літургію ў рыма-каталіцкай капліцы ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). Кіраўнік Грэка-Каталіцкай Царквы Беларусі далучыўся да пілігрымаў за колькі кіламетраў перад Целяханамі і прайшоў з імі частку шляху.

Паніхіды па забітым грэка-каталікам адбываліся таксама ля жалобных крыжоў бліз вёсак Вяда і Тупічыцы.

Ивацевичи
Пасля Літургіі вернікі пабачылі новую працу маладой мастачкі-верніцы з Івацэвічаў Людзмілы Трухановіч – партрэт а. Баляслава Пачопкі.

Ивацевичи

У дні ваенный трагедыі нацыстамі былі знішчаныя больш за тысячу жыхароў з вёсак Бабровічы, Вяда, Тупічыцы, Красьніца, Тулашын. У Бабровічах пілігрымы паразмаўлялі з жывой сведкай тых падзеяў – адной з дзесяці апошніх старажылаў Бабровічаў, старой грэка-каталічкай Аленай, якой у свой час таямніцу хросту надзяліў а. Баляслаў Пачопка.

Фота Ігара Бараноўскага

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі