Мітрапаліт Кандрусевіч дабраславіў крыжы новага мінскага касцёла

Кондрусевич
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Мінску 3 верасня дабраславіў крыжы на вежах новага касцёла святога Яна Хрысціцеля.

На святыні ў Серабранцы у гэты дзень былі ўсталяваны пяць крыжоў. Усяго іх у ансамблі сем, два першых былі ўсталяваныя ў жніўні 2015 года, паведамляе catholic.by.

Мантаж крыжоў адбыўся падчас набажэнства ў прысутнасці шматлікіх вернікаў і чальцоў  салезіянскага руху з усёй Беларусі. Іерарха з дапамогай будаўнічай тэхнікі ўзнялі над дахам касцёла для благаслаўлення.

«Крыж з’яўляецца сімвалам хрысціянства і таму з першых стагоддзяў прысутнічае ў яго гісторыі. Мы бачым крыжы на скрыжаванні дарог. Яны знаходзяцца ў нашых дамах і памяшканнях. Узносяцца на вежах касцёлаў і гэтым самым указваюць на святое месца, дзе абвяшчаецца Евангелле, дзе ў сакрамэнтах Божая ласка шчодра напаўняе душы людзей і дзе будуецца хрысціянская супольнасць», – нагадаў у гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч.

Колькасць крыжоў над святыняй – сем – сімвалізуе сем святых сакрамэнтаў. Крыж над галоўнай вежай (ён самы вялікі з усіх – важыць амаль тону) мае эўхарыстычную сімволіку.

«Святыня пабудавана ў выглядзе статка. Езус Эўхарыстычны – Альфа і Амега – вядзе гэты статак у Нябёсны Іерусалім. Вядзе разам з Марыяй, Маці сваёй, і праз харызму святога Яна Боско», – распавядае пробашч парафіі а. Аляксандр Мятліцкі SDB.

Будаўніцтва касцёла пачалося ў 2007 годзе. Будаўнічыя працы распачаў і вёў іх да 2011 года кс. Ігар Лашук, тагачасны пробашч мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы.

Зімой плануецца распачаць працы ўнутры касцёла. Ужо распрацаваны праект дабраўпарадкавання прыкасцёльнай тэрыторыі, на якой плануецца пабудаваць дзіцячую кавярню і зрабіць спартыўную пляцоўку.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі