З Магілёва ў Бялынічы пойдзе пешая пілігрымка

икона Матери Белыничской
З Магілёва ў Бялынічы, месца, якое славіцца цудадзейным абразом Мацi Божай, 24–25 верасня пройдзе каталіцкая пешая пілігрымка.

У праграме ўрачыстых мерапрыемстваў таксама асвячэнне памятнага крыжа на месцы былых каталіцкіх могілак ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў, зруйнаваных савецкай уладай пасля Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе catholic.by.

Па словах дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, «не мае значэння, ці будзе гэтая першая пілігрымка шматлікай, галоўнае – зрабіць крок у аднаўленні гэтай традыцыі». Паводле гістарычных звестак, у ХVІІІ–ХІХ стагоддзях Бялыніцкі абраз, якi знаходзiўся ў тутэйшым касцёле кармэлiтаў, збіраў пілігрымаў усiх хрысцiянскiх канфесiй. Існавала таксама кніга, у якой запісваліся цуды за 1725–1836 гады.

Бялыніцкі абраз быў другім пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай на тэрыторыі Беларусі, ушанаваны папскімі каронамі. Каранацыя адбылася ў 1761 годзе.

У гады вайны абраз захоўваўся ў Магiлёўскiм абласным краязнаўчым музеі, адкуль знiк і да сёння яго месцазнаходжанне не вядомае.

Праграма пешай пілігрымкі Магілёў – Бялынічы

24 верасня (субота)

09.00 – святая Імша ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава (Магілёў, вул. Камсамольская, 4).

10.00 – пераезд удзельнікаў пілігрымкі да новай капліцы парафіі Св. Казіміра і св. Ядвігі (Магілёў, Мінская шаша, 8а); фарміраванне пілігрымкі.

11.00 – благаслаўленне на пачатак пілігрымкі і выхад пілігрымаў ад капліцы (Магілёў, Мінская шаша, 8а).

14.00 – абед.

18.00 – прыпынак у вёсцы Нежкава. Вячэра, малітоўны вечар. Начлег пілігрымаў у сем’ях.

25 верасня (нядзеля)

06.30 – сняданак.

07.00 – выхад пілігрымаў.

11.30 – прыпынак і абед.

14.30 – сустрэча пілігрымаў каля капліцы Маці Божай Бялыніцкай (пасёлак Бялынічы, вул. Калініна, 37)

15.00 – урачыстая святая Імша. Узначаліць Літургію дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

16.00 – працэсія да месца гістарычных каталіцкіх могілак XVIII-XIX стагоддзяў і асвячэнне памятнага крыжа.

Удзел у пілігрымцы і пасілак – бясплатныя. Пры сабе абавязкова мець спальнік і карымат.

25 верасня для пешых пілігрымаў будзе арганізаваны пераезд з Бялыніч у Магілёў. Аўтобус ад’язджае ў 18.00 ад капліцы Маці Божай Бялыніцкай (Бялынічы, вул. Калініна, 37).

Адказны за арганізацыйныя пытанні кс. дэкан Віталій Драздоўскі +375 (29) 564 51 95.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі