Святар у юбілей парафіі: І ў Горках можна жыць з Богам (фотарэпартаж)

У Горках 17 верасня святкавалі дзень Маці Божай Бялыніцкай – некалі самай славутай у Беларусі каталіцкай выявы Маці Божай, у гонар якой названая горацкая парафія, адроджаная 10 гадоў таму.

Амаль тры гады таму ў Горкі быў прызначаны новы душпастыр – кс. Андрэй Кеўліч. Дагэтуль у парафію прыязжалі святары з іншых навакольных мястэчак, і сама па сабе парафія мела хіба назву, купку стойкіх вернікаў і маленькую хатку з праблемамі ў рэгістрацыі. “Пачула, што сюды прыехаць жыць ксёндз і пабегла глядзець, думала, няпраўда”, – апавядала адна з верніцаў тры гады таму ў сцюдзёны кастрычніцкі дзень, калі карэспандэнт Krynica.info ўпершыню рыхтаваў матэрыял пра жыццё парафіі, якое вельмі хацелася назваць экстрэмальным.

Горки
Віншуючы вернікаў з гадавінай адраджэння парафіі, кс. Андрэй Кеўліч нагадаў парафіянам і даўнішнюю гісторыю, – задушэнне паўстання 1863 года з закрыццём касцёлаў, гады спачатку прымусовага праваслаўя, пасля – дзесяцігоддзі прымусовага атэізму, а таксама гісторыю нядаўнюю – свой уласны прыезд у напаразбураную хатку без вады і, як шмат каму падавалася, без перспектываў.

Тры гады таму, адначасова з упарадкаваннем парафіяльных дакументаў, кс. Андрэй Кеўліч пачаў вяртанне з нябыту самога культу Маці Божай Бялыніцкай. Праз пэўны час вернікі ўпершыню з рэзанансам на ўвесь горад святкавалі парафіяльнае свята, яшчэ праз год яно адбылося ў новапабудаванай каплічцы, з’яўленне якой на гарадской мапе выклікала не меншы рэзананс.

Горки

Двойчы на парафіяльнае свята горацкіх вернікаў прыязжаюць каталікі з Вілейкі. Прыязжаюць у вялікай колькасці вялікім аўтобусам, гэтым разам Горкі наведалі 46 чалавек, ад немаладых пані да юнакоў-міністрантаў. Першы чым прыехаць у Горкі, кс. Андрэй служыў вікарыем у вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа і памяць пра сябе пакінуў дзейсную, –  памяць, якая вымагае вернікаў Вілейкі клапаціцца, памятаць, дапамагаць і раз на год ехаць на свята на другі бок краіны.

Яшчэ адна сябра парафіі – арганістка Чырвонага касцёла Марыя Новікава – зрабіла парафіянам на чарговае свята чарговы падарунак: пераклала, і выканала спеў да Маці Божай Бялыніцкай, створаны ў 1760-ых гадах. Яго кс. Андрэй Кеўліч знайшоў таксама “выпадкова”, па цаглінцы вяртаючы з сутонняў трагічнага мінулага гісторыю парафіі.

Горки
“І ў Горках можна жыць з Богам”, – рэзюміраваў святар у віншавальнай прамове стан каталіцызму на Магілёўшчыне.  А мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў Святую Імшу, распавёў у гаміліі, што гэты яго візіт нечакана стаўся не зусім “афіцыйным” – ён пераблытаў час пачатку святочнай праграмы і прыехаў на гадзіну раней, у выніку патрапіў на апошнія прыгатаванні і пабачыў людзей, якія “сапраўды ідуць сюды, бо іх сюды цягне, ім тут хочацца быць, тут маліцца і тут працаваць”.

Падчас Святой Імшы шасцёра вернікаў прынялі з рук мітрапаліта Кандрусевіча сакрамэнт бежмавання, прычым не ўсе яны традыцыйна маладыя: некаторыя з іх у падлеткавым узросце нават падумаць не маглі, што рэлігійная практыка ў іх жыцці будзе легальнай і рэгулярнай.

Яшчэ адным прывітаннем з“Вялікай Зямлі” стаў для горацкіх парафіянаў і гасцей выступ гурта “Laudans”.  Нават немаладыя вернікі паслухалі хрысціянскі рок з задавальненнем, а моладзь пакінула ў парафіяльным дворыку частку бадзёрай энергіі людзей, якія не сумняваюцца ў будучыні Касцёла на тутэйшых абшарах.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі