Дракары Рагнара Ладброка на Заходняй Дзвіне
Адным з самых папулярных тэлесерыялаў на гістарычную тэматыку апошніх гадоў з’яўляецца серыял «Вікінгі» вытворчасці Канады і Ірландыі. Галоўны герой тэленовелы — паўміфічны дацкі конунг Рагнар Ладброк, які загінуў прыкладна ў 865 годзе падчас паходу ў Брытанію.
Але мала хто ведае, што герой серыяла можа быць звязаны і з гісторыяй Беларусі. Пра гэта ў дзявятай кнізе сваёй хронікі згадвае дацкі храніст Саксон Граматык (1140-1216). Пры гэтым варта адзначыць, што многія падзеі, апісаныя ў хроніцы, носяць легендарны і міфалагічны характар і маглі альбо ўвогуле не адбыцца, альбо адбыцца не так, не там і не тады.
Падзеі, якія маглі мець дачыненне да гісторыі Беларусі, адбываліся з кіраўніком Гелеспонту Дыянам (Dian) і яго сынамі. Гелеспонт у хроніцы Саксона Граматыка не мае ніякага дачынення да грэцкага і звязаны з Усходняй Балтыяй. У прыватнасці, ён згадваецца ў сувязі з нападам скандынаваў на латвійскіх куршаў, паходам па Дзвіне і захопам Полацка. На думку даследчыкаў, Гелеспонт Саксона Граматыка — гэта землі, якія ляжаць ля Рыжскага заліва, там, дзе Дзвіна ўпадае ў Балтыйскае мора.
Згодна дацкаму храністу, конунг Рагнар падчас аднаго са сваіх паходаў напаў на Дыяна, разбіў яго войска, а самога ўладара жорстка забіў. Але ў Дыяна былі два сыны — Дыян-Малодшы і Дакса (Daxo), якія былі жанатыя з дочкамі караля русаў — мяркуючы па ўсім, Полацкага князя, бо бліжэйшым княствам русаў да згаданага рэгіёну было Полацкае, якое да пачатку XIII стагоддзя адыгрывала важную ролю на тэрыторыі сучаснай Латвіі і мела тут сваіх васалаў.
Атрымаўшы ваенную дапамогу ад свайго цесця, сыны Дыяна напалі на Рагнара, але былі ўшчэнт разбітыя. Прычым у бітве загінуў Дыян-Малодшы. У выніку Гелеспонтам стаў кіраваць сын Рагнара Хвітсерк, а «кароль русаў (Полацкі князь?), давяраючы мала сваёй моцы, паспяшаўся прыбрацца з дасяжнасці страшных рук Рагнара».
Тым не менш, Дакса не пакінуў спробаў расправіцца з захопнікамі. У рэшце рэшт, ён прапанаваў Хвітсерку заключыць мір. Аднак падчас перамоваў Дакса захапіў Хвітсерка ў палон. І хоць ён прапаноўваў яму ў жонкі адну са сваіх дачок і абяцаў падзяліць каралеўства, вікінг пажадаў быць спаленым са сваімі таварышамі, што і было зроблена. Адбылося гэта каля 840 года.
Даведаўшыся пра тое, што здарылася, Рагнар са сваім флотам напаў на Русь, паланіў Дакса, закаваў яго ў ланцугі і адправіў у ссылку. Па словах Саксона Граматыка, той факт, што Рагнар не забіў, а пакінуў жывым Дакса «пасароміла русаў ад любой далейшай лютасці супраць такога караля». Затым Рагнар вярнуў Дакса з ссылкі, абавязаўшы яго кожны год плаціць даніну.
Сярод расійскіх даследчыкаў ёсць спробы прыпісаць Дыяну ўсходнеславянскае паходжанне. У сувязі з чым яму прыпісваюць імя то Дзія, то Дзеяна. Аднак, на нашу думку, больш верагодна, што імёны іх былі балцкія, а не славянскія, бо падзеі адбываліся ў ніжнім цячэнні Дзвіны, дзе жылі балцкія плямёны. Пры гэтым імёны, падобныя на Dian і Daxo, былі распаўсюджаны сярод прускай і літоўскай шляхты. Так, Дыван быў лідарам племя бартаў падчас прускага паўстання 1260-1274 гадоў. А адным з паплечнікаў вялікага князя літоўскага Вітаўта ў XV стагоддзі быў Даўкша, сын якога стаў заснавальнікам шляхецкага роду Пацаў.
Такім чынам, у наступны раз уключаючы серыял «Вікінгі», ведайце, што згодна з сярэднявечнымі хронікамі, яго героі маглі мець дачыненне і да гісторыі Беларусі.
Максім Гацак
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Гродзенская радзільня перастала рабіць аборты 14.12.2019 03:55
- Пратэсты ў Мінску: хрысціяне і незалежнасць 10.12.2019 00:26
- Літургіі на беларускай мове ў праваслаўных храмах Беларусі ў снежні 04.12.2019 00:21
- Севярынец: 7 снежня — плошча Каліноўскага 03.12.2019 22:13
- У чаканні не стаць “пачакунамі” 02.12.2019 09:24
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)
- Будслаў-2018: знічкі пад дажджом (фотарэпартаж)
- У Мінску больш за 100 дзяцей прынялі першую камунію ў Чырвоным касцёле (фотарэпартаж)