Стральцоў-Карвацкі: Дзень адзінства балтаў у Беларусі носіць яскравы дахрысціянскі акцэнт

balty_kurszskaja-kasa_fota_alkaslt-d5ssq

22 верасня ў Літве і Латвіі ў чарговую гадавіну перамогі ў 1236 годзе пад Саўле аб’яднанага войска земгалаў і жамойтаў над крыжакамі і пскавічамі будзе святкавацца Дзень адзінства балтаў. Святкаваць яго збіраюцца і на Беларусі.

У нашай краіне Дзень адзінства балтаў будуць адзначаць вогнішчамі ў двух дзясятках мясцін: перадусім на Віцебшчыне і Міншчыне, але таксама ў Пінску, Кобрыне і іншых мясцінах, паведамляе на сайце “Нашай Нівы” рэдактар беларускага паганскага сайта Svajksta.by Алесь Мікус.

Пракаментаваць гэтую падзею Krynica.info папрасіла лідара аргкамітэту па стварэнні Краёвага згуртавання літвінаў, намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксандра Стральцова-Карвацкага.

Палітык прызнаў, што балцкая традыцыя была адной са складовых частак фармавання літвінаў – спачатку як этнічнай групы, потым як падданых Вялікага княства Літоўскага. “На гэтым этапе балцкая ідэя была звязана выключна з дахрысціянскай рэлігіяй. Але гэты этап адбыўся ў пэўны гістарычны момант і скончыўся з прыняццём Хросту ўсёй Літвой у выніку шлюбу Ягайлы і святой Ядзвігі, каралевы Польшчы. І мы, літвіны-католікі, у гэтым мерапрыемстве ўзяць удзел не можам, бо яно мае яскравы дахрысціянскі акцэнт”, — падкрэсліў лідар Краёвага згуртавання літвінаў.

Паводле яго, паганская ідэя сёння з’яўляецца толькі часткай вобразу вялікалітоўскай ідэі. “Дастаткова значная частка людзей прытрымліваецца такога погляду. Але яны не вычэрпваюць сабой усіх, хто сябе лічыць літвінамі”, — дадаў Аляксандр Стральцоў-Карвацкі.

Фота nn.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі