Прарасійская арганізацыя скардзіцца ў пракуратуру на лідара МХД

Лідару Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марыне Хоміч патэлефанавалі з Цэнтральнага РАУС Менска і паведамілі, што прадстаўнікі арганізацыі “Русь Маладая” (Румол) падалі на яе скаргу ў пракуратуру за правядзенне канцэрту Змітра Вайцюшкевіча ў гонар Алеся Чаркашына ў рамках сустрэчы з выбаршчыкамі. Пры гэтым Алеся Чаркашына румолаўцы называюць наймітам.

Пракуратура дэлегавала разгляд звароту ў РАУС, які запрасіў лідара МХД на размову. “Я адмовілася, тым больш, што зараз за мяжой. Правядзенне канцэрту я не адмаўляю, а рэагаваць на заявы незразумелых арганізацый не бачу сэнсу”, – адзначыла Марына Хоміч.

“Такія шавіністычныя прарасейскія арганізацыі, як “РуМол”, проста шалеюць ад любых праяваў волі да незалежнасці Беларусі. Па-першае, Алесь Чаркашын быў капеланам і санітарам на Данбасе, а гэта годная хрысціянская справа. Па-другое, сам “РуМол” трэба забараніць у Беларусі як антынацыянальную, антыдзяржаўную, шавіністычную арганізацыю, якая пасягае на суверэнітэт нашай Радзімы, ганьбіць нашу мову, культуру і дзяржаву. Раю беларускім “праваахоўнікам” заняцца арганізацыямі, якія рыхтуюць акупацыю Беларусі”, – падкрэсліла лідар МХД.

У сваю чаргу сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заявіў, што канцэрт памяці Алеся Чаркашына – гэта даніна памяці годнаму чалавеку. “Хрысціянскія дэмакраты супраць таго, каб беларусы ваявалі па-за межамі краіны ў чужых войнах. Але, дзякуючы тым, хто сёння бароніць незалежнасць Украіны, боты расейскіх жаўнераў яшчэ не топчуць Беларусь. Сёння Україна, заўтра Беларусь, паслязаўтра – Прыбалтыка, Польшча і Еўразвяз. Гэткая логіка шавіністычнага расейска-пуцінскага рэжыму. І гэта мусіць быць зразумела любому разумнаму чалавеку. Акупацыя тэрыторыі Украіны можа стаць прэлюдыяй да Трэцяй сусветнай вайны. Кожны, хто сёння бароніць незалежнасць братняй Украіны, бароніць Беларусь, Еўропу і свет ад чарговай катастрофы”, – дадаў ён.

Арганізацыя “Русь Маладая” была зарэгістраваная ў Беларусі ў 2011 годзе. У 2014 годзе старшыня арганізацыі Сяргей Лушч паставіў свой подпіс пад зваротам да Пуціна з заклікам супрацьстаяць уладам Украіны. Сам Сяргей Лушч, які ў свой час быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Віктара Цярэшчанкі, адносіцца да тых, хто “вельмі неадназначна ставяцца да суверэннага беларускага праекту, часта скочваюцца на пазіцыі адмаўлення права беларускай нацыі на самавызначэнне, скептычна ставяцца да беларускай мовы, культуры, афіцыйнай версіі беларускай гісторыі”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі