У Бялынічах паставілі крыж на каталіцкіх могілках, уратаваных ад зносу

Великоселец
‘З Магілёва ў Бялынічы, – мястэчка, дзе знаходзіўся цудадзейны абраз Мацi Божай, – 25 верасня прыйшла першая ў сучаснай гісторыі пешая каталіцкая пілігрымка.

У пілігрымцы узялі ўдзел больш за 50 чалавек, сярод якіх былі вернікі, святары і кансэкраваныя асобы з парафій Магілёва, Бабруйска і Бялынічаў. Узначаліў пілігрымку кс. Вадзім Сурвіла, душпастыр парафіі Божай Міласэрнасці ў Магілёве, разам з манахіняй-дамініканкай сястрой Наталляй і манахіняй сястрой Верай з кангрэгацыі Місіянерак Святой Сям’і. Харчаванне пілігрымаў зладзілі манахі-кларэтыны а. Ежы Вежхоўскі CMF і а. Віталь Чабатар CMF з парафіі святога Антонія ў Магілёве, паведамляе catholic.by.

На пачатку літургіі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB прывітаў пілігрымаў, душпастыраў Магілёўшчыны, вернікаў і гасцей, і заклікаў маліцца аб аднаўленні марыйнага санктуарыя ў Бялынічах, а таксама аб тым, каб пешая пілігрымка стала штогадовай традыцыяй.

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які ўзначаліў святочнае набажэнства, у гаміліі нагадаў пра неабходнасць жыцця з Богам і паводле Яго запаведзяў. Біскуп заахвоціў вернікаў цвёрда скіроўваць свой позірк на алтар. Распавядаючы пра бязвер’е і антыклерыкальныя падзеі на Захадзе і Усходзе, ён перасцярог прысутных перад разбуральным уплывам сатаны і заклікаў моцна трымацца веры ў Хрыста.

Пасля святой Імшы супольнасць вырушыла ў працэсіі на зруйнаваныя каталіцкія могілкі ХVІІІ–ХІХ стагоддзяў, молячыся Вяночкам да Божай Міласэрнасці. На могілках быў усталяваны каталіцкі крыж як знак памяці пра пахаваных тут продкаў.

Падчас асвячэння крыжа біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падзякаваў мясцовым уладам, а таксама тым, хто планаваў будаваць на месцы былых могілак краму, але адмовіўся ад гэтай ініцыятывы дзеля ўшанавання спачылых тут людзей.

Падчас урачыстасці у Бялынічах спяваў салезіянскі музычны гурт «Небасхіл» з Мінска.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі