Папа Рымскі ў Баку заклікаў да міру на Каўказе

pope

Папа Рымскі Францішак 2 кастрычніка прыбыў у Азербайджан. Пасля кароткай цырымоніі прывітання аўтамабіль з Пантыфікам накіраваўся ў касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баку на Еўхарыстыю з каталіцкай супольнасцю Азербайджана.

Затым, пасля прыватнай размовы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і ўскладання кветак да помніка загінулым за незалежнасць краіны, Папа сустрэўся з азербайджанскімі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі і прадстаўнікамі дыпкорпусу, акрэдытаванага ў краіне. Ён пажадаў, каб з Божай дапамогай і дзякуючы добрай волі бакоў на Каўказе былі пераадолены супярэчнасці і ён стаў прыкладам вырашэння старых і новых канфліктаў, паведамляе беларуская служба Ватыканскага Радыё.

Папа заўважыў, што шлях ўмацавання палітычных інстытутаў, сацыяльнага і эканамічнага росту краіны патрабуе пастаяннай ўвагі да найбольш патрабуючых і магчымы толькі ва ўмовах узаемапавагі і супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі розных культур і рэлігій, а таксама паміж краінамі.

Ён выказаў сваю блізкасць усім, хто быў вымушаны пакінуць краіну па прычыне крывавых канфліктаў. Ён высока ацаніў гарманічныя адносіны нешматлікай мясцовай каталіцкай супольнасці з мусульманамі, праваслаўнымі і яўрэямі.

“Прыхільнасць да сапраўдных рэлігійных каштоўнасцей несумяшчальна са спробамі сілай навязваць іншым уласныя погляды, прыкрываючыся іменем Бога”, — нагадаў Папа і пажадаў, каб “вера ў Бога была крыніцай і натхненнем для ўзаемапаразумення і павагі, для дапамогі адзін аднаму на карысць агульнага дабра грамадства”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі