У падмурак будучага мінскага санктуарыя ўмуравалі камень з Ватыкана

Лошица
У Мінску ў парафіі Маці Божай Ружанцовай 1 кастрычніка мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ўзначаліў Святую Імшу з нагоды ўмуравання вуглавого каменя у падмурак будучага санктуарыя Божай Міласэрнасці.

Вуглавы камень прывезены з базылікі святога Пятра ў Ватыкане, ён падораны і асвечаны Папам Францішкам, паведамляе catholic.by.

Урачыстасць была прымеркаваная да парафіяльнага свята Маці Божай Ружанцовай, якое Каталіцкая Царква адзначае 7 кастрычніка, і адбылася напрыканцы Года Божай Міласэрнасці, абвешчанага Папам Францішкам.

У гэты дзень парафію наведалі мінскія святары, а таксама Генеральны настаяцель кангрэгацыі міхалітаў, да якой належыць пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч, –  ксёндз Дар’юш Вільк, а таксама эканом кангрэгацыі міхалітаў кс. Ежы Сасінскі.

Упершыню святочная ўрачыстасць адбылася пры палявым алтары, які ўвойдзе ў адзіны комплекс санктуарыя Божай Міласэрнасці. Прамаўляючы гамілію, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што ўрачыстая падзея ўмуравання каменя адбываецца на пачатку кастрычніка – месяца малітвы Ружанца ў Каталіцкім Касцёле.

Мітрапаліт нагадаў таксама пра сутнасць ружанцовай малітвы і яе значэнне, заклікаўшы маліцца ёю штодня.

«Сёння ў парафіі Маці Божай Ружанцовай, у маляўнічым мінскім раёне Лошыца, адбываецца яшчэ адна знакавая падзея – асвячэнне вуглавога каменя пад будучую святыню, якой адначасова прызначаная роля быць санктуарыем Божай Міласэрнасці. Ужо сам факт, што ў гэтым раёне сталіцы Беларусі ёсць капліца і пачынаецца будаўніцтва новага касцёла, з’яўляецца не чым іншым, як знакам Божай міласэрнасці», – сказаў мітрапаліт Кандрусевіч у гаміліі.

«Гэтая гістарычная падзея – умураванне вуглавога каменя з базылікі святога Пятра ў Ватыкане – застанецца ў памяці не толькі гэтай парафіі, але і ўсяго Касцёла ў Беларусі. Сёння тут, у Мінску, паўстае гісторыя ўсяго Паўсюднага Касцёла. Гэтая ўрачыстасць закранае сэрца кожнага з нас. І дзякуем Пану Богу, што дазволіў нам дачакацца гэтага дня, калі камень стаўся ўмураваным у гэтую святыню», – падкрэсліў Генеральны настаяцель кангрэгацыі міхалітаў кс. Дар’юш Вільк.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі