Новы лідар Супольнасці хрысціянскіх журналістаў распавяла пра свае планы

czapleva

29 верасня быў абраны новы лідар грамадзянскай ініцыятывы Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў. Ім стала журналіст “Новага часу” Вікторыя Чаплева. У інтэрв’ю Krynica.info яна распавяла пра свае планы і бачанне далейшай дзейнасці СХЖБ, пра хрысціянскую журналістыку і  новыя ініцыятывы супольнасці.

Krynica.info: Вікторыя, Вас нядаўна абралі кіраўніком СХЖБ. Распавядзіце, калі ласка, што гэта за ініцыятыва? Якія яе мэты? Хто можа быць сябрам ініцыятывы? 

Чаплева: Я добра памятаю, як даведалася пра існаванне СХЖБ. Калі я вучылася на трэцім курсе журфака, я паехала на адзін з трэнінгаў, які праводзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. На той момант у маёй галаве ніяк не сумяшчаліся паняцці “вернік” і “журналіст”. Але на тым трэнінгу прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі зрабіў абвестку, што пры асацыяцыі ўтварылася супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў. І шчыра ўсіх заклікаў далучацца. Напэўна, з таго моманту азначэнне “хрысціянскі журналіст” па-ціхонечку стала ўпаўзаць у маё жыццё. Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў — гэта тая ініцыятыва, якая аб’ядноўвае прафесійных журналістаў, журналістаў-аматараў, прадстаўнікоў рэлігійных СМІ, блогераў, якія з’яўляюцца хрысціянамі незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці альбо пішуць тэксты на хрысціянскую тэматыку. Зрэшты такі буйны праект як Krynica.info быў запушчаны дзякуючы стварэнню СХЖБ. У нас няма членскага білета або грашовых унёскаў. Сябрам ініцыятывы можа стаць любы журналіст, які пераследуе тыя мэты, якія я ўжо пералічыла.

Krynica.info: Ці маеце Вы планы на развіццё супольнасці? Што б хацелі дасягнуць?

Чаплева: Безумоўна, я малюся за тое, каб Госпад паказаў, як Ён бачыць гэтую супольнасць і што менавіта Ён хоча данесці да людзей праз журналісцкія здольнасці вернікаў. На мой погляд, за гэтыя два з паловай гады была ўжо праробленая каласальная праца па актывізацыі дзейнасці хрысціянскіх журналістаў. Мінулыя кіраўнікі СХЖБ Максім Гацак і Анатоль Шырвель намагаліся павыцягваць журналістаў, якія пішуць на хрысціянскую тэматыку, блогераў і напаўняльнікаў царкоўных сайтаў. Максім у мінулым годзе арганізоўваў сустрэчы для хрысціянскіх журналістаў, Анатоль аб’ездзіў буйныя гарады Беларусі з семінарамі па сацыяльнай адказнасці. Праводзіліся адукацыйныя семінары для хрысціянскіх журналістаў,  двойчы быў праведзены конкурс журналісцкіх матэрыялаў “Жыццё пад сэрцам”.

А калі казаць наконт маіх планаў адносна развіцця СХЖБ, то я магу толькі назваць тыя рэчы, якія мне як хрысціянскай журналістцы баляць. Безумоўна, тыя некаторыя матэрыялы ў СМІ, якія прапагандуюць варожасць па нацыянальных і рэлігійных прыкметах, падмена паняццяў і прапаганда каштоўнасцяў, якія поўнасцю супярэчаць Евангеллю. І мы, хрысціянскія журналісты, не можам наўпрост хавацца дзесьці у цэрквах. Таму кастрычнік і лістапад мы абвясцілі месяцамі матэрыялаў на тэму абароны жыцця. І заклікаю ўсіх далучыцца да гэтай акцыі.

Адчуваю я і некампетэнтнасць журналістаў у сферы хрысціянскай журналістыкі. Я думаю, што супольнасць для таго і створана, каб дзяліцца адно з адным сваімі метадамі і прыёмамі ў працы, каб павышаць сваю прафесійнасць. Таму было прынятае рашэнне аб стварэнні Школы хрысціянскай журналістыкі, першы занятак якой пройдзе ў лістападзе. Турбуе мяне і той факт, што часам журналісты, якія пішуць на рэлігійную тэматыку, падзяляюць людзей і вядуць схаваную маніпуляцыю, выкарыстоўваюць мову варожасці. Таму, мяркую, нам усім варта рабіць больш надканфесійных матэрыялаў. Бо Хрыстос казаў: “Каб усе былі адно”.

2Krynica.info: Што для Вас значыць хрысціянская журналістыка? Ці адрозніваецца яна чымсьці ад звычайнай журналістыкі?

Чаплева: Для мяне хрысціянская журналістыка — гэта адно з разгалінаванняў журналістыкі. І яно павінна займаць такую ж нішу, як і палітычныя, сацыяльная альбо культурная журналістыка. Бо ў ёй ёсць свае нюансы і правілы, якія журналісты мусяць ведаць, калі ствараюць кантэнт. Напачатку я не магла ўсвядоміць, хто такі хрысціянскі журналіст. І часам мне не хацелася насіць такі статус, бо я блытала яго са статусам “рэлігійнага журналіста”, які па сваёй спецыфіцы больш вузкі, чым “хрысціянскі журналіст”. Мне падаецца, што рэальнасць у Беларусі такая, што тэрмін хрысціянская журналістыка будзе гучаць больш правільна, чым “рэлігійная”. Тым больш Krynica.info як самы буйны хрысціянскі партал Беларусі паказаў, што ў нашай краіне сваю нішу займае міжканфесійная журналістыка. Таму для мяне, найперш, хрысціянская журналістыка, па сваім тэрміне нават, — той сродак, які аб’ядноўвае людзей. Таму тут журналістам варта сачыць і за лексікай, і за адсутнасцю маніпуляцыі ў тэксах або відэаматэрыялах. Нават калі мы даем хрысціянскі погляд на пэўную падзею ў Беларусі ці свеце, то мусім разглядаць падзею праз святло Хрыста.

Krynica.info: Наколькі я ведаю, Вы таксама каардынуеце дзейнасць кампаніі “Крыніца валанцёраў”. Не маглі б распавесці больш падрабязна, што гэта такое і з чым гэта ядуць?

Чаплева: Ідэя клуба “Крыніца валанцёраў” нарадзілася даўно. Займаўшыся валанцёрствам у “Хрысціянскім валанцёрскім руху святога Мікалая” дагэтуль, я адчувала, што валанцёрскія арганізацыі не ўзаемадзейнічаюць адна з адной. І няма ніякай школы для валанцёра, як гэта ёсць у Еўропе, пры тым па розных накірунках валанцёрства. Гэтая ідэя круцілася ў галаве доўга, пакуль была не агучана супрацоўнікам Krynica.info. Воля Севярынец адразу яе падтрымала. Мы пазіцыянуем сябе як міжканфесійны валанцёрскі клуб. Нам усім, супрацоўнікам Krynica.info, Бог даў ласку міжканфесійнага служэння ў Беларусі. Першапачатковая мэта клуба — гэта аб’яднанне сацыяльных служэнняў розных цэркваў і касцёлаў. Як мы гэта сталі дасягаць? Увесну мы правялі дзве сустрэчы клуба — “Дапамога дзецям з прытулкаў” і “Дапамога бяздомным”. Мы расшукваем па царкоўных і грамадскіх арганізацыях тых людзей, якія займаюцца пэўным служэннем, запрашаем іх на сустрэчы, на якіх яны пачынаюць дзяліцца практычнымі навыкамі з іншымі валанцёрамі.

31

Акрамя адукацыйнай функцыі “Крыніца валанцёраў” вырашыла, што будзе спрабаваць займацца і каардынацыяй валанцёрскіх арганізацый у Беларусі. Зараз мы ствараем базу “гарачых” валанцёраў, якія змогуць далучыцца да акцыі пэўнага аб’яднання, якому бракуе валанцёраў. Таксама мы збіраем практычныя матэрыялы — гульні для дзяцей, парады для дарослых, адрасы, дзе могуць дапамагчы бяздомным. Клуб існуе паўгады. І, шчыра кажучы, мы не будавалі ніякіх планаў — мы проста рабілі тое, што адчувалі. І я бачу, што Богу гэтае служэнне патрэбнае, таму Ён і дае сілы яго панесці.

Krynica.info: Ці плануеце Вы неяк сумяшчаць сваю дзейнасць у СХЖБ і ў “Крыніцы валанцёраў”?

Чаплева: Безумоўна я планую сумяшчаць і дзейнасць у клубе, і дзейнасць у СХЖБ. Так атрымалася, што і адно, і другое з’явілася ў маім жыцці само сабой. І я гэта ўспрымаю як Волю Божую. Мне вельмі запомніліся словы майго духоўніка, які казаў пра адно са сваіх служэнняў такім чынам: “Я не хачу гэтым займацца па-чалавечы. Бо ўвесь гэты перыяд я заўжды хварэю і знаходжуся ў прастрацыі. Але ў той жа час я адчуваю, што Бог гэтага хоча і дае менавіта мне здольнасці для гэтага служэння”. Я не ведаю, ці атрымаецца ў мяне якасна сумяшчаць працу ў гэтых двух арганізацыях, маючы яшчэ шэраг важных справаў. Але я адчуваю, што і адно, і другое служэнні знаходзяцца на пачатковай стадыі. І яны вельмі важныя для Беларусі. І часам, безумоўна, па-чалавечы я разумею, што, мажліва, занадта гэтай адказнасці, што я не паспяваю і не выконваю. Я разумею, што не маю багатага досведу ў журналісцкіх і грамадскіх справах. Але калі на тое ёсць Воля Божая, то Госпад і дапамагае, і вядзе, і падымае, калі раптам спатыкнуўся.

Krynica.info: Ну што ж, ад імя Krynica.info жадаем Вам поспехаў і Божага дабраславення ў Вашых справах!

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі