У Мінску пройдзе пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы

2016-10-07-pre-b

Наступнае пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы пройдзе з 28 верасня па 1 кастрычніка 2017 года ў Мінску. Пра гэта стала вядома 8 кастрычніка пасля вечаровага галасавання біскупаў на пасяджэнні Рады, якое праходзіць з 6 па 9 кастрычніка ў Манака. Беларусь на ім прадстаўляюць мiтрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў абранне Мінска сталіцай чарговага пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы «знакам вялікай павагі, гонару і прэстыжу для Касцёла ў Беларусі і для Беларусі ў цэлым», а таксама прасіў маліцца аб паспяховай падрыхтоўцы і правядзенні гэтай падзеі, паведамляе Catholic.by.

Выступаючы перад удзельнікамі пасяджэння РККБЕ, ён адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі зробіць усё магчымае, каб наступнае пленарнае пасяджэнне РККБЕ было арганізавана на найлепшым узроўні і прынесла добры плён.

«Беларускі народ талерантны адносна розных нацыянальнасцяў і рэлігій. Гэта вялікае багацце нашай краіны, якое мы павінны захаваць для будучых пакаленняў», — сказаў арцыпастыр, дадаўшы, што «свецкая ўлада садзейнічае мірнаму суіснаванню і супрацоўніцтву паміж рознымі канфесіямі і рэлігіямі».

Асобна мітрапаліт падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з Праваслаўнай Царквой. Ён паведаміў, што разам з Праваслаўнай Царквой і прадстаўнікамі пратэстанцкіх канфесій штогод ладзіцца экуменічная сустрэча падчас Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, а католікі, праваслаўныя і лютэране з’яўляюцца членамі Міжнароднай групы паяднання паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Германіяй.

«Выказваю надзею, што прабыванне старшынь Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Мінску дапаможа ім лепей пазнаць жыццё і рэальнасць Касцёла, экуменічныя адносіны і адносіны з дзяржавай, а таксама традыцыі беларускага народа», – заявіў мітрапаліт.

У склад Рады Канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы ўваходзяць 39 членаў: прадстаўнікі Канферэнцыі Біскупаў еўрапейскіх краін і некалькі іншых іерархічных структур.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі