Біскуп Буткевіч: “Маліцца заўсёды” – тое ж самае, што ездзіць на ровары ці любіць (фотарэпартаж)

У Полацк у каталіцкую парафію святога Андрэя Баболі 16 кастрычніка прыехаў з афіцыйным “інспекцыйным” візітам біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Цягам тыдняў парафіяне рыхтаваліся да сустрэчы бы да асабістага свята, найперш – маладыя вернікі 14-17 гадоў, якія меліся атрымаць з рук біскупа сакрамэнт бежмавання (хрысціянскай сталасці, калі малады чалавек усвядомлена пацвярджае выбар веры, зроблены некалі за яго бацькамі пры хросце).

Полоцк
Рыхтаваліся таксама бацькі галоўных герояў урачыстасці, міністранты, хор, кабеты, якія старанна прыбіралі касцёл, і нават самыя малыя парафіяльныя дзеці, якія не ўмеюць чытаць, таму песню пра маленькую авечку, што крочыць за Пастырам, вучылі разам з манахінямі на слых.

Гамілія біскупа Віцебскага прысвячалася фрагменту з Евангелля, у якім Хрыстос дае звышнатуральнае, на першы погляд, прыказанне: “Маліцца заўсёды”. Што значыць маліцца заўсёды, хіба гэта сур’ёзна? – прапанаваў паразважаць біскуп, нагадаўшы, што і ў манастыры манахі і манахіні не ўвесь час моляцца, а яшчэ і працуюць, і займаюцца ўласным побытам.

Полоцк
“Малітва – гэта не словы, а, найперш, жаданне здзейсніць нешта з дапамогай Бога, – з упэўненасцю ў рэальнасці і сапраўднай магчымасці такой дапамогі. Мы часам адгаворваем малітвы ружанца, пачынаючы думаць пра іх сэнс, а пасля раптам ловім сябе на тым, што, молячыся, даўно ўжо думаем пра ўласныя справы. Гэта таксама малітва, але малітва, якая абавязкова павінная быць пачутая Богам, – гэта малітва-жаданне. Бог бачыць нашыя жаданні і нястачы, але, каб пераканацца ў тым, што нам гэта сапраўды трэба, Ён хоча гэтае “нешта” у просьбе ад нас пачуць”, – падкрэсліў біскуп, прывёўшы параўнанне з любоўю маці: “Колькі разоў на дзень трэба маліцца? Колькі разоў на дзень маці павінная любіць сваё дзіця? Абодва пытанні недарэчныя, бо маці любіць сваё дзіця заўсёды, нават калі думае пра іншае, а не пра яго патрэбы”.

Полоцк
Таксама розніцу ў моцы веры і настойлівасці ў малітве біскуп Віцебскі параўнаў з роварам: “Дзіця, калі едзе на дзіцячым ровары, павіннае ўвесь час круціць педалі, бо йнакш стане. Дарослы, калі едзе, можа дазволіць сабе спыніць рух нагамі, – ровар усё адно будзе каціцца, але толькі нейкі час, пасля зноў трэба будзе парухаць педалі. А, калі ўздымаемся ў гару, каб яе пераадолець, мы пачынаем круціць педалі мацней і рытмічней, – тое ж адбываецца і з малітоўнай практыкай”.

Пасля сканчэння Імшы біскуп Буткевіч прапанаваў усім жадаючым вернікам “вольны фармат” размоваў, выйшаўшы з сакрыстыі без святочнага арнату і надзяліўшы час усім, хто меўся апавесці яму пра свае “складаныя пытанні”, супольныя ўспаміны ці проста пазнаёміцца і зрабіць сэлфі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі