Вернікі са Шчучына ўзялі матэрыяльны ўдзел у парафіяльным будаўніцтве ў Горках

щучин
У Шчучыне у парафіі святой Тэрэзы ад Ісуса цягам трох дзён – з 12 па 15 кастрычніка – трывала 40-гадзіннае малітоўнае чуванне, кульмінацыяй якога стала адпустовае парафіяльнае свята з Эўхарыстычнай працэсіяй у гонар нябеснай апякункі парафіі, якое ўзначаліў ксёндз дэкан Юрый Кузьміч.

Духоўнымі развагамі падчас Святых Імшаў малітоўную ініцыятыву суправаджаў госць парафіі – святар з Горак кс. Андрэй Кеўліч.

Мэтай прыезда святара была не толькі духоўная дапамога і супраца з мясцовымі вернікамі, – ксёндз прывез сімвалічныя “цаглінкі” для працягу будаўніцтва капліцы ў сваім прыходзе.

Горки
Набыўшы такую “цаглінку” – прыгожа аздобленую картку – вернікі маглі матэрыяльна далучыцца да тых працаў, якія адбываюцца ў парафіі ва ўсходняй частцы краіны.

На вернікаў шчучынскай парафіі, якой апякуюцца манахі-піяры, і якая мае багатыя традыцыі, у якой шмат моладзі і людзей сярэдняга ўзросту, вялікае ўражанне зрабілі аповеды госця пра рэчаіснасць парафіяльнага жыцця ў Горках – горадзе, дзе, як і ў іншых населеных пунктах Магілёўшчыны, каталікі зазналі асабліва жорсткі ўціск з боку Расійскай імперыі яшчэ задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Горки
Тэмай трохдзённых духоўных практыкаванняў, якія зладзіў святар, стала добра вядомая прыпавесць пра добрага самараніна. Гісторыю чалавека, які, пабачыўшы збітую ахвяру рабавання, узяў на сябе клопат пра пацярпелага, ведаюць нібыта ўсе. Тым не меней, святар прапанаваў шчучынскім вернікам паглядзець на яе розныя аспекты больш падрабязна, перажыць разам з добрым самаранінам кожны яго крок: збочыць з дарогі, каб агледзець ляжачага ў крыві чалавека, выпацкацца аб яго, цягнуць яго на сабе ў горад, шукаць яму прытулак, плаціць за яго лекаваннне, цікавіцца яго лёсам, тлумачыць навакольным свой учынак.

Вынікам супольных развагаў стала жаданне шчучынскіх каталікоў самім выступіць у ролі добрага самараніна і дапамагчы незнаёмым ім вернікам з Горкам.

Адразу па вяртанні ў сваю парафію кс. Андрэй Кеўліч змог набыць разам з парафіянамі чарговую партыю будаўнічых матэрыялаў, каб працягнуць будоўлю капліцы. “Для нашай парафіі гэта не проста газасілікатныя блокі, – гэта жывое сведчанне таго, як Госпад дзейнічае пра людзей”, – дзеліцца сваімі ўражаннямі святар.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі