Катастрафічнае спажыванне беларусамі алкаголю для рознічнага гандлю не аргумент

алкоголь

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) за 2014 год Беларусь займае 10-е месца ў свеце па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва. На кожнага жыхара краіны прыпадае 15 літраў. Аднак для беларускага рытэйлу гэтага недастаткова для прыняцця абмежавальных мер адносна продажаў алкаголю.

У прыватнасці, 20 кастрычніка сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак Сяргей Смольскі раскрытыкаваў прапановы прадаваць спіртныя напоі, у тым ліку піва, толькі праз спецыялізаваныя аддзелы, а час гандлю алкаголем абмежаваць перыядам з 09:00 да 22:00. «Беларусы – не нацыя алкаголікаў, каб заганяць іх ва ўмовы ў стылі 90-х. Гэта выкліча незадаволенасць большасці насельніцтва і створыць сур’ёзныя нязручнасці. Людзі павінны будуць адстаяць адну чаргу, а потым пайсці ў іншы аддзел і адстаяць там чаргу», – сказаў ён, перадае БелТА.

Мабыць, у доказ таго, што беларусы не нацыя алкаголікаў, сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак Андрэй Зубкоў адзначыў, што алкаголь сёння прысутнічае ў 40% чэкаў пакупнікоў. Паводле яго слоў, прапанаваныя абмежаванні істотна паўплываюць на таваразварот гандлёвых сетак. Паводле ацэнак асацыяцыі, зніжэнне тавараабароту можа скласці ад некалькіх адсоткаў да 25%. Найбольшыя праблемы яны прадракаюць невялікім крамам фармату «каля дома», якія балансуюць ля нулявой адзнакі.

У Асацыяцыі адзначаюць, што абмежаванне легальнага гандлю алкаголем пацягне за сабой рост продажаў кантрафактнай і падробленай прадукцыі, асабліва ў памежных з Расіяй рэгіёнах, дзе аб’ём афіцыйна прадаванага алкаголю ніжэй на 25%, чым у сярэднім па Беларусі. Рытэйлеры адзначылі, што ў прапанаваных мерах нічога не гаворыцца пра ўзмацненне барацьбы і адказнасці за кантрафактную прадукцыю, за спіртазмяшчальныя лекавыя прэпараты, самагонаварэнне. Не выключаюць яны пагаршэння становішча індустрыі спіртных напояў і зніжэння падатковых паступленняў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі