Наста Дашкевіч: у ЕС нікога не здзівіш заняткамі па рэлігіі ў школах

У краінах Еўразвязу заняткамі па рэлігіі ў школах нікога не здзівіш. Пра гэта ў сваім блогу на Радыё Свабода заявіла грамадская актывістка Наста Дашкевіч.

“Дзяржава заключае пагадненне з пэўнай Царквою, якая ў сваю чаргу накіроўвае сваіх святароў для выкладання. Усё па згодзе абодвух бакоў — без гвалту. Гэта як бы ў нашай адной канкрэтнай школе ці гімназіі дырэктар пажадаў бы заключыць пагадненне з царквою, касцёлам альбо евангельскім зборам. Альбо з усімі разам для кожнай зацікаўленай групы”, — адзначыла яна.

Паводле яе, “такія заняткі маглі б адкрываць дзеткам хрысціянства як жыццёвую неабходнасць любіць, служыць, чуць іншых, быць пільным да чужой бяды”.

“Я бачу гэта ў дабрачынных вечарынах, кірмашах, канцэртах. У наведванні (а можа нават патранажы) дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. У гутарках са святарамі, якія адкрываюць ім важнасць несці святло ў грамадства, быць уважлівымі да настаўнікаў і аднакласнікаў, шанаваць сваіх бацькоў, служыць іншым, ахвяруючы нечым сваім. Я бачу гэта ва ўдзеле ў скаўцкім руху, заснаваным на хрысціянскіх каштоўнасцях. Як гучыць скаўцкая прысяга? Доўг перад Богам, Радзімай і самім сабой. Вось тры кіты для выхавання паўнавартаснай асобы!” – упэўненая актывістка.

Пры гэтым яна асцерагаецца, каб заняткі, прысвечаныя Закону Божаму, не пераўтварыліся ў галачку для сацыяльнага педагога. “Мне б хацелася, каб гэтыя заняткі сталіся штуршком да стварэння школьнага дабрачыннага фонду, запачаткавання новых унутрышкольных арганізацыяў, гуртавання валанцёрскіх брыгадаў на розныя патрэбы. Каб гэта была гадзінка шчырых гутарак пра сяброў, бацькоў, краіну і яе наваколле. Дзецям патрэбна, каб ім нарэшце нехта сказаў, што яны здольныя змяняць свой клас, школу, дом, горад, краіну… Ды што там — сусвет! Дайце дзецям свабоду і светач, каб свяціў пад ногі — і няхай яны рушаць. А святары — натхняюць, умацоўваюць, тлумачаць, дапамагаюць”, — падкрэсліла Наста Дашкевіч.

На яе думку, высокія ідэалы, патрыятызм, каштоўнасці немагчыма прышчапіць без веры і “няма лепшага прыкладу служэння, любові, ахвярнасці за той, які прадэманстраваў нам Бог”.

Фота texascatholic.com

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі