КХП-БНФ і “Малады Фронт” правядуць акцыі памяці ахвяраў камунізму

Дзяды 7

Дазвол Менгарвыканкаму на правядзенне традыцыйнай жалобнай акцыі, прымеркаванай да Дзядоў, атрымала Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. Шэсце пройдзе ў нядзелю 30 кастрычніка. Збор удзельнікаў аб 11:00 на пляцоўцы каля гадзіннікавага заводу «Луч».

З 11:30 да 15:00 запланаваны праход па вуліцах Менску ва ўрочышча Курапаты, дзе да 17:00 будзе праходзіць жалобны мітынг. Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі  заклікаў удзельнікаў прыносіць з сабой бел-чырвона-белыя сцягі, кветкі, знічкі і расцяжкі. Пасля мітынгу ва ўрочышчы ўсталююць драўляны крыж, які ўдзельнікі шэсця будуць несці ўвесь шлях да Курапатаў, паведамляе Радыё Свабода.

Таксама “Малады Фронт” плануе ўшанаваць памяць тых, хто быў закатаваны ў савецкіх турмах у 1920–1930-я гады. Акцыя адбудзецца 29 кастрычніка а 19:00 каля будынку КДБ на праспекце Незалежнасці. Малады Фронт заклікае прыносіць з сабой знічкі і партрэты закатаваных беларусаў, сярод якіх былі дзясяткі культурніцкіх і грамадскіх дзеячаў.

«Камуністычны рэжым імкнуўся да таго, каб зьнішчыць нацыянальную эліту Беларусі, тым самым знішчыўшы адрозненні паміж „братнімі народамі“ і падпарадкаваўшы нашу краіну Маскве. Калі не так, то чаму першымі пад каток рэпрэсіяў траплялі дзеячы культуры? Чаму сярод арыштаваных настаўнікаў знішчалі перадусім настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры? Дзеля якой мэты ў 1920–1930-я было рэпрэсавана 90% літаратараў? Адны імёны расстрэльнага спісу 29 кастрычніка 1937 году — гэта мусіць быць вечны прысуд карнай камуністычнай ідэалогіі. Таму 29 кастрычніка а 19 гадзіне мы заклікаем усіх да будынку КДБ на акцыю памяці ахвяраў, каб заявіць нашчадкам зладзеяў, што рана ці позна, але злачынства будзе асуджана; каб засведчыць, што насуперак усім злачынствам Беларусь жыве і будзе жыць», — заявіў лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў сутарэннях КДБ было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Ахвярамі камуністычнага тэрору сталі такія выбітныя дзеячы культуры Беларусі, як Алесь Дудар, Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Валеры Маракоў, Васіль Сташэўскі, Тодар Кляшторны, Янка Нёманскі.

Як паведамляла Krynica.info, 7 лістапада ў Менску плануецца шэсце ад будынка КДБ да парку Чалюскінцаў. Акцыя прысвячаецца памяці ахвяраў НКВД-КДБ. Адпаведную заяву прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі перадалі 21 кастрычніка ў Менгарвыканкам.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі