Рэктар Тэалагічнага Інстытута ХВЕ: Хэлоўін дае магчымасць злым сілам уплываць на чалавека

Далучацца да святкавання Хэлоўіна ці не? Змагацца нам, хрысціянам, з гэтым святам ці не? Ці мае дачыненне гэтае свята ды хрысціянства або не мае? Аказваецца, кожная канфесія мае свае адказы на гэтыя пытанні. Мы намагаліся разабрацца ў заблытанай гісторыі святкавання Хэлоўіна, зразумець, які ўплыў ён мае на людзей сёння і высветліць, чаму тая ці іншая канфесія трактуе далучэнне да гэтага свята па-свойму. Нам дапамог у гэтым Сяргей Паднюк, чалец Рады біскупаў Аб’яднанай Царквы Хрысціян Веры Евангельскай у Беларусі, доктар філасофіі и багаслоўя , рэктар тэалагічнага інстытута ХВЕ.

Krynica.info: Сяргей Сяргеевіч, скажыце, чаму ў свята Хэлоўіна некаторыя ўкладаюць хрысціянскі сэнс?

Сяргей Паднюк: Хэлоўін паходзіць з Вялікабрытаніі. Ён проста святкуецца напярэдадні Дня ўсіх Святых, які каталікі святкуюць 1 лістапада. Сэнс гэтага свята — ўзгадванне тых Святых, якія ўжо памерлі. Нешта падобнае мае Праваслаўная Царква, толькі называецца гэта “Бацькоўская субота”. А калісьці людзі, якія жылі ў Вялікабрытаніі, святкавалі 31 кастрычніка дзень, калі адчыняюцца брамы іншага свету, калі ўсе духі выходзяць на зямлю і могуць мець нейкія кантакты з тымі людзьмі, якія жывуць зараз. Людзі спецыяльна рабілі свяцільнікі, якія мусілі паказваць святло і шлях душам, гатавалі ежу, рыхтавалі цукеркі, каб задобрыць гэтых духаў. Калі прыйшло хрысціянства, людзі адмянілі гэтае свята, бо яно не несла аніякіх хрысціянскіх каштоўнасцяў. Бо мы не павінны мець аніякіх адносінаў з нячыстымі сіламі. Калі чалавек усё ж такі гэта робіць, то значыць ён займаецца акультызмам. А гэта тое, што Бог забараняе як у Старым, так і ў Новым Запавеце. І Каталіцкая, і Праваслаўная, і Евангельская Цэрквы кажуць, што акультызм — гэта кепска. Бо сам Бог казаў пра тое, што гэта вялікі грэх і пра тое, што акультызм адкрывае душу чалавека для ўдзелу ў ёй злых сілаў. І гэтае святкаванне было забаронена. Але час ад часу Хэлоўін святкаваўся.

Krynica.info: Чаму так склалася, што розныя канфесіі трактуюць святкаванне Хэлоўіна па-рознаму?

padniuk

Сяргей Паднюк: Каталіцкая Царква на гэта сказала, што гэтае святкаванне не такое ўжо і дрэннае, бо яно мусіць нагадваць, што душы нашых продкаў пасля смерці перасяляюцца ў іншы свет. І гэта нагадвае нам хрысціянскія запаветы, бо мы ведаем, што нічога не сканчваецца на зямлі і што душа далей працягвае існаваць. Але так кажа Каталіцкая Царква. Праваслаўная Царква супраць гэтага святкавання. Яна кажа пра тое, што ў гульнях з нячыстай сілай няма нічога добрага. Меркаванне пратэстанцкіх цэркваў тут падзяляецца. Лютэранская, Рэфармацкая Цэрквы кажуць пра тое, што гэта і ні добра, і ні кепска. А для дзяцей — гэта толькі гульня, бо яны бавяцца і спяваюць. Але дзеці апранаюцца як монстры, ведзьмакі… На што Цэрквы адказваюць, што гэта дзеці, якія не задумваюцца пра глыбокі сэнс маскараду. Калі казаць пра баптыстаў, пяцідзясятнікаў, то яны кажуць пра тое, што гэта свята не мае хрысціянскіх каранёў. А сэнс гэтай гульні накіраваны супраць хрысціянства. Таму, на мой погляд і на погляд нашага брацтва, Хэлоўін — не тое свята, якое можна святкаваць. І хрысціяне павінны выступаць супраць яго, бо багата людзей несур’ёзна ставяцца да свайго духоўнага стану.

Krynica.info: Калі мы будзем выходзіць на вуліцы ў гэты вечар і проста весяліцца, ці будзе нам нешта пагражаць?

Сяргей Паднюк: Усё тое, што мы робім, павінна мець нейкую мэту. Навошта я гэта раблю? За ўсё, што я раблю, я буду адказваць перад Богам. І Госпад запытае ў мяне: “Навошта ты гэта рабіў?” Калі я апранаюся як вядзьмак, то што як хрысціянін гэтым хачу сказаць? Я вызнаю адны каштоўнасці, а сваім знешнім выглядам паказваю зусім іншае. Нават знешнім выглядам я павінен вызнаваць Хрыста. Напрыклад, я не буду апранацца як жанчына, калі з’яўляюся мужчынам. Я не буду рабіць прычоску, каб паказваць, што я адношуся да той ці іншай субкультуры, бо гэта будзе азначаць тое, што я згаджаюся з каштоўнасцямі гэтай суполкі, а не з каштоўнасцямі, якія пакінуў мне Хрыстос. Калі я нешта раблю добрае, што мае ўплыў на мой духоўны свет — малюся ці чытаю Біблію — Бог дае дабраславенні, што і абараняе мяне ад злых сілаў. Калі я звяртаюся да акультных практык, чытаю кнігі, якія мяняюць мой светапогляд, або пачынаю паводзіць сябе як вядзьмак, то такім чынам я адчыняю дзверы маёй душы для злых сілаў, якія могуць мець на мяне ўплыў. Тое ж самае тычыцца і забабонаў. Сам па сабе чорны кот мне нічога не зробіць, як і вядзьмарскае адзенне, як і гарбуз. Але ж калі я гэта практыкую, то адчыняю духоўныя дзверы, праз што я магу мець праклён ад злых сіл. І за гэтым мяне чакаюць сур’ёзныя наступствы ў жыцці.

Krynica.info: Нам, як хрысціянам, журналістам часта даводзіцца чуць нешта накшталт “чым больш вы змагаецеся з Хэлоўінам, тым больш вы яго прапагандуеце”. Як нам быць?

padniuk1

Сяргей Паднюк: Так, калі вы пачынаеце пра гэта казаць, людзі пачынаюць звяртаць сваю ўвагу на гэтае свята. Бо калі не звяртаеш на гэта ўвагу, то думаеш: “Ну робяць і робяць. Падумаеш…”. А тут людзі задумаюцца: “А чаму гэта яны выступаюць “супраць”?” Але калі не будзем звяртаць увагу на гэта, людзі будуць рабіць такія рэчы па інэрцыі. Але ўсё адно гэта будзе даваць магчымасць злым сілам аказваць уплыў на жыццё гэтых людзей. У Святым Пісанні сказана, што Царква — гэта стоўп ісціны. Таму яна павінна казаць пра тое, якія каштоўнасці мы мусім вызнаваць. І мы павінны казаць не толькі пра супервысокія каштоўнасці, але і пра тыя каштоўнасці, якія тычацца нашага штодзённага жыцця. Мы павінны казаць пра тое, як Царква ставіцца да Хэлоўіна, да аднаполых шлюбаў, да абортаў. Мы павінны папярэдзіць людзей, што гэта кепска для іх. Мы павінны папярэдзіць людзей пра тое, што гэта не проста гульня, якая прыйшла да нас са Злучаных Штатаў.

Krynica.info: Некаторыя параўноваюць Хэлоўін з Купаллем. Маўляў, з Купаллем жа мы не змагаемся, тады чаму мусім змагацца з Хэлоўінам?

Сяргей Паднюк: Купалле ў сваім святкаванні таксама спрычынялася да злых сілаў. Людзі лічылі, што падчас гэтага свята можна сутыкнуцца са светам продкаў, таму яны выконвалі магічныя рытуалы, напрыклад, скокі праз вогнішча. Калі прыйшло хрысціянства, сэнсам свята зрабілі ўзгадвання Яна Хрысціцеля. Але магічныя традыцыі ў святкаванні так і засталіся. Таму святкаванне Купалля з’яўляецца нехрысцяінскім. Мы проста ў чарговы раз даем магчымасць злым сілам уплываць на чалавека. Таму і Хэлоўін, і Купалле ў гэтым сэнсе аднолькавыя.

Размаўляла Вікторыя Чаплева, фота і відэа Эльвіры Гарошка

 

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі