У Мінску прайшлі акцыі памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў

dzyady_2016_30102016_tutby_brush_phsl-9298

У Мінску 30 кастрычніка прайшло шэсце памяці ахвяр камуністычных рэпрэсій «Дзяды». Калона ўдзельнікаў рухалася па традыцыйным маршруце ад завода «Луч» да ўрочышча Курапаты – месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій, дзе адбыўся мітынг. Арганізатарам акцыі выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ.

Калону суправаджаў АМАП у форме. З лідараў апазіцыі на акцыі былі намеснік кіраўніка КХП-БНФ Юрась Беленькі і сустаршыня “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Павал Севярынец, перадае TUT.by.

Заяўнік акцыі Юрась Беленькі адзначыў, што сёння існуе небяспека паўтарэння рэпрэсій. Паводле яго, Расія пачала вайну ў Украіне, каб адцягнуць сваё насельніцтва ад крызісу ў самой Расіі. А ў сувязі з пагаршэннем сітуацыі з эканомікай, Масква яшчэ больш мае патрэбу ў такіх войнах на сваіх межах. Ён адзначыў, што ў Расіі ўжо ўстаноўлена 26 помнікаў Сталіну, а значыць, небяспека для Беларусі да гэтага часу актуальная.

«Пасля рускага слова ідзе рускае войска. Калі ты беларус і ты размаўляеш па-расейску, ты страляеш у свой народ», – падкрэсліў палітык.

Мітынг скончыўся устаноўкай крыжоў у Курапатах.

Статкевіч: у КДБ Беларусі служаць спадчыннікі сталінскіх катаў

Напярэдадні ў Мінску каля будынка КДБ на праспекце Незалежнасці прайшла акцыя «Маладога фронту» ў памяць пра ахвяраў рэпрэсіяў 1937 года. Людзі сталі на прыступках будынку КДБ, са свечкамі, бел-чырвона-белымі сцягамі і партрэтамі расстраляных ў 1937 годзе беларускіх дзеячаў культуры.

4_akciya_kgb_29102016_zam_tutby_phsl

Міліцыя склала пратаколы на ўдзельнікаў мерапрыемства: сярод іх – Мікалай Статкевіч з жонкай, актывісты «Маладога фронту» і кампаніі «Еўрапейская Беларусь». На думку Статкевіча, 79 гадоў таму ў ноч з 29 на 30 кастрычніка адбылася «добра арганізаваная спроба знішчыць нашу нацыю». Ён адзначыў, што ў КДБ Беларусі служаць спадчыннікі сталінскіх катаў, якія ганарацца гэтым і «без сумневу могуць усё паўтарыць». «У іх быў шанец на пачатку 90-х памяняць назву, а яны з гонарам апранулі крывавыя балахоны катаў на сябе», – сказаў палітык.

Па дарозе на акцыю супрацоўнікі ДАІ двойчы спынялі аўтамабіль лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча. «Гэтая акцыя іх проста ўзвар’явала, мы бачым вельмі нервовую рэакцыю. Я гэта звязваю з тым, што мы акцэнтуем увагу на тым, што нашчадкі НКВД-шнікаў і сёння кіруюць у краіне», – сказаў ён.

Каля 20:00 да будынка КДБ прыйшлі работнікі камунальнай службы, якія сумесна з міліцыянтамі паспрабавалі прыбраць свечкі і партрэты рэпрэсаваных з прыступак каля ўваходу ў КДБ. Адзін з камунальнікаў паспрабаваў выкінуць партрэт рэпрэсаванага ў скрыню, але актывісты спынілі яго дзеянні.

Праз гадзіну сілавікі сталі адціскаць удзельнікаў акцыі ад партрэтаў, і пасля актыўнага супраціву з боку актывістаў некалькі з іх (Наталля Басалыга-Гарачка, Зміцер Дашкевіч, Уладзімір Яроменак і Зміцер Пальчэўскі) былі затрыманыя. Каля паўночы затрыманых пачалі выпускаць з Цэнтральнага РУУС.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі