Праваслаўны святар: Цела – не смецце, каб паліць яго, каталіцкі – нельга парушаць сакрум цела

Урна
Беларускія святары розных хрысціянскіх канфесіяў пракаментавалі афіцыную пазіцыю Ватыкана адносна крэмацыі памерлых, агучаную напрыканцы кастрычніка.

У Мінску з 1986 года дзейнічае адзіны ў краіне крэматорый. Большасць беларусаў крэміруе сваіх памерлых, каб прах нябожчыка падзахаваць да сваякоў.

З чатырох сучасных печаў чэскай вытворчасці ў мінскім крэматорыі задзейнічаныя пакуль дзве, – кажа  намеснік начальніка «Спецкамбіната КБА» Сяргей Тур, паведамляе Радыё Свабода.

Калумбарыі (сцены для захоўваньня урнаў з прахам) ёсць у Мінску на Усходніх, Паўночных, Чыжоўскіх, Заходніх могілках.

Іслам і юдаізм катэгарычна забараняюць крэмацыю, будызм, індуізм – дазваляюць, праваслаўныя і каталікі адмоўна ставяцца да разьвейвання праху, але крэмацыю дапускаюць.

«Мы зыходзім з таго, што цела – гэта таксама справа Божая, што стварыў Бог ня толькі душу, але і цела чалавека. Мы верым, што чалавек з мёртвых паўстане, і таму да цела мы ставімся з вялікай павагай нават пасля таго, як цела памірае. Таму забараняецца прах продкаў захоўваць дома, развейваць яго, – парушаецца сакрум чалавечага цела, бо пакуль што памерлыя не могуць быць з жывымі, а жывыя з памерлымі. Таму ёсць вызначаныя месцы — могілкі, дзе цела памерлага чалавека павіннае знаходзіцца”, – кажа каталіцкі святар кс. Вячаслаў Барок.

“Толькі ў выключных выпадках – калі чалавек памёр, да прыкладу, ад чумы, ці калі далёка ў акіяне немагчыма пахаваць нябожчыка ў зямлі, царква дапускае крэмацыю ці пахаваньне ў вадзе. Да цела чалавечага трэба ставіцца годна, з павагай. Гэта не смецце, каб цела спальваць у агні.

Беларусь, дзякуй Богу, не Японія, у нас хапае тэрыторыі, каб хаваць памерлых у зямлі. І не так ужо далёка могілкі размешчаныя, што да іх не дабрацца.

Часцяком крэмацыя – гэта нават не воля, не жаданне, не тэстамент памерлага, проста родныя паступаюць, як ім зручней ці танней, не задумваючыся ні пра душу, ні пра цела нябожчыка”, – кажа праваслаўны святар протаіерэй Сергій Лепін.

“Некаторыя людзі гінуць у пажарах, аварыях, страчваюць цэльнасць цела, і мы не кажам, што гэтыя людзі не ўваскроснуць. Але для выхаваўчай функцыі мы падкрэсліваем, што пахаванне ў зямлі дае большую магчымасць уявіць гэтае ўваскрасенне. Але катэгарычна казаць, што калі чалавека крэміруюць, то пазбаўляюць магчымасьці ўваскрасеньня, – няправільна.

Розныя ёсць прычыны: пахаваць у зямлі дорага, ці далёка дабірацца да могілак. Я лічу, што забараняць крэмацыю не варта»,  – дадае праваслаўны святар а. Аляксандр Шрамко.

«Пратэстанцкая царква адмоўна ставіцца да крэмацыі. На працягу стагодзьдзяў адрозненьне хрысціянскіх пахаванняў ад нехрысціянскіх палягала ў тым, што хрысціяне не ажыццяўлялі спальванне нябожчыка. Такі спосаб пахавання не вітаецца цэрквамі Хрысціянаў веры Евангельскай”, – кажа пастар пратэстанцкай царквы «Ян Прадвеснік» Антоній Бокун, дадаючы, што “ідэя крэмацыі на Захадзе пашырылася разам з атэізмам ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стагодзьдзяў”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі