Мітрапаліт Кандрусевіч: На парозе Вечнасці нас чакае здзіўленне

Кальвария

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Мінску на Кальварыйскіх могілках 2 лістапада ўзначаліў працэсію і малітву за памерлых.

Пасля працэсіі вернікі сабраліся на Святой Імшы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, паведамляе catholic.by.

У гаміліі мітрапаліт Кандрусевіч патлумачыў, чаму ўспамін усіх памерлых адзначаецца пасля ўрачыстасці Усіх Святых: “Касцёл можа аб’явіць чалавека святым толькі пасля яго смерці. І нават калі ён такім і не быў аб’яўлены, бо не праводзіўся яго беатыфікацыйны працэс, то толькі пасля смерці наступае Божы суд, які вырашае – вечнае шчасце ці вечнае цярпенне”, – сказаў мітрапаліт, нагадаўшы, што толькі Бог з’яўляецца суддзёю: “Касцёл нават не выказваецца адносна лёсу здрадніка Юды, бо мы не ведаем, можа, у апошнюю хвіліну свайго жыцця ён папрасіў у Бога прабачэння».

“Найбольшае здзіўленне нас будзе чакаць у Вечнасці, калі ўбачым там зусім не таго, каго чакалі там убачыць, убачым сярод збаўленых і вялікіх грэшнікаў. Але больш за ўсё мы будзем здзіўленыя тым, што самі апынуліся ў краіне вечнай радасці», – дадаў арцыпастыр.

«Нашы памерлыя – гэта наша гісторыя. Калі б не было іх, не было б і нас. Не было б не толькі з біялагічнага, але таксама і з гістарычнага, культурнага і рэлігійнага пункту гледжання. Яны пакінулі пасля сябе багатую спадчыну, якой мы карыстаемся», – падкрэсліў мітрапаліт.

У Гродне маліліся за памерлых святароў дыяцэзіі

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 3 лістапада ў гродзенскім катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя узначаліў Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх памерлых святароў, якія неслі служэнне ў дыяцэзі.

У гаміліі пробашч парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі падкрэсліў: «На працягу свайго жыцця святары нашых парафій верна служылі нам, прыкладалі шматлікія намаганні для развіцця маладой дыяцэзіі. Але трэба памятаць, што святар, як і кожны чалавек, таксама не без граху, і яму патрабуецца наша малітоўная падтрымка, каб мець магчымасць быць у Валадарстве Нябесным».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі