Чаму трэба ўдзельнічаць у Імшы згодна з агульнапрынятымі нормамі? Адказвае выкладчык літургікі

касцёл

Нядаўна ў Facebook разгарнулася сапраўдная дыскусія наконт паставы вернікаў Чырвонага касцёла ў часе Імшы. Вядома, што яна адрозніваецца ад агульнапрынятай паставы ў іншых касцёлах Беларусі. Чаму так адбываецца? Ці можна лічыць такую паставу правільнай? І як захоўваць сябе каталікам на Літургіі ў “традыцыйных” касцёлах? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае кс. Юрый Санько – выкладчык літургікі Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля.

Krynica.info: Ксёндз Юрый, якое значэнне падчас Святой Імшы мае пастава вернікаў?

Юрый Санько: Яна мае вялікае значэнне. У 1963 годзе, пасля літургічнай адновы, прынятай на Другім Ватыканскім Саборы ў Канстытуцыі “Пра святую Літургію” (Sacrosanctum Consilium), зроблены вялікі акцэнт менавіта на актыўным ўдзеле вернікаў у Літургіі.

Сёння існуе некалькі паставаў, якія падчас Імшы і іншых набажэнстваў чалавек выконвае. Напрыклад, моманты, калі вернік стаіць, укленчвае або  сядзіць.

Кожная пастава падчас святой Імшы мае свой сэнс. Пастава ўкленчвання мае значэнне прыніжэння і пакуты; калі вернікі сядзяць – гэта значыць, што яны гатовыя ўважліва слухаць, а калі стаяць – выконваць.

Чаму, напрыклад, мы слухаем Евангелле стоячы, а не на каленях? Таму што Евангелле – гэта Слова Божае, Слова Хрыста. А Езус Хрыстус сказаў: “Ідзіце і навучайце”.

Калі святар благаслаўляе і кажа: “Ідзіце ў супакоі Хрыста”, мы стаім і прымаем Божае Благаслаўленне, а потым вырушваем дамоў, у нашае асяроддзе, каб быць сведкамі Той Любові і Супакою, да якіх дакрануліся ў часе Імшы.

Канешне, можна сказаць, што мы прымаем Божае Благаслаўленне ў пакоры, але, калі гучаць словы святара: “Ідзіце ў супакоі Хрыста”, а мы ў гэты час стаім на каленях… Таму добра ведаць сэнс, які заключаецца ў кожнай паставе.

Krynica.info: Чаму пастава цела вернікаў падчас Імшы ў асобных парафіях адрозніваецца ад агульнапрынятай паставы для ўсіх дыяцэзій Беларусі?

Юрый Санько: У такой сітуацыі трэба глядзець глыбей. Магчыма, кантакт пробашча з вернікамі недастаткова ўсталяваны, або, калі сам пробашч да такіх паставаў прызвычаіўся.

Але нормы, прапісаныя ў “Агульных уводзінах да Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі”, выразна кажуць, калі чалавек павінен стаяць, кленчыць і сядзець.

Чаму мы заахвочваем, каб была адналітасць у Літургіі? Таму што гэта перш за ўсё падкрэслівае еднасць Каталіцкага Касцёла. Не зважаючы нават на мову.

Калі чалавек прыязджае ў іншую краіну, то па паставе вернікаў можа зразумець, якая частка святой Імшы адбываецца. А калі разумее, то можа далучыцца і перажываць больш свядома гэтую Імшу.

У вялікіх гарадах, такіх, як Мінск або Гродна, ёсць шмат парафій. І калі кожная парафія будзе жыць сваім жыццём, то гэта не будзе правільным, таму што людзі маюць права хадзіць у любы касцёл, дзе ім больш падабаецца.

Калі чалавек прыязджае ў пэўны касцёл і разумее, што ў гэты момант Імшы трэба стаяць, а ўсе кленчаць, то адчувае сябе няёмка. А людзі, якія прызвычаіліся маліцца ў сваёй парафіі, бачаць, што чалавек стаіць, і таксама адрываюцца ад малітвы, звяртаючы на яго ўвагу. Такога не павінна быць.

Krynica.info: Вернікі Чырвонага касцёла сцвярджаюць, што іх пастава падчас Імшы – гэта парафіяльная традыцыя. Узнікае пытанне: калі сапраўды традыцыя ёсць, а калі — не?

Юрый Санько: Каб нейкі чын стаў традыцыяй, патрэбна, каб прайшло мінімум 30 гадоў па-за правам (г.зн. – калі ён адрозніваецца ад правіл, устаноўленых правам). Напрыклад, права кажа, што чалавек у пэўны момант Імшы павінен стаяць, а ў парафіі ўсе ў гэты момант кленчаць.

У закрытых кляштарах, якія, напрыклад, існуюць у Францыі, Польшчы, Германіі і іншых краінах свету, Імша можа нават цалкам адрознівацца ад той, да якой мы прызвычаіліся пасля рэформы 1963 года, таму што ў гэтым кляштары такая традыцыя ўжо не адно стагоддзе. Па гэтай прычыне такія Імшы там дазволена праводзіць. У нас у Беларусі такога няма.

Цяжка сказаць, ці на Беларусі могуць існаваць нейкія парафіяльныя традыцыі ў дачыненні да справавання літургіі Святой Імшы, бо ведаем, што доўгі час быў пераслед і большасць касцёлаў была зачынена. З часу адраджэння Касцёла на Беларусі прайшло толькі 25 гадоў.

Тыя ж парафіі, якія нават у савецкі перыяд былі адчыненыя, напрыклад Нясвіжская, маглі б падпадаць пад гэты крытэрый. Аднак і там зараз вернікі перажываюць Імшу так, як гэта ёсць у нормах.

Таму ў адносінах да Беларусі мы кажам больш пра “парафіяльныя звычаі”, чым пра “традыцыю”.

Krynica.info: Ці можам мы назваць паставу вернікаў Чырвонага касцёла правільнай? Ці з’яўляецца яна “традыцыяй”?

Юрый Санько: Не можам, бо, па-першае, мы бачым, колькі разоў яна змянялася за наш час, па-другое – ёсць нормы, якія нам падказваюць, што гэта не так. Я выкладаю літургіку ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля, і студэнты часта пытаюцца ў мяне, чаму ў Чырвоным касцёле не так? Але я нічога не магу змяніць, бо гэта адказнасць пробашча – сачыць за тым, каб вернікі правільна перажывалі святую Імшу – так, як навучае нас Касцёл.

Варта таксама паглядзець, наколькі паставы цела вернікаў супярэчлівыя. Напрыклад, у часе малітвы, калі спяваем Баранку Божы, вернікі не павінны біць сябе ў грудзі, бо гэтай малітвай мы праслаўляем Бога і запрашаем Яго ў нашае сэрца. Гэта не жаль за грахі.

Канешне, калі мы спяваем у літаніі: “Баранак Божы, Які бярэш на Сябе грахі свету…”, то можам біць сябе ў грудзі, права гэтага не забараняе. Калі, напрыклад, спяваецца гімн “Хвала на вышынях Богу”, то гэта гімн праслаўлення, і пастава, якая сведчыць аб гэтым гімне праслаўлення, аб гатоўнасці служыць Богу – гэта пастава, калі мы стаім. Гэта не павінна быць пастава пакоры, калі мы кленчым.

Таму важна вызначыць, ці не супярэчаць паставы цела вернікаў у той або іншай частцы святой Імшы таму сэнсу, які заключае ў сабе той або іншы абрад.

Krynica.info: Калі, напрыклад, чалавек прыйшоў у парафію, дзе ёсць “парафіяльны звычай”, ці можа ён удзельнічаць ў Імшы не так, як астатнія?

Юрый Санько: Для яго гэта не будзе грахом. Гэты вернік удзельнічае ў Імшы так, як напісана ў праве. Канешне, тут трэба быць уважлівым, можа – больш чулым, каб не быць абражаным, або, каб не раздражняць вернікаў, і дастасавацца да звычаяў парафіі, калі гэта сапраўды звычай. Важна, каб чалавек не адчуваў сябе адшчапенцам у гэтай парафіі, каб не засяроджваў сваю ўвагу на тым, правільна або няправільна ён штосьці робіць.

Krynica.info: Вы сказалі, што змяніць сітуацыю з паставай вернікаў у парафіі можа толькі пробашч?

Юрый Санько: Так, толькі пробашч. Ну і канешне ж – біскуп у сваёй дыяцэзіі.

Krynica.info: А калі пробашч не можа змяніць?

Юрый Санько: Як не можа змяніць? Чаму не можа? Тут ужо ў мяне пытанні: ці ён пробашч тады, калі не можа штосьці змяніць у сваёй парафіі? Навучыць сваіх парафіян, як неабходна ўдзельнічаць у Святой Імшы.

Возьмем за прыклад працэсію з дарамі, падчас якой ідуць прадстаўнікі парафіі і нясуць дары да алтара. З гэтай прычыны ўсёй парафіі стаяць не трэба. Што ў нас не робіцца. Але гэтаму таксама людзей павінен навучаць пробашч. Ён павінен быць першакрыніцай ведаў. І, канешне, – курыя. Калі ёсць нейкія змены, то інфармацыя заўсёды рассылаецца.

Напрыклад, пасля ўспаміну Маці Божай у еўхарыстычных малітвах дадаўся ўспамін святога Юзафа. Пра гэта паведамлялі Дыяцэзіяльныя Курыі і Сatholic.by. І мы бачым сёння, што ў кожным касцёле гэтая норма выконваецца.

Дзякую Вам за зацікаўленасць гэтым пытаннем, за тое, што спрабуеце дакладна разабрацца ў гэтай тэме. Жадаю, каб кожны з нас, калі ўдзельнічае ў Святой Імшы, перажываў яе свядома і поўна.

Krynica.info: А Вам дзякуй за Вашую адкрытасць на гэтае пытанне і, безумоўна, змястоўныя і цікавыя адказы. Божых ласкаў на кожны дзень!

Размаўляла Марына Валасар

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі