Беларускія палітыкі пра вынікі выбараў у ЗША

150629062326-donald-trump-june-16-2015-super-169

Для палітычнай і культурнай эліты ЗША перамога Дональда Трампа – гэта параза. Такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі. “Для іх гэта чорны дзень”, – заявіў ён.

“Выбары харызматычнага непрадказальнага палітыка насуперак палітычнай і культурнай эліты сведчыць пра глыбокі крызіс унутранай сістэмы. Як кажуць, занадта далёкія яны ад народу. І вялікая доля людзей незадаволеная існуючым статус-кво”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

На яго думку, сёння радуюцца ўсе аўтарытарныя краіны, у тым ліку і ў Крамлі. “Але я перакананы, што палітычная сістэма ЗША больш трывалая, гэта не толькі адзін прэзідэнт. І кампенсаторныя механізмы змогуць прадухіліць палітыку Злучаных Штатаў ад рэзкіх і неабачлівых крокаў”, – мяркуе палітык.

“Што тычыцца Беларусі, то, мяркуючы па мінулых заявах Дональда Трампа, яму абсалютна нецікавая знешняя палітыка, ён у ёй неабазнаны. І для Беларусі гэта азначае, што ў важны, пераломны момант нашай гісторыі, калі магчымыя рэальныя змены і ў варунках эканамічнага крызісу дзейсны рэжым можна прымушаць, дзякуючы ўнутранаму і знешняму ціску, ісці на рэальныя крокі да рэформаў, знешнія ўмовы будуць зноў неспрыяльнымі. Можна чакаць, што ў лепшым выпадку палітыка ЗША да Беларусі будзе больш індыферэнтная, у горшым – больш мяккая да аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Лукашэнка: Трамп вярнуў ЗША да сапраўднай дэмакратыі

У сваю чаргу сам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўжо павіншаваў Дональда Трампа з выбраннем. «Ваша перамога – сведчанне выбару амерыканскага народа на карысць палітыкі, якая грунтуецца на сумленнасці, адказнасці, пошуку пераменаў, – гаворыцца ў віншаванні. – Сваёй актыўнай, шчырай і смелай пазіцыяй падчас перадвыбарнай кампаніі Вы ўскалыхнулі амерыканскае грамадства, вярнуўшы яго да сапраўднай дэмакратыі».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь у знешнепалітычнай дзейнасці заўсёды прытрымлівалася неабходнасці канструктыўнага супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амерыкі. “Спадзяюся, што пад Вашым кіраўніцтвам нармалізацыя адносін паміж нашымі краінамі будзе працягвацца”, – адзначыў ён, паведамілі ў яго прэс-службе.

Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў Дональду Трампу здароўя, энергіі і настойлівасці ў выкананні перадвыбарчых абяцанняў.

Янукевіч: перамога Трампа – аплявуха ліберальна-сацыялістычнай супольнасці

У сваю чаргу лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у Facebook выказаў занепакоенасць магчымсцю «ўгоды паміж Трампам і Пуціным аб падзеле сфер ўплыву ў свеце – калі яна адбудзецца, гэта будзе надзвычай кепска для Беларусі». Пры гэтым такую ​​ўгоды ён не лічыць вельмі верагоднай.

«Мне не блізкі стыль паводзінаў ды выказванняў Трампа. Але я шчыра рады, што самаабвешчаная “прагрэсіўная” ліберальна-сацыялістычная сусветная (і амерыканская ў прыватнасці) супольнасць атрымала чарговую сур’ёзную аплявуху», – адзначыў ён.

«Шчырыя ды апантаныя ажно да гістэрыкаў змагары за тое, каб гэты свет стаў лепшым і дабрэйшым насамрэч самыя і рыхтуюць пекла на Зямлі. Яны ўсур’ёз імкнуцца наблізіць гэты свет да ідэалу, апетага Ленанам у знакамітай “Imagine”: каб не было краінаў, нацыяў, рэлігіяў, уласнасці – “каб не было за што паміраць і забіваць”. Якая прыгожая ды ўзнёслая мэта! Аднак у рэчаіснасці ўсё выглядае зусім наадварот: забярыце ў чалавека ўласнасць, рэлігію, нацыянальную прыналежнасць, грамадзянства – і ён ператворыцца не ў голуба міру, але ў маўклівае быдла, у барана. І супольнасць такіх бараноў – маўклівы натоўп жывёлаў – непазбежна выштурхне на самы верх шалёнага крывавага дыктатара. Нельга імкнуцца ажыццявіць утопію, нават самую светлую. Гэта заўсёды скончыцца трагедыяй. Мяркую, камунізм тут ёсць досыць пераканаўчым прыкладам», – падкрэсліў палітык.

На яго думку, «натуральнае імкненне вялікай колькасці людзей (а найчасцей – большасці, няхай і маўклівай) захаваць звыклы стан рэчаў і супраціўляцца навязванню новых нормаў маралі, новага светапогляду, штучных каштоўнасцяў – гэта насамрэч здаровая прага да выжывання чалавечага роду. Прычым не проста фізічнага жывёльнага выжывання, але менавіта выжывання чалавечае асобы са сваёй годнасцю і сістэмай каштоўнасцяў», – лічыць Аляксей Янукевіч.

Пры гэтым ён заявіў пра «раскідванне палітыкамі, грамадскімі дзеячамі і прэсай» тэрмінамі «фашыст», «ксенафоб», «расіст» «направа і налева з любой нагоды» ў дачыненні да кансерватыўных думак і поглядаў па кантраверсійных пытаннях. На яго думку, замоўчванне праблем “ўсімі мэйнстрымавымі палітыкамі (бо нехта зь іх ня бачыць праблемы, а нехта ня хоча “падстаўляцца”) – рана ці позна гэта гучна стрэліць”. «І добра яшчэ, калі ў выглядзе Брэксіту або перамогі Трампа, а не ў прыходзе да ўлады сапраўдных экстрэмістаў ды радыкалаў. Бо тут як у той казцы пра пастушка ды ваўкоў: калі крычэць “ваўкі” на кожны куст дзеля ўласнага задавальнення, непазбежна надыдзе дзень, калі драпежнікі сапраўды нападуць, але на крыкі ніхто не будзе зважаць, пакуль не будзе позна», – мяркуе старшыня ПБНФ.

Раманчук: клоўн апынуўся прывабнейшым за бюракрата

А дырэктар даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук мяркуе, што падчас мінулых выбараў «амерыканскія выбаршчыкі выказалі сваё «фе прафесійным палітыкам і палітыканам», выбраўшы прэзідэнтам чалавека, «які ніколі не займаў пасаду ў органах дзяржкіравання».

«Дональд Трамп лепш за ўсіх настроіўся на хвалю злых, незадаволеных амерыканцаў. Трамп гуляў ролю Джокера, гэтакага злыдня і хлопца – плахіша, які за словам у кішэню не лезе. Ён можа пажартаваць з нагоды сэксу, расы, жанчын і прыгваздаць метафарай любога чалавека. Звычайным амерыканцам, чые рэальныя даходы стагнуюць больш за 20 гадоў, гэта здалося лепшым за прылізаныя да млоснасці палітычна карэктныя прамовы Х. Клінтан. Трамп перамог, хоць супраць яго былі асноўныя СМІ Амерыкі, магутны палітычны істэблішмент і ільвіная доля інтэлектуалаў. Парадак дня Клінтан/Абамы аказаўся бляклым сумным і непераканаўчым. Парадак дня Трампа стаў скандальным, выклікаючым і б’ючым па галаве. Новы тып палітыка – клоўн-перформер – аказалася больш прывабнай для амерыканцаў, чым стары тып штампаванай бюракрата», – упэўнены ён.

Галоўнай жа характарыстыкай абрання Трампа ён назваў нявызначанасць. «Ніхто не ведае, якой будзе знешняя палітыка ЗША, роля НАТА, трансанлантычнай супольнасці, якімі будуць адносіны Амерыкі і Кітая, Амерыкі і Еўразвяза. Абранне Трампа – гэта як палітычнае 11 верасня для традыцыйнай палітыкі ЗША і іх адносін з светам», – мяркуе эканаміст.

У якасці магчымых пазітыўных змен ён бачыць перазагрузку адносін, дэтаксікацыю палітыкі і эканомікі, прыняцце “балючых, але даўно наспелых рашэнняў у бюджэтнай палітыцы, рэгуляванні, падатках, ахове здароўя”. Аднак Яраслаў Раманчук не выключае і “вызвалення сіл Зла”: гандлёвага пратэкцыянізму, валютнай вайны, эскалацыі канфліктаў, палітычнай помсты, фрагментацыі палітычнага поля і ўзварушэння карпаратыўнага поля.

«Пасля Brexit, абрання Трампа, крамлёўскай палітыкі перазагрузкі пасляваенная свету, дэградацыі еўрапейскага лідарства, фармулёўкі прэтэнзіі Кітая на сусветнае лідарства, на фоне росту ўстойлівай пагрозы фундаменталізму, нахабства звязку «Вялікі бізнэс – Вялікая дзяржава», пафігізму людзей, дэкадансу інтэлектуалаў і іх павальнага захаплення інтэрвенцыянізмам свет можа ці зваліцца ў Трэцюю сусветную вайну, ці адысці ад небяспечнай прорвы. Дональд Трамп напэўна будзе гуляць ролю ў гэтых працэсах. І ён будзе ўплываць на выбар сцэнара. Пажадаем нам усім новага курсу на пашырэнне сферы свабоды, праўды і здаровага сэнсу», – сказаў на заканчэнне эканаміст.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі