Біскуп Буткевіч маліўся на растрэльным месцы пад Віцебскам

свечка
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 8 лістапада  у лесе каля вескі Паляі ў Віцебскам раёне на месцы масавых расстрэлаў у 30-я гады ХХ стагоддзя узначаліў набажэнства, падчас якога маліліся за нявінных ахвяраў сталінскага рэжыму.

Моладзь віцебскай парафіі Святога Духа разам з біскупам Буткевічам і некалькімі святарамі прыбылі на месца расстрэлаў, каб ушанаваць памяць тых, хто знайшоў тут апошні спачынак, паведамляе catholic.by.

Набажэнству на месцы расстрэлаў папярэднічала святая Імша ў касцёле Святога Духа, якую ўзначаліў айцец Сяргей Мацюшонак OFMCap. Святар нагадаў аб важнасці ведання сваёй гісторыі і шанавання памяці нявінна загінулых ахвяраў сталінскага рэжыму, падкрэсліўшы важнасць малітвы за памерлых.

У лесе каля вёскі Паляі, дзе ўсталяваныя крыжы ахвярам расстрэлаў, прысутныя на чале з біскупам Алегам Буткевічам, трымаючы ў руках запаленыя знічы, памаліліся ў інтэнцыі загінулых Вяночкам да Божай Міласэрнасці.

Пасля малітвы знічы былі пастаўлены ля падножжа крыжоў.

Пра расстрэлы каля вёскі Паляі стала вядома напрыканцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя, калі пасля адкрыцця сумнавядомых Курапатаў да віцебскіх актывістаў «Мартыралога Беларусі» сталі звяртацца мясцовыя жыхары, распавядаючы пра злачынствы каля вёскі пад Віцебскам. Тады ж мясцовыя актывісты пачалі збіраць як дакументы, так і сведчанні яшчэ жывых сведкаў тых падзеяў.

На ўшанаванне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на ўскрайку лесу быў усталяваны вялізны драўляны крыж. Вельмі хутка мясцовыя ўлады «прапанавалі» мясцовым актывістам прыбраць яго, а калі актывісты не пагадзіліся, падобная прапанова прагучала ў адрас старшыні калгасу, на тэрыторыі якога знаходзіліся Паляі. Аднак жанчына не пагадзілася, і аднойчы ноччу крыж быў па-вандальску знішчаны. «Гэтыя крыжы знішчаліся не аднойчы, – успамінае Барыс Хамайда, жыхар Віцебска, – але мы раз за разам усталёўвалі на гэтым месцы новыя».

Нарэшце, у 2008 годзе ў лесе каля вёскі Паляі быў усталяваны вялізны металічны крыж. З цягам часу каля яго былі ўсталяваны яшчэ некалькі меншых крыжоў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі