Законныя спадчыннікі пасаду ВКЛ і Рэчы Паспалітай?

sachsen

Нягледзячы на тое, што Рэчы Паспалітай – федэрацыі Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага – не існуе ўжо больш за два стагоддзі, у свеце дагэтуль ёсць дынастыя, прадстаўнікі якой могуць лічыцца законнымі спадчыннікамі кароны былой дзяржавы, якая раскінулася некалі “ад мора да мора”.

Напрацягу свайго існавання Рэч Паспалітая была выбарнай манархіяй, кіраўнікоў якой абірала і зацвярджала шляхта на Соймах. Даволі часта гэта спрычынялася да дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, што нават магло суправаджацца ўзброенымі канфліктамі і вайсковым умяшальніцтвам суседніх дзяржаваў. Падчас рэформаў канца XVIII стагоддзя з такой практыкай было вырашана скончыць.

У выніку ў артыкуле VII Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, прынятай першай у Еўропе 3 траўня 1791 года, абвяшчаўся пераход да спадчыннай манархіі. Заснавальнікам каралеўскай дынастыі пасля сыходу пануючага на той момант Станіслава Аўгуста Панятоўскага абвяшчаўся курфюрст Саксоніі Фрыдэрык Аўгуст (1750-1827), які даводзіўся ўнукам уладару Рэчы Паспалітай Аўгусту ІІІ (кіраваў у 1734-1763 гадах) і праўнукам Аўгусту ІІ (кіраваў у 1697-1704 і 1709-1733) з саксонскай дынастыі Ветынаў. Таксама ён быў нашчадкам Яна Сабескага (гаспадарыў у 1674-1696 гадах). Апроч таго, у яго жылах цякла і кроў чэшскай галіны дынастыі Ягелонаў.

У выпадку адсутнасці нашчадкаў па мужчынскай лініі ў Фрыдэрыка Аўгуста яго спадкаемніцай, паводле Канстытуцыі, абвяшчалася дачка Марыя Аўгуста Непамуцэна (1782-1863). Пры гэтым забаранялася абранне на трон Рэчы Паспалітай прадстаўнікоў любой іншай дынастыі, пакуль не згасне Саксонская.

Аднак у 1793 годзе Гродзенскі сойм, які быў скліканы па патрабаванні Прусіі і Расіі, каб зацвердзіць другі падзел Рэчы Паспалітай, скасаваў таксама і Канстытуцыю ад 1791 года. А ў 1795 годзе і сама Дзяржава абодвух народаў спыніла сваё існаванне, а тытул вялікі князь Літоўскі (а пазней і кароль польскі) прысабечылі сабе расійскія імператары. Што тычыцца Фрыдэрыка Аўгуста, то сыноў у яго так і не з’явілася. Не пакінула нашчадкаў і Марыя Аўгуста, якая так і не выйшла замуж.

fryderyk_august_i
Фрыдэрык Аўгуст І

Аднак варта адзначыць, што ў 1807 годзе на частцы земляў былых Каралеўства Польскага і ВКЛ паўстала пад пратэктаратам напалеонаўскай Францыі Варшаўскае княства (да яго належаў таксама і сучасны беларускі горад Сапоцкін). Яго князем быў абраны ўсё той жа Фрыдэрык Аўгуст, які цяпер ужо быў каралём Саксоніі. Пры гэтым у Канстытуцыі княства было запісана, што карона з’яўляецца спадчыннай “у асобе караля саксонскага, яго нашчадка, спадкаемцаў і спадчыннікаў паводле парадку, усталяванага ў Саксонскім доме”.

Адзначым таксама, што ў 1812 годзе ў Варшаўскім княстве паўстала ў якасці ўраду Генеральная Канфедэрацыя Каралеўства Польскага на чале з былым генералам літоўскага войска Адамам Казімірам Чартарыйскім. На тэрыторыі ВКЛ ёй фармальна падпарадкоўвалася Камісія часовага ўраду Вялікага княства Літоўскага.

Такім чынам, у пэўнай ступені пастановы Канстытуцыі Варшаўскага княства адносна асобы манарха тычыліся і ВКЛ. Хто ж узначальваў Саксонскі дом, паводле парадку ўсталяванага ў ім, пасля Фрыдэрыка Аўгуста?

Паколькі ў таго сыноў не было, то пасля яго каралём Саксоніі ў 1827 годзе стаў яго брат Іаган, затым пляменнік апошняга Фрыдэрык Аўгуст ІІ, далей – брат Фрыдэрыка Іаган. Наступным былі сыны Іагана Альберт і Георг, пакуль у 1904 годзе каралём Саксоніі не стаў сын Георга Фрыдэрык Аўгуст ІІІ.

У 1918 годзе Фрыдэрык Аўгуст ІІІ быў зрынуты, аднак да сваёй смерці ў 1932 годзе працягваў лічыць сябе кіраўніком Саксонскага дому. Паколькі яго старэйшы сын Георг стаў каталіцкім святаром і манахам-езуітам, то тытул перайшоў да другога сына — Фрыдрыха Крыстыяна (1893-1968), які, дарэчы, у 1918 годзе быў адным з прэтэндэнтаў на пасад літоўскага караля, а затым да сыноў апошняга Марыі Эмануэля (1926-2012) і Альберта (1934-2012). Аднак апошнія памерлі, не пакінуўшы нашчадкаў, што прывяло да дынастычнага крызісу ў Саксонскім доме.

Рудыгер Саксонскі

Па салічных законах саксонскага атрымання пасаду адзіным спадчыннікам застаўся стрыечны пляменнік Марыі Эмануэля і Альберта – псіхолаг Рудыгер, які нарадзіўся ў 1953 годзе і меў падтрымку Альберта ў якасці будучага кіраўніка дома. У 2012 годзе ён абвясціў сябе новым кіраўніком дынастыі.

Аднак насуперак традыцыям Марыя Эмануэль абвясціў сваім пераемнікам і ўсынавіў сына сваёй сястры ад прадстаўніка ліванскага каталіцкага шляхецкага роду – лагіста Аляксандра дэ Афіфа, які нарадзіўся ў 1954 годзе і цяпер таксама прэтэндуе на тытул кіраўніка Саксонскага дому, хаця па мужчынскай лініі да яго і не належыць.

У Рудыгера ад нешляхетнай жонкі ёсць трое сыноў (старэйшы з іх з’яўляецца палітыкам ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу), двух унукаў і чатырох унучак. У Аляксандра ў шлюбе з прынцэсай Гізэлай Баварскай трое сыноў і адна дачка, якія разам з бацькамі жывуць у Мексіцы.

Так што, у выпадку магчымага адраджэння Вялікага княства Літоўскага зараз ужо будзе з каго абіраць манарха. Саксонская дынастыя пакуль спыняцца не збіраецца.

Максім Гацак

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі