Усе каталіцкія святары атрымалі права адпушчэння грэху аборта

аборты
Папа Францішак у Апостальскім лісце “Misericordia et misera”, апублікаваным і прадстаўленым ў Ватыкане 21 лістапада з нагоды заканчэння Надзвычайнага Юбілейнага Году Міласэрнасці, дазволіў усім святарам адпускаць грэх аборту.

Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сустрэчу Езуса з чужаложніцай, асуджанай на каменаванне. “Не існуе закону ці прычыны, здольнай перашкодзіць Богу абняць свайго сына, якія вяртаецца да Яго, прызнаўшы, што памыліўся, і з рашучай гатоўнасцю пачаць з чыстага ліста. Спыняцца толькі на законе – значыць, рабіць бескарыснай веру і Божую міласэрнасць. Нават у самых складаных выпадках, дзе існуе спакуса паставіць на першае месца справядлівасць, якая грунтуецца выключна на нормах, трэба верыць у сілу, што паходзіць ад Божай ласкі”, – тлумачыць сваё рашэнне Папа  Францішак, паведамляе Ватыканскае Радыё.

Святы Айцец перакананы, што ніхто “не можа ставіць умоваў для міласэрнасці”: “Мы не можам супрацьстаяць поўнай свабодзе любові, з якой Бог уваходзіць у жыццё кожнага чалавека”.

Раней адпушчэнне граху аборту знаходзілася ў кампетэнцыі біскупаў ці спецыяльна ўпаўнаважаных імі святароў.

Папа Францішак падкрэсліў, што “аборт – гэта цяжкі грэх, бо кладзе канец нявіннаму жыццю”, але “не існуе такога граху, якога Божая міласэрнасць не можа дасягнуць і знішчыць, калі знаходзіць сэрца, якое каецца і просіць аб прымірэнні з Нябесным Айцом”.

Таксама Папа Францішак пакінуў правамоцным распараджэнне адносна вернікаў, якія па розных прычынах выбіраюць касцёлы, дзе служаць святары з Брацтва святога Пія Х – “лефеўрысты”.

Пантыфік пастанавіў, што вернікі, якія прыступаюць да сакрамэнту пакаяння ў святароў гэтай супольнасці, могуць і надалей атрымліваць сапраўднае і годнае адпушчэнне грахоў.

Таксама Папа Францішак абвясціў аб устанаўленні Сусветнага дня бедных, які будзе адзначацца кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года ў якасці падтрыхтоўкі да ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету.

Напрыканцы Апостальскага ліста Францішак заклікаў “вызваліць месца для міласэрнай фантазіі”, якая праз прастату маленькіх штодзённых жэстаў, можа “даць пачатак сапраўднай культурнай рэвалюцыі” ва ўсім свеце.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі