У Беларусі арыштавалі звязанага з РНЕ праваслаўнага святара
У Мінску ў аэрапорце 18 лістапада быў затрыманы праваслаўны святар Канстанцін Бурыкін, настаяцель храма Святога Духа ў мікрараёне Гатава.
Арышт санкцыянаваны МУС. Па непадцверджных дадзеных, супраць святара вылучаныя сур’ёзныя абвінавачванні, у тым ліку, звязаныя з захоўваннем зброі, паведамляе “Наша Ніва”.
Факт затрымання святара пацвердзіў старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Сяргей Лепін, які, як ён сам падкрэсліў, таксама пакуль не атрымаў ад следчых інфармацыю – за што арыштаваны святар.
Айцец Бурыкін быў затрыманы, калі прыляцеў з ЗША, дзе ён знаходзіўся па лініі Федэрацыі паўэрліфтынгу, – спорту, актыўнасць у якім зрабіла яго вядомым тры гады таму, справакаваўшы скандал, калі ў Сеціва патрапілі фотаздымкі напаўаголенага святара-спартоўца са свастыкай на плячы.
Тады ж стала вядома пра сувязі святара з Рускім Нацыянальным Адзінствам (РНЕ) – расійскай прафашысцскай арганізацыяй, дзейнасць якой на дадзены момант у Беларусі забароненая.
“У 1993 годзе жыў і працаваў у Маскве. Ішла восень, там акурат адбываўся пераварот . Там я ўпершыню пабачыў хлопцаў з “Рускага нацыянальнага адзінства” . Цэлымі днямі я знаходзіўся ў цэнтры Масквы, глядзеў на гэтыя барыкады і танкі. Мне, падлетку, гэта было вельмі цікава, Потым з Масквы я вярнуўся ў родны Омск. На той момант я сапраўды быў прыхільнікам поглядаў РНЕ. Хоць сябрам арганізацыі не быў, прысягі ніякай не даваў, сяброўскіх білетаў не меў. Але з гадамі людзі мяняюцца, растуць, разумнеюць. Гэта мае асабістыя ўчынкі, за якія я адказваю перад сабой і перад Богам. Для мяне гэта быў урок юнацтва, чаго не варта ў жыцці рабіць”, – каментаваў у 2014 годзе святар наяўнасць у яго свастыкі на целе ў гутарцы з “Еўрарадыё” .
У Беларусь святар Бурыкін прыехаў напрыканцы 1990-х гадоў, святаром ён стаў, не маючы духоўнай адукацыі і беларускага грамадзянства. Маецца інфармацыя, што святаром у Гатава ён быў прызначаны з умовай, што пабудуе храм.
Па прыездзе ён аднавіў кантакты з РНЕ – ужо беларускай філіяй. “Калі я стаў святаром, то ў епархію ў пачатку 2000-х гадоў звярнуліся хлопцы з РНЕ, папрасілі, каб ім прызначылі нейкага святара, які б часам прыходзіў і праводзіў малебны, чытаў лекцыі аб веры і праваслаўі. Я іх пару гадоў акармляў, пакуль там не пачаўся кавардак. І адразу царква спыніла сувязі з гэтай арганізацыяй, якая пераўтварылася ў сапраўдную секту, з харызматычным лідарам Баркашовым”, – тлумачыў тры гады таму Бурыкін “Еўрарадыё”.
У 2013 годзе пры прыходзе ў Гатаве намаганнямі святара быў пабудаваны духоўна-спартыўны цэнтр “Белая Русь” з некалькімі спортзаламі і памяшканнямі для нядзельнай школы. Атлеты з Цэнтра пачалі перамагаць на чэмпіянатах свету па паўэрліфтынгу і атрымліваць прызы сусветнага першынства, пра а. Бурыкіна пачалі з’яўляцца тэлесюжэты, ён стаў першым намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу.
Адначасова ён не хаваў сваіх кантактаў з прарасійскай арганізацыяй «Румол», якая праводзіла спаборніцтвы на базе прыхода.
Айцец Бурыкін жанаты ў другі раз – ягоная жонка памерла, пакінуўшы чатырох дзяцей, пасля чаго ён ажаніўся з дзяўчынай – сацыяльным работнікам, якая даглядала жонку падчас хваробы.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Літургіі на беларускай мове ў праваслаўных храмах Беларусі ў снежні 04.12.2019 00:21
- Севярынец: 7 снежня — плошча Каліноўскага 03.12.2019 22:13
- У чаканні не стаць “пачакунамі” 02.12.2019 09:24
- 5 снежня пройдзе першая сустрэча «Хрысціянскага клуба». Госць Мікола Матрунчык 29.11.2019 00:34
- Зварот з нагоды ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну 29.11.2019 00:16
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)
- Будслаў-2018: знічкі пад дажджом (фотарэпартаж)
- У Мінску больш за 100 дзяцей прынялі першую камунію ў Чырвоным касцёле (фотарэпартаж)