У ЮНЕСКА адмовілі ў занясенні Будслаўскага фэста ў спіс нематэрыяльнай спадчыны

Будслау 2016_16

Сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая прайшла ў Адыс-Абебе ў Эфіопіі з 28 лістапада па 2 снежня, адклала разгляд пытання аб унясенні ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Будслаўскага фэсту — свята католікаў Беларусі, прысвечанага абразу Маці Божай Будслаўскай.

Дасье фэсту будзе разгледжанае ў наступным намінацыйным цыкле. Пакуль беларускаму боку загадана разгледзець і ўлічыць заўвагі экспертнага савета, які запатрабаваў дадатковую інфармацыю, у прыватнасці, аб мерах, якія прымаюцца па ахове традыцыі, паведамляе katolik-gomel.by.

Таксама эксперты папрасілі больш падрабязна раскрыць ролю паломнікаў і мясцовых жыхароў у інвентарызацыі і захаванні гэтай культурнай каштоўнасці.

У наступны раз, акрамя Будслаўскага фэсту, Беларусь прадставіць да занясення ў спіс старадаўні абрад «Юроўскі карагод», які мае як паганскія, так і хрысціянскія карані і праходзіць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна.

Сярод намінантаў, якіх у гэты раз ўнесьлі ў сьпіс, — культура піва ў Бельгіі, свята агню Фальяс ў іспанскай Валенсіі, фестываль румбы на Кубе, святкаванне Новага года ў Афганістане, Азербайджане, Індыі і іншых азіяцкіх краінах.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі