«Без духоўнага складніка пост робіцца толькі дыетай» – праваслаўны епіскап пра Калядны пост

15281877_720453418118230_1053819765_n

Пачатак суровай сёлетняй зімы хрысціяне пачынаюць традыцыйна з ўступлення ў Калядны пост. Многія вернікі грэбуюць гэтым свяшчэннадзеяннем, некаторыя – выконваюць яго ва ўсёй строгасці. У духоўным сэнсе Каляднага паста для праваслаўных вернікаў і яго правядзенні дапамог разабрацца епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім:

“Праваслаўная Царква з самых старажытных часоў адзначае свята Раства Хрыстовага, якому папярэднічае саракадзённы пост.

Калядны пост – гэта светлае чаканне вялікага свята, прысвечанага сусветна важнай падзеі – прыйсця ў свет Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста.

Статут праваслаўнага посту прадпісваецца ў старажытнай кнізе – тыпіконе (з грэцкай мовы – «кніга ўзораў»). Дадзеная кніга складзеная ў манаскім асяроддзі. У ёй апісваецца захаванне дастаткова строгага посту. Звычайнаму сучаснаму чалавеку са свету выканаць гэтыя ўказанні практычна немагчыма.

У Праваслаўі мера паста для кожнага чалавека вызначаецца яго духоўнікам – у залежнасці ад стану чалавека. Самае важнае ў посце – гэта духоўны настрой і самадысцыпліна. Падчас посту, як каляднага, так і іншых пастоў, хрысціяне ўстрымліваюцца ад некаторых прадуктаў: ​​ад мясных, малочных, – прадуктаў, якія змяшчаюць жывёльныя бялкі. Рыба і гародніна, алей – дазваляюцца. Наогул, сярод праваслаўных існуе спецыяльны каляндар, які агаворвае у якія дні і што ўжываць можна, а ад чаго ўсё-ткі варта ўстрымацца.

Пост цялесны, у той жа час неабходна пасціцца і духоўна.

Акрамя ежы, хрысціяніну не рэкамендуецца ў дні посту наведваць забаўляльныя мерапрыемствы. Гэта натуральна – чалавек такім чынам духоўна сябе растрачвае. У дні посту на першым месцы павінен быць духоўны рост, усё астатняе – гэта апраўленне. Часцяком мы звяртаем увагу на знешняе (што есці), а галоўнае застаецца ўбаку.

Галоўны сэнс каляднага посту – гэта чаканне і пераасэнсаванне важнасці з’яўлення ў свет Сына Божага.

Праўдзівы пост звязаны з малітвай, чытаннем Слова Божага, актыўным наведваннем набажэнстваў, споведдзю. Абавязкова трэба прычасціцца. Без духоўнага складніка пост становіцца толькі дыетай. Дзве апошнія нядзелі Каляднага паста называюцца нядзелямі продкаў і бацькоў – зямных прабацькоў, продкаў Ісуса Хрыста. Таксама ў дні паста адзначаецца памяць старажытных прарокаў, якія за сотні гадоў прадказалі з’яўленне Месіі.

Заканчваецца час посту для праваслаўнага верніка знамянальным днём – куццёй. Гэта асаблівыя набажэнствы і асаблівае ўстрыманне ў апошні дзень паста. Зноў будуць пісаць, што можна ўжываць у гэты дзень, а што нельга. Вядома, гэта не абыйсці бокам. Але нашмат важней кожнаму посніку разумець, дзеля чаго гэта ўсё робіцца і які сэнс гэта нясе”.

Падрыхтавала Гарошка Эльвіра

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі