Протаіерэй Гардун: быў час, калі беларуская мова ў Праваслаўнай Царкве была нормай

Гордун
Праваслаўны святар протаіерэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя і знаўца дзевяці моваў, распавядае, што ў 1981 годзе адзіны на ўсю Беларусь беларускамоўны ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі паказваў яму запіскі ад некаторых вернікаў, якія пісалі яму польскімі літарамі: «Не буду хадзіць да касцёла ў Вішнева, бо тут у вас усё па-беларуску, як у праваслаўнай царкве».

Быў час, сцвярджае протаіерэй Гардун, калі беларуская мова ў праваслаўнай царкве сапраўды была нормай: “Падчас «хрушчоўскай адлігі» 1950-60-ых , калі быў узяты курс на пабудову камунізму і зліццё моваў у адну агульную, праваслаўныя святары амаль усе размаўлялі па-беларуску. Гэта была для іх натуральная мова. І гэта, дарэчы, тады адрознівала іх ад ксяндзоў, якія размаўлялі па-польску. І ў 1970-я гады некалькі дзясяткаў святароў актыўна карысталіся роднай мовай у пропаведзях”, паведамляе газета “Звязда” .

У якасці ілюстрацыі протаіерэй Гардун цытуе верш святара з 70-ых протаіерэя Іаана Міцько: “Калі ты астаўся адзін//І трэба табе дапамога,//Хоць пару маленькіх хвілін//Успомні пра Бога”.

У хаце, з жонкай і дзецьмі, святар гаворыць па-беларуску, – як са школьнікамі і студэнтамі падчас запрашэнняў ў навучальныя аўдыторыі. У Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі ён выкладае цалкам па-беларуску цягам 25 гадоў. У кафедральным Свята-Духавым саборы гаворыць пропаведзі таксама на роднай мове.

У свій час протаіерэй Гардун скончыў Інстытут замежных моваў, атрымаўшы дыплом выкладчыка англійскай і французскай моваў.

Сёння беларускамоўны святароў, прызнае а. Гардун, няшмат – верагодна, некалькі дзесяткаў.

“У Праваслаўнай Царкве па ўсім свеце адзін з асноўных прынцыпаў — гэта служэнне на роднай мове. Што датычыцца нашай краіны, калі на беларускія землі прыйшло хрысціянства (канец X стагоддзя), тады панавала мова, якую найчасцей называюць старажытнарускай, але больш дакладна яна завецца агульнаўсходнеславянскай. На гэтай мове пісалі і размаўлялі продкі сённяшніх украінцаў, беларусаў, рускіх. Абапіраючыся на яе з улікам кірыла-мефодзіеўскай традыцыі, сфарміравалася царкоўнаславянская мова. Гэта родная мова нашых продкаў, а значыць, і нашая. На ёй цяпер і ідуць набажэнствы”, – тлумачыць святар сённяшні моўны стан у царкве.

“Праваслаўная Царква па сваёй прыродзе вельмі кансерватыўная. Мы верым у тое, што адкрыў нам Бог. І мы не можам выдумляць штосьці іншае. Баючыся страціць змест, праваслаўныя баяцца мяняць мову богаслужэння. Але архаічная мова можа быць часам незразумелай сучаснаму чалавеку. Таму Царква дазваляе мяняць мову набажэнства на больш зразумелую — рускую ці беларускую”, – дадае святар, падкрэсліваючы, што ў Расіі такая практыка не прыжылася: няма ніводнага храма, у якім служба ішла б па-руску.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі