Жыццё і служэнне падрэ Піё

sam_6875

З паездкі ў Рым ў 1968 годзе ксёндз Уладыслаў Чарняўскі прывез ў Вішнева невялічкую кніжачку пра жыццё сучаснага італьянскага святога, з якім ён асабіста сустрэўся. Для сваіх парафіян ксёндз пераклаў кніжачку з італьянскай на беларускую мову. Ён папрасіў арганістку пані Марыю ўнесці праўкі ў тэкст зборнічка і паказаў ёй фота святога айца. З той пары пані Марыя пачала вывучаць яго жыццё і атрымала дапамогу па малітвах да святога.

Італьянскі святар падрэ Піё, Франчэска Фарджонэ (1887- 1968) з маленькага горнага мястэчка Петрэльчыны, служыў у базіліцы ў Сан-Джавані Ратонда з 1916 года. 50 гадоў ён насіў на целе стыгматы раны Хрыстовы на далонях, ступнях і падрабрынні. Ён пражыў 81 год і валодаў вялікімі духоўнымі дарамі на ацаленне хворых, умеў чытаць думкі і вызнаваць забытыя грахі і цяжары на сумленні чалавека, валодаў дарам білакацыі.

Святым Духам яму адкрываліся розныя мовы: ён разумеў па-французску, па –ангельску, гаварыў на італьянскіх дыялектах – у залежнасці ад таго, на якой мове да яго звярталіся са споведдзю. З яго дапамогай адбываліся вялікія навяртанні да веры і перамены жыццяў сотняў людзей. Прыязджалі да яго не толькі вернікі, але і грэшнікі: злачынцы, жанчыны лёгкіх паводзінаў, падманшчыкі, атэісты, якія большую частку жыцця змагаліся з Царквой. Ён цярпліва зносіў ганьбу і хлусню, і нават ацаляў тых, хто на яго паклёпнічаў. Падрэ Піё быў кананізаваны папам Янам Паўлам ІІ ў 2002 годзе.

Італьянскі журналіст Альберта дэль Фантэ сабраў у сваёй кнізе 47 выпадкаў аздараўленняў хворых, пацверджаных лекарскімі сведчаннямі. Гэты чалавек сам стаў адным з найкаштоўнейшых “трафеяў” падрэ Піё. Як і дзясяткі іншых, ён пачаў са змагання з апосталам. Ён рабіў гэта ў серыі нападлівых артыкулаў у газеце “Італія Лайка”, дзе называў манаха “містыфікатарам” і “стыгматызаваным шарлатанам”, які “прыцягвае тлумы лёгкаверных”. Адказ Неба не даў доўга сябе чакаць і з’явіўся пад выглядам відавочнай рэчы: аздараўлення смяротна хворага пляменніка. Брат без яго ведама звярнуўся ў Сан-Джавані Ратонда да “ містыфікатара” з просьбай аб малітве за хворага. Праз 24 гадзіны пасля малітвы падрэ Піё хлопцу прыйшла палёгка.

Здзіўлены тым фактам, Альберта дэль Фантэ пастанавіў выбрацца да кляштара, каб на свае вочы ўбачыць незвычайнага цудатворцу. Містыфікатар ці святы? — запытваў ён сам сабе па прыбыцці ў Сан-Джавані Ратонда. Пасля імшы ксёндз зрабіў заўвагу рэпарцёру, што “падчас набажэнства не варта займацца сваімі нататкамі і не трэба рабіць сенсацыю са святара, які моліцца”. Альберта дэль Фантэ выспавядаўся ў падрэ Піё без запалу і без асаблівай веры, як звычайна. Адно яго спыніла — гэты чалавек ведаў яго грахі!

Ён адразу засведчыў, што дэль Фантэ належыць да масонскага таварыства, якое “вызнае Бога, але не паважае яго служыцеляў”. Яны доўга размаўлялі пра святога Аўгустына, Спінозу, Сцюарта Мілера, Дарвіна і сучасных філосафаў. У канцы гутаркі дэль Фанта сказаў, што заўсёды быў паважлівым, але падрэ Піё прыгадаў яму іншыя абставіны з яго жыцця, калі ён крыўдзіў чалавека.

Акрамя таго, падрэ здагадаўся, што жонцы дэль Фантэ не хапае малака для малечы, і паабяцаў маліцца за яе. Дэль Фантэ быў уражаны: адкуль манах мог даведацца пра такія падрабязнасці? Усе ягоныя словы здзейсніліся. З таго моманту рэпарцёр пачаў збіраць факты і дакументы пра цудоўныя аздараўленні праз малітву падрэ Піё. Ён выклаў іх у сваёй кнізе.

Падрэ Піё сябраваў з лекарамі і раіў паважаць іх. Але ў выпадку, калі справа мела дачыненне да жыцця немаўляці, манах казаў катэгарычна цяжарнай жанчыне: “Не ідзі пад нож!”.

Яшчэ адзін ваяўнічы атэіст Ферук’я Капанэці пісаў: “На гары Гаргана сустрэў я чалавека, годнага імя Майстра. Ён прыняў мяне з радасцю, выслухаў з усмешкай мой аповед пра складанасці і сумневы, якія мяне турбавалі, і простымі словамі, у якіх была глыбіня думкі, развеяў усе няпэўнасці, што віравалі ў маёй галаве, разбурыў мае аргументы. Ён прасвятліў маю душу, адкрыў вочы майго духа. З трапятаннем адчуў – я ўвераваў!”

Толькі безліч пакоры можа ўраўнаважыць тыя дары, якія атрымоўваюць верныя Богу на служэнне людзям. Падрэ Піё знаходзіўся паміж молатам і кавадлам. Молат з’явіўся да яго ў асобе доктара Раманэллі, якому загадана было даследаваць “пашкоджанні цела” (стыгматы) , якія меў на руках і нагах падрэ Піё. Ён насіў іх 50 гадоў са свайго жыцця — ад 1918 да 1968, перад смерцю раны загаіліся.

Паколькі абавязкам медыцыны ёсць догляд хворых і лячэнне параненых, навуковец паставіў сваёй мэтай даследаваць і апісаць раны падрэ Піё. Яму дапамагаў няверуючы доктар Біргамі з Рыма. Ён быў упэўнены, што лёгка выкрые “ штучкі” манахаў, і загадаў зачыніць падрэ Піё у пакоі на час даследаванняў.

padre-pio_pecorella-1Пасля 15 месяцаў даследаванняў доктар Раманэллі напісаў: “Раны, якія знаходзяцца на руках падрэ Піё, з’яўляюцца адкрытым крывацёкам чырвонага колеру без слядоў запалення тканак і прыпухласцяў. Маю ўпэўненасць, што гэтыя раны — не павярховыя. Націсканне на іх выклікае востры боль, раны на стопах — падобныя. Рана ў баку палягае ўздоўж рэбраў. Межы раны сведчаць пра тое, што яна не паверхневая. Я вывучаў раны падрэ Піё пяць разоў напрацягу 15 месяцаў і не змог знайсці для іх клінічнай класіфікацыі”. Доктар Біргамі сведчыў у рапарце, што раны не падвяргаюцца інфекцыі. Ён не знайшоў у падрэ Піё слядоў захворванняў ні фізічных, ні псіхічных. Пасля знакамітых медыкаў з’явіўся яшчэ доктар Фэста, які напісаў у справаздачы, што “пашкоджанні такога характару невядомыя навуцы”. Іх справаздача была перададзеная ў Ватыкан, і нарэшце, падрэ Піё пакінулі ў спакоі.

Падчас першага візіта ў Сан-Джавані Ратонда ў чэрвені 1919 доктар Раманэллі ўзяўся ні на жарт сцвярджаць, што падрэ Піё ўжывае парфуму. Ды яшчэ не простую, а самага лепшага гатунку. Не выпадае манаху, які носіць стыгматы Хрыстовы, парфумавацца.

– Напэўна, гэта прэзент якой-небудзь жанчыны, — бурчэў сабе пад нос доктар Раманэллі, і падзяліўся сваімі сумневамі з айцом Валензіяна. Той шчыра рассмяўся.

— Упарфумаваны манах! Гэтага яшчэ не хапала. Адразу бачна, што свецкія людзі думаюць пра нас! Няма ніякай парфумы, доктар. Гэта кроў айца Піё выдзяляе такі пах.

Доктар Раманэллі паківаў галавой. Відаць, яшчэ адна легенда схаваная ў гэтых братоў-законнікаў. Звычайнай кроў пры выдзяленні раскладаецца, а кроў падрэ Піё выдзяляе лагодны пах насуперак законаў гігіены! Гэтага доктар ніяк не мог зразумець. Для заспакаення ўласнага сумлення доктар два дні хадзіў па кляштары і трымаў нос па ветры. Але дарэмна. У апошні момант, калі ён збіраўся з’ехаць, раптоўна хваля цудоўнага паху наплыла на яго.

З такімі ж клопатамі сутыкнуўся і д-р дэ Фэста, які пасля заканчэння даследаванняў вёз пробку з крывёй з боку айца Піё з намерам правесці аналіз у лабараторыі. Спадарожнікі ў цягніку пачалі яго дапытваць: што так цудоўна пахне? Амбра, фіялка, нард, язмін? Доктар захаваў маленькі кавалачак палатна ў сваім стале. Многія пацыенты, якія прыходзілі ў той дзень, запытваліся, што за пах ў доктара ў кабінеце.

Маленькія дзеці, якіх прыносілі да падрэ Піё на дабраславенне, па-просту казалі, што ён жыве сярод кветак. Імя дзяўчынкі Джэмы дзі Джорджы ўвайшло у гісторыю. Яна была пазбаўленая зрэнкаў і не бачыла ад нараджэння. 18 чэрвеня 1947 года пасля прыняцця святой Камуніі з рук падрэ Піё дзяўчынка атрымала зрок. Гэта быў выклік, кінуты навуцы. Акуліст з Перуджыі доктар Карамаза даследаваў дзяўчынку і сказаў, што яна не павінна бачыць, але яна потым паспяхова хадзіла ў школу і цешылася дасканалым зрокам.

Яшчэ адзін лекар з Сан-Джавані Ратонда Франчэска Рыкардзі доўга змагаўся з падрэ Піё. Ён праводзіў цэлую кампанію супраць рэлігіі і выбраў сабе найлепшы пункт назірання: пасяліўся на крок ад кляштара, гэтага, як ён лічыў “прытулку цемры і шарлатанства”. Так працягвалася да 1928 года, пакуль ён не захварэў на рак страўніка. Кансіліум прызнаў, што Рыкардзі засталося жыць некалькі тыдняў. Ён не хацеў дапускаць да сябе ніводнага з ксяндзоў, толькі думаў аб сустрэчы з падрэ Піё. Той сам прыйшоў да яго. Рыкардзі выспавядаўся ў яго, папрасіў прабачэння і прыняў святы сакрамент. Праз некаторы час Рыкардзі на здзіўленне ўсіх выздаравеў. З той пары ён зрабіўся сябрам і абаронцам падрэ Піё, і працягваў лекарскую практыку.

Рак, менінгіт, туберкулёз легкіх і нырак, тыф, паралюш, запаленне вуха вылечваліся пасля малітвы падрэ Піё. Пры гэтым святар заўсёды казаў, што дзякаваць трэба не яму, а Госпаду, а ён толькі змірэнны манах.

Падрэ Піё ўсё жыццё спачуваў хворым. У 1956 годзе ён паспрыяў збору сродкаў і будаўніцтву шпіталя ў Сан-Джавані Ратонда, які быў названы – Дом Палягчэння пакут. Асяродак здароўя падтрымліваўся міжнародным навуковым інстытутам з мэтай прафесійнага ўдасканалення лекараў і ўмацавання хрысціянскай фармацыі. У шпіталі не толькі лекаваліся хворыя, але і праводзіліся навуковыя сімпозіумы па пытаннях медычнай навукі. Сюды прыязджалі навукоўцы з ЗША, Паўднёвай Амерыкі, краін Еўропы.

Наведваючы шпіталь, прафесар Эванс напісаў: “Дзякую табе, падрэ Піё, за лепшы ўікэнд у шпіталю, які выдатна ілюструе прыпавесць пра добрага самараніна. Які выдатны прыклад адрачэння ад сябе дзеля служэння людзям! Я дазволіў сабе ўзняць свой голас як старшыня Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў”.

“Бога шукаюць у кнігах, а знаходзяцьу малітве, — пісаў італьянскі манах. — О мой Езу! Збаў усіх людзей! Складаю сябе ў ахвяру за ўсіх. Умацуй мяне, вазьмі мае сэрца, напоўні яго Тваёй мілатой і скажы мне, што рабіць”.

Падрэ Піё не меў уласных амбіцый. Хрыстос быў для яго жыццём. Яго стыгматы, яго харызмы, яго цуды мелі адзіную мэту – памножыць валадарства Божае ў душах.

…Пані Марыя паправіла тэкст, які ёй даў ксёндз Чарняўскі. Яна была ўражаная яго зместам. З той пары яна не аднойчы звярталася ў малітвах да падрэ Піё, у адказ адчувала ласку да сям’і і дапамогу.

Э. Дзвінская

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі