Дзейнасць Цэркваў у новых умовах, альбо вяртанне святых гаёў

f2e684d1-36b5-409d-9d5f-077c6c1fce56_w987_s_s

Для старажытнага паганскага насельніцтва Еўропы, у тым ліку для славянаў і балтаў старажытнай Беларусі, было характэрнае шанаванне святых гаёў. Людзі верылі ў тое, што гэтыя лясы насяляюць разнастайныя боствы, там праводзіліся розныя паганскія абрады і рытуалы, у іх было забаронена секчы дрэвы, а часам нават паляваць.

З пачаткам хрысціянізацыі сакральнае значэнне лясоў пачало зніжацца. Адмяняліся забароны на іх высечку. Часам там нават на месцы былых паганскіх капішчаў будаваліся хрысціянскія храмы. Але сёння гэтыя святыя гаі вярнуліся. Імя ім – гарадскія паркі, скверы і проста зялёныя тэрыторыі.

Безумоўна, наўрадці хтосьці там сёння пакланяецца нейкім боствам ці духам. Але будаваць на іх тэрыторыі сёння фактычна забаронена, асабліва хрысціянскія храмы. І не важна, што тэрыторыя там не прыбіралася гадамі, што “рэдкая птушка” ахвочая прайсці там цёмным вечарам, а сама тэрыторыя так ці інакш прызначаная пад забудову. Пры гэтым супраць будаўніцтва крамаў, гандлёвых цэнтраў ніхто не пратэстуе так, як супраць будаўніцтва храмаў. І не важна, якой канфесіі. Цягнецца такая барацьба не першы год.

Гэтак яшчэ ў 2013 годзе планавалася пачаць будаўніцтва на тэрыторыі зялёнай зоны па вуліцы Сталетава ў Менску першай у Беларусі армянскай царквы. Супраць выступілі мясцовыя жыхары, якія заявілі, што на гэтай на тэрыторыі яны гуляюць з дзецьмі, адпачываюць, на святы ў іх тут масавыя гулянні, а на Новы год – елка. “Нам бы лепш новыя спартыўныя аб’екты: хакейную скрынку або футбольнае поле. У ідэале – фізкультурна-аздараўленчы комплекс”, – заяўлялі яны.

Гэта значыць, што яны ў прынцыпе не супраць будаўніцтва, але толькі не царквы. У выніку ў будаўніцтве было адмоўлена. Армянам абяцалі вылучыць новы ўчастак, але мінула тры гады, а ніякага новага ўчастка супольнасць так і не атрымала. І вернікі Армянскай Апостальскай Царквы вымушаныя туліцца ў маленькім пакойчыку (які і не адшукаць), губляючы сваю нацыянальную і рэлігійную ідэнтычнасць.

Затым былі возера Балдук, Котаўка, парк Партызанскай славы ў Віцебску, цяпер на чарзе Дамброўка. Канфесіі, супраць якіх выступалі мясцовыя жыхары разам з эколагамі, былі розныя. Месцы былі розныя. І нават аргументы маглі адрознівацца. Але сэнс заўсёды адзін – будаваць храм нельга.

Я не аматар тэорый змоваў, але тэндэнцыя насцярожвае. Можна пагадзіцца, што будаўніцтва праваслаўнай царквы ў пераважна каталіцкай вёсцы – не вельмі лагічная рэч. Як і ўзвядзенне зідэалагізаванай копіі Полацкага сабора ў парку ў цэнтры Віцебска, хаця побач знаходзяцца шэсць цэркваў, манастыроў і прыходаў. Можна нават пагадзіцца, што невялікіх капліц у Зялёным Лугу і Каменнай Горцы дастаткова для мясцовых каталікоў і будаваць касцёлы там не трэба. Усё гэта можна было б зрабіць, калі б мясцовыя жыхары з эколагамі былі гатовыя да кампрамісу.

Але яны да кампрамісу не гатовыя. І праведзенае самімі ж эколагамі ў “Сяльгаспасёлку” апытанне пра гэта яскрава сведчыць – амаль траціна рэспандэнтаў увогуле супраць будаўніцтва касцёла. Ні ў “Котаўцы”, ні ў іншым месцы ў “Сяльгаспасёлку” ён ім непатрэбны. А такая траціна (дзесьці больш, дзесьці менш) ёсць у кожным горадзе і мікрараёне. І дзе б ні планавалася будаваць храм (хоць каталіцкі, хоць праваслаўны, хоць армянскі, хоць які іншы), яны будуць супраць гэтага пратэставаць.

Вядома, частка з гэтых людзей выступае супраць будаўніцтва па канфесійных прычынах, бачачы ў планаваных будаўніцтвах празелітызм “канкуруючай” Царквы. Таму супраца паміж рознымі канфесіямі і падтрымка адно аднаго магла б часткова зняць гэтае пытанне. Часткова, але не цалкам.

Тым больш, што апроч тых, хто цалкам супраць будаўніцтва, заўсёды будуць тыя, хто супраць будаўніцтва менавіта тут, ці менавіта зараз, ці менавіта такіх памераў і формы. А досвед армянскай царквы паказвае, што адмова ад ужо вылучанай пляцоўкі адцягвае ўзвядзенне храма на нявызначаны тэрмін. І ніякія довады пра тое, што гэта першы падобны храм у краіне, ці адзіны ў гэтым раёне, што яго ўзвядзенне неабходнае мясцовым вернікам, тут не дапамогуць.

Такім чынам, сёння беларускія Цэрквы сутыкнуліся з новай для сябе з’явай, калі жыхары пратэстуюць супраць храмавага будаўніцтва. І з кожным разам гэтыя пратэсты будуць толькі мацнець. Вера і рэлігія сёння не ў пашане.

Што ж застаецца рабіць Цэрквам у такіх умовах? Па-першае, перастаць кулуарна вырашаць пытанні з уладамі. Па-другое, перастаць спадзявацца, што мясцовыя жыхары з цягам часу ўсё забудуць і змірацца з пабудаваным храмам. Не забудуць, а калі што, то СМІ гіперлінкамі ім усё нагадаюць. Па-трэцяе, трэба пачаць самім ініцыяваць грамадскія слуханні па пытаннях будаўніцтва, а не спадзявацца, што “пранясе”. Па-чацвёртае, трэба прыходзіць на гэтыя слуханні і размаўляць, спрабаваць пераўпэўніць і пераканаць.

Ну і пятае. А што самі вернікі, дзеля якіх і вядзецца будоўля? Чаму маўчаць яны? Чаму іх голас не чуваць ні ў інтэрнэце, ні тым больш на слуханнях ці будаўнічых пляцоўках? Ці азначае гэта, што ім гэтае будаўніцтва не так і трэба? А калі трэба, то чаму яны не там, дзе мусяць быць? Чаму не даводзяць свае погляды на сустрэчах з апанентамі і ў каментарах СМІ, чаму не стаяць з плакатамі ў падтрымку будаўніцтва?

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі