Лідар «Румола» выявіўся сябрам антыхрысціянскай паганскай секты

Лушч
Запрашэнне ў эфір старшынём Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам Сяргея Лушча – лідара прарасійскай арганізацыі «Румол» (ад «Русь молодая») – у праграму «Клуб рэдактараў», дзе Лушч крытычна адгукнуўся аб адным з нумароў газеты «Наша Ніва», – выклікала негатыўны грамадскі рэзананс, змусіўшы выданне ўдакладніць некаторыя абставіны біяграфіі актывіста, які раней пазіцыяніраваў сябе як «волхв» неанацысцкай паганскай секты «Схорон Еж Славен».

У 2007 годзе Лушч набыў вядомасць як “волхв” секты «Схорон Еж Славен» – паганска-неанацысцка-антысеміцкай арганізацыі, якую стварыў і дагэтуль узначальвае «Народны гаспадар, жрэц усіх славянаў, вярхоўны волхв усея Русі Уладзімір Багуміл ІІ Галяк, Ярк Воўк Схорон Еж Словен Жрэцкага войска славянскага народа» (Уладзiмiр Галякоў), паведамляе “Наша Ніва”.

Лушч
Ідэалогія секты грунтуецца на «святых» кнігах, напісаных «Багумілам»: «Сонцаварот», «Трызна», «Сполах», і нясе традыцыйныя для неанацысцкіх суполак на постсавецкай прасторы ідэі аб абранасці «славянскай нацыі» і шкодніках-жыдах.

«На славянскай зямлі толькі адзін народ – славяне, астатнія – намі не забітыя», – гаворыцца ў кнізе «Размовы Духоўнага цара Усёй Русі з жыда-хазарскімі прыхвастнямі» таго ж “Багуміла”.

Удзельнікі секты пакланяюцца камяням, якія паліваюць півам ці квасам, а таксама ўтыкаюць у свае алтары халодную зброю, што сімвалізуе ахвярапрынашэнне.

Галоўны антаганіст — «Чарнабог», у самаробныя ідалы якога ўдзельнікі секты кідаюць нажы падчас абрадаў.

Удзельнікі рытуалаў называюць сябе «славенамі» ад слоў «слава» і «вена»: маўляў, у іхніх венах цячэ кроў слаўных славянаў.

Сваёй мэтай цэнтральная рада «Схорон Еж Славена» называе ўз’яднанне «падзеленых славянскіх плямёнаў» і захоп улады, дакладней, «мірны пераход улады ад неславянскага кіравання ў нашыя законныя і прагныя да ўлады рукі. Улада дасць нам костку, мяса, тлушч і магчымасці».

Адэпты секты «Багуміла» таксама выступаюць супраць «дзясяткаў стагоддзяў юда-хрысціянскай акупацыі».

Імя Лушча ў секце – «волхв Вечаслаў». Каб «рукапакласціся» ў «валхва» «святога войска славенскага», Лушчу трэба было паехаць у Расію да «Багуміла» і прайсці навучанне.

«Румол» перыядычна ладзіць супольныя мерапрыемствы з структурамі Праваслаўнай царквы, шчыльные адносіны меліся ў арганізацыі з арыштаваным нядаўна за захоўванне баепрыпасаў праваслаўным святаром з Мінска Канстанцінам Бурыкіным, у хаце якога пасля арышту выявілася люстра са свастыкай, а сам святар мае на сабе некалькі нацысцкіх татуіровак. Гэты святар рэгулярна дазваляў “Румолу”трэніравацца ў прыходскім спартовым цэнтры.

33-гадовы Лушч называем сябе рускім, які жыве ў Беларусі, і выступае за еднасць славянаў і ідэалы «рускага свету», ён – «намеснік старшыні кардынацыйнай рады кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў у Рэспубліцы Беларусь».

Яго арганізацыя «Румол» актыўна займаецца раздачай георгіеўскіх стужак, ладзіць семінары-дыялогі «расійскіх суайчыннікаў». Менавіта “Румол” арганізаваў прыезд у Мінск прапагандыста “рускага свету” Мікалая Старыкава.

Мэта Лушча – стварэнне «безбар’ернай рускамоўнай прасторы». «Румол» ён стварыў на пачатку 2000-х на базе Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Русь» “у якасці моладзевага крыла”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі