Астаповіч: Будзем дамагацца грамадскага абмеркавання не толькі экалагічнай часткі, а ўсяго праекта пабудовы БПЦ на месцы гістарычных будынкаў

Астаповіч

«Давайце па зносе не гвалт крычаць, а працаваць метадычна будзем», – кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, які ўпэўнены, што ініцыятыву зносу гістарычных забудоваў па мінскай вул. Вызвалення, на месцы якіх запланаваная пабудова адміністрацыйнага комплеска Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, можна спыніць.

На думку Астаповіча, час да 28 снежня, адведзены уладамі Цэнтральнага раёна на грамадскае абмеркаванне  магчымасці зносу і забудовы, трэба выкарыстаць, каб перагледзець заканадаўчае абгрунтаванне будоўлі.

“Вызваленне, 6 захавала статус помніка, Вызваленне 6-а было пазбаўленае статусу ў 2013-м ці 2014-м годзе, дзякуючы поўнай прафесійнай амаральнасці навуковага кіраўніка гістарычнага цэнтра Мінска Багласава, які сфальсіфікаваў матэрыялы на гэты будынак па замове РПЦ, каб даказаць навукова-метадычнай радзе, што будынак не тое што нічога не варты, а нават што ён пабудаваны пасля вайны”, – нагадвае Астаповіч, дадаючы, што крокі па абвяржэнні фальсіфікацыі прымаліся, але міністэрства, “каб захаваць гонар мундзіра, правялі гэтае рашэнне пастановай Саўміна”.

“На дадзены момант праводзіцца грамадскае абмеркаванне не праекта, а справаздачы АЎНА па аб’екту (Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе), гэта толькі экалагічная частка ў складзе праекта. На перспектыву мы будзем дамагацца выстаўленне на грамадскае абмеркаванне і самаго архітэктурнага праекта”, – тлумачыць Астаповіч у сваім акаўнце ў фэйсбуку.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў інфармуе, што ўжо пачалася праца па арганізацыі пасяджэння грамадскай назіральнай камісіі пры Мінкульце па ахове спадчыны, будзе аналізавацца праектная дакументацыя на адпаведнасць рэгламентам ПДП , заканадаўства, праектным нарматывам.

“Трэба вельмі ўважліва прааналізаваць праект, бо можа здарыцца, што атрымаецца як на Зыбіцкай, ні планіроўка, ні марфалогія, ні вышыня, – нічога адпавядаць не будзе аніякім крытэрыям, – ні заканадаўству, ні нарматывам, ні ПДП, ні здароваму сэнсу”, – тлумачыць Астаповіч, падкрэсліваючы, што “працаваць не супраць аб’екта, а за яго прывядзенне ў адэкват, –  справа вельмі няпростая, гэта вам не спіленыя дрэвы ў чырвоны колер замалёўваць”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі